Выбрать главу
3
Каго спытаць?.. Няма ў каго спытацца. Свет не назваць і ў свеце не назвацца, Не знаць таго, што ведае дзіця, Ці той, каму ў сладобу смак жыцця, Хто час яго прыняў, як час вакацый.
Не мець таго, што ёсць у выпівох, У тых гуляк, якія ўдвох і ўтрох, I ўсаракох, як фэст, жыццё гуляюць, Жывуць яго, жуюць і прапіваюць, I не чакаюць, каб ім Бог памог.
У іх хаўрусе я 6 любіў любога, Калі 6 не тыя, што паўсталі строга I ценямі напоўнілі мой дом... - Ты хто? - спытаўся я ў Саракавога. - Я проста Голас, - ён сказаў. - Фантом.
4
Наперадзе і ззаду - цені, цені 3 усіх бакоў - цямрэча і агонь. I ўпаў перад агнём я на калені, I ў цемры перакідваць стаў імгненні Іскрынкамі з далоні на далонь.
Іскрынку кінуў - першы крок зрабіў, Спалохаўся: іду!.. I з перапуду Успомніў тое, што даўно забыў: Што ўсё адно мне, кім раней я быў, I ўсё адно мне, кім я потым буду.
Хто зараз я, цяпер, у гэты міг? - Вось што мяне і мучыла, і мучыць... Каб сам сябе я ў гэты міг лятучы Спасціг, калі душа - мой зрок і слых - Мяне з жыццём злучае неўміруча!
Каб сам сябе спазнаў: на рубяжы, На гэтым зломе часу - на мяжы, Дзе слаў снапы, а змалаціў салому!..
Ды ўсім былым імгненням я чужы, I ў іх - былых - чужы сабе самому. I будучым імгненням я не свой. Якая адзінота, Божа мой!
5
Якая адзінота, Божа мой, Па лініі ідзе берагавой, Кіруючыся зменлівым абрысам, Спыняецца, стаіць пад кіпарысам I кідае каменьчыкі ў прыбой.
Яна сябе адну аберагае Адна, а як наблізіцца другая, Дык за вярсту другую абміне... Каменьчык кіне - хваля набягае, Каменьчык кіне - хваля адхлыне.
Віна на дне суціхла, адзыбела, I не згадаць, з чаго душа збалела,- Так... нешта мімалётнае... капрыз… Аточаны ажурнай пенай бераг. Гайдаецца на хвалі ветразь белы. Хістаецца на ветры кіпарыс.
6
Усе адны. Хоць кожнага вяжы Да кожнага. Вузлы не рвуцца самі, А рэжуцца аб лёзы, аб нажы. У адзіноце кожны ўсім чужы. Мы звязаны хіба што галасамі.
Падай мне голас праз Сусвет пусты! Галоднаму гукніся з нематы, Няхай на мне жабрацкая кароста - Не падавай мне міласціну, проста Спытайся, хто я, і скажы, хто ты.
Між намі голас - нітка залатая, Яна да суравой не прырастае, Ніяк канцы з канцамі не звяжу: Як ты гукнешся - што я запытаю Як запытаеш - што я адкажу?
7
Хто мы ў Сусвеце?.. Голас, адкажы I падкажы, у чым шукаць апоры, Не пакідай на зменлівай мяжы Між берагам, дзе кожны ўсім чужы, I морам з белым ветразем у моры.
Хто ў Вечнасці мы?.. Голас, адкажы!.. Няма адказу. Немата. Аковы. I лёс - матацыкліст на віражы, Вар'ят, што замыкае круг чарговы... Так круцяцца: планеты, зоры, словы...
Ніхто не новы: ні суддзя, ні кат. Ідзе спектакль. Акцёры ўсе на сцэне. Вось Юда... і Каяфа... і Пілат - Усе сышліся ў Гефсіманскі сад: Там хлопчык той, што знойдзены на сене.
8
Дык як на вечнай сцэне быць сабой, Не слыць, а жыць, не рынуцца ў разбой, У гвалт, у закулісныя аферы?..
Віноўны, я шукаў апоры ў горы, Ракло мне гора: "Кіньма гараваць", - I валакло катурны і падпоры, Змушаючы шчасліўчыка іграць.
Апора ў шчасці? Я шукаў і там, Рукамі і зубамі - не аддам! - Трымаўся за яго... "Шчаслівых мала, Ты мой абраннік", - шчасце мне ўнушала, Ламала рукі, зубы выбівала У бойках між абранымі... Я сам Зарокся быць шчаслівым. Страшна стала.
Шукаў апоры і ў каханні я. Сагрэўшыся, як на грудзях змяя, Шаптала мне каханне: "Мой абраны..." I рэўнасцю атручвала, і раны, Калі загоіць нехта - дык зямля.