Выбрать главу
Гэта жыццё - быццам жыць я не ўмею: Злое, крывое. Разбагацею - куплю ў Аляксея Зімовыя мроі. Іх пасялю я не ў хату, не ў клець - У прасторную пушчу, Каб неспатольна і вольна глядзець На саснёную птушку...
...Перад вачыма - хоць акасей! - Крамы, праграмы.
Жах, як крычыць твая птушка, Ляксей! Б'ецца аб рамы.
ПРАЗ КАЛІНУ
Кіну ўсё, чаго дасюль не кінуў, Пакладу стамлёна галаву На даспелую траву Пад чырвоную каліну. На нябёсы вольныя, на хмары Праз пажар калінавы зірну I пад ім засну 3 мараю аб тым, пра што не марыў.
ЗНІЧКА
Ля самай скроні свету Слізне і прападзе. Ні водгуку, ні следу Нідзе, нідзе, нідзе.
А свет сабе гудзе, Як перад святам пошта. Слізне - і прападзе. Адкуль? Куды? Навошта?
Праз ніцы вербалоз - Сцяжына ў вольным полі. Адно і ёсць - што лёс. ...А што бывае болей?
ЗМЕІ
Лёс як лёс: з двух бакоў - пустата. Век да веку - мастом да маста, I чытаецца драма з ліста, Не дабрэе жыццё і не злее...
Бог з машыны. Маліна з куста. I ў малінніку любяцца змеі.
КОСЦЬ
А што твой лёс? Змаганне з Богам? Сабаку кінутая косць? Недасягальнасць перамогі - Усё, што ў гэтым лёсе ёсць.
САМАЭПІТАФІЯ
Памёр, каб не стамляць нікога: Ні Бога, ні людзей і ні сябе самога.

Паэма

1
Зноў вецер на ўзлеску агнём залатым Асіну палошча. За ветрам за тым і за ўзлескам за тым Ёсць возера Прошча.
На возеры тым, на блакітнай вадзе Бялеюць лілеі. Душа мая там, як на Боскім судзе, Баліць і святлее.
Яе тое возера ў воды свае Празрыста ўлюбіла. Да дна таго возера не дастае Нячыстая сіла.
Святлее ў тым возеры храм на гары Званіцай высокай, I спіць на званіцы званар да пары
Глыбока, Глыбока.
У белых лілеях яму так даўно, Так соладка спіцца, Што снамі ягонымі ўсыпана дно Да самай званіцы.
Усмешка блукае ў яго на губах, Як ветрык на ўзлеску... Стаіць нерухома вада ў берагах - Ні хвалі, ні ўсплёску.
Дрымотна сваім і чужым берагам - Ні ўсплёску, ні хвалі, Нібы не схавалі ў тым возеры храм, Нібы пахавалі.
Вякамі сплываюць над возерам тым Лілеі аблокаў - Над храмам, над крыжам яго залатым, Званіцай высокай.
2
Ен жыў на званіцы, бязногі званар На храмавай вежы. Сачыў з-пад нябес, дзе патоп, дзе пажар, Дзе вораг на межах.
Прыкуты да звону, да лёсу свайго, Глядзеў на абшары, I цёмныя хмары плылі да яго, I светлыя хмары.
Пад храмам люстэркам ляжала вада, Лілеі люляла, I ў тое люстэрка цягнула нуда - Аж вочы смактала.
На раме люстэрка шумелі лясы, Палі красавалі, I рыкі звяроў, і людзей галасы На вежу ўзляталі.
Адтуль, дзе спрадвек майстравалі яны Калыскі і труны, 3 ядой і вадой падымала збаны Вар'ятка Матруна.
Яна на калені ставала ў куце На звон памаліцца - I ўсё мармытала: "На згубу расце Краса-Мілавіца".
Кавалак у горла не лез званару, Як, слінячы губы, Шаптала вар'ятка: "Атруты збяру На згубу, на згубу..."
Так дні праміналі, вятрамі гады Хісталі званіцу... Нявестаю князь, уладар малады, Абраў Мілавіцу.
"Красу-Мілавіцу, дачку каваля?! Ой, княжа! Ой, смелы!.." I ўздрыгнула пад капытамі зямля Суседніх удзелаў.