Выбрать главу
"Вяшчунна мне снілася кроў на мячы",- Князь думаў у спудзе. Дарадца на вуха: "Не бойся. Маўчы. Нічога не будзе".
А слова крывёй набракала, як клоп: "Атрута... Атрута..." "Матруна",- дарадца шапнуў, і натоўп Ускрыкнуў: "Матруна!"
5
На межах князёвых стаяла вайна. Расправа блукала. Пра гэта не знала Матруна - яна Нічога не знала.
Але за пагібель нявесты-красы, На радасць народу, Яе за сівыя цяглі валасы Пад меч, на калоду.
Цар-птушка ляцела. Цар-рыба плыла. "Я не вінавата, Я зелле зварыла, я зёлкі дала",- Крычала вар'ятка.
Дарадца на плошчу прывёў каваля: "Вось меч табе катаў. Ты б княжыча няньчыў, садзіў на каня. Суцешся адплатай".
Пазногцем спрабуючы вострую сталь, Гаротны, суровы, Каваль адказаў: "Не на тое каваль, Каб секчы галовы.
Бог даў Мілавіцу і ўзяў яе Бог, Куды - не дазнацца..." "Як скончыцца ўсё, дык адразу ў астрог", - Падумаў дарадца.
I крыкнуў: "Даказана ведзьмы віна! Гэй, варта! Гэй, каты!" I ўпаў з неба голас: "Мана! Не яна, А князь вінаваты!
Не ўзяў Мілавіцу, каб Бог яе ўзяў, Каб плакаў убогі!.." Каваль перад князем і шапку не зняў, I плюнуў пад ногі.
"Бунт? " - крыкнуў дарадца, і выбухнуў бунт! 3 вачамі сляпымі, Як смерч, ён круціўся, вяршыў самасуд Усіх над усімі.
Вар'ятка Матруна, сівая сава, Крычала: "Свабода!.." Кацілася за галавой галава 3 крывавай калоды.
Ад бунту сп'янелыя, як ад віна, Гулялі халопы,- I рушыла ў межы князёвы вайна Пажарам, патопам.
Спяшаліся князя князі ратаваць, Палілі, тапілі, На бунт насылалі за рацямі раць, Мячы ўсе ступілі.
6
Званар галадаў. Яго смага гняла. I ў сне ці ў прыпадку, 3 крывёй на званіцу збаны падала Матруна, вар'ятка.
"Ты што гэта, - сцяўся званар, - ты чаго?" "За мой паратунак Ты голас падаў - гэта рэха яго", - Сказала Матруна.
На белай званіцы сядзелі яны Над чорнай зямлёю, I зняў ён званы, і падвесіў збаны 3 людскою крывёю.
Унізе люцела, свістала, гула Нячыстая сіла, I кроў закіпела, бы ў пекле смала, I ўсё затапіла.
Яна разлілася ў лясы і палі Праз межы, граніцы, I, як да каўчэга, ляцелі, плылі Звяры да званіцы.
А стуль, дзе нячыстая сіла жыла, Люцела ў народзе, 3 крывавым усхліпам калода ўсплыла - I меч на калодзе.
7
Раіліся зоры, як іскры ў кастры, I храм засыпалі. Званар і вар'ятка, як брат пры сястры, Абняўшыся, спалі.
Хай спяць, забываюць, хто свой, хто чужы Быў некалі з імі, I ластаўка ім, і каршун на крыжы Хай стануць сваімі.
Хай сняцца ім спевы знямелых званоў I ластаўка сніцца, Што ў спевах званоў абярнулася зноў Красой-Мілавіцай.
Каршун, страпянуўшыся неба абняць, Пазнаў яе раптам... Ім гэтак не спаць, як, абняўшыся, спяць Званар і вар'ятка.
Краса ім лілеямі пальцы спляла I побач заснула, I белай лілеяй званіца плыла, I ў Прошчы танула.
Князёва душа, што жыла ў каршуне, Над Прошчай кружыла, Крычала, нібыта згубіла на дне Усё, што любіла.
8
Пазбыўшы нябыт, ты з'явіўся на свет, Каб свету здзівіцца. Калі ты званар ці калі ты паэт, Жыві на званіцы.
Няхай на зямлі хоць патоп, хоць пажар, Хоць ліха ды войны, Калі ты паэт ці калі ты званар, Ты лішні, ты вольны.
Няма ў цябе тут ні сяброў, ні радні, Няма і не трэба. Усё тваё там, дзе сляпыя агні Халоднага неба.
Усё тваё там, тут нічога твайго, Ты сведкаю толькі Нябытнасці свету, вар'яцтвам яго Ад бойкі да бойкі.