Выбрать главу
Яшчэ не ў апёк дакрананне да болю, I лёгка наш лёс вызначаецца тым, Чаго перад чым назбіраецца болей: Пабегам адным ці вяртаннем адным.
***
Ветраны ранак апошняга дня лістапада. Першыя подыхі неасмялелай зімы. Далеч наперадзе... Сцены і лесвіцы ззаду. Не азірайся, каханая: гэта не мы!
Гэта не нас даганяе па лесвіцах здрада, Гэта не мы сярод сцен, як з нямою нямы, Гэта не з намі нянавісць засела ў засаду, - Ты не палохайся, любая: гэта не мы...
Гэта ў пару, калі мёдам набраліся соты, Згаслі маланкі, бязладна грамы адгулі, Раптам над ранкам, над ветрам, над снегам з лістотай Прывіды нашы, спалохаўшы нас, праплылі.
***
Неба застаўлена пасткамі, Глянеш - і цягне ў нябыт... Што ты згубіла ў ім, ластаўка, Бліскаўка, метэарыт?
Там, пад сінечаю цупкаю, Зор захінаючы раць, Воблакі, сшытыя дзюбкаю, У бліскавіцах гараць.
Што ты шукаеш там, мілая? Там без цябе ўсё было, Швейка мая хуткакрылая - Спаленае крыло.
***
Глухі завулак. Вецер. Ноч. Расстанне. Я затулюся, падыму каўнер I ўспомню мімалётнае каханне, Як паляванне ўспамінае звер.
Імя згадаю. Плечы. Вусны. Вочы. Было ж яно! Ну як я мог забыць! I цень ягоны над прадоннем ночы, Нібы анёл ружовы праляціць.
У цені тым, знікаюча-імклівым, Што ледзьве ўзняў - і абламаў крыло, Хоць міг адзін я пражыву шчаслівым... Як звер, што п'е ружовае святло.
***
У Баранавічах снег. Праз дарогу - змеі: Нізкі, роўны, доўгі бег Белае завеі.
Анікога тут няма 3 тых, хто быў бы любы. Ды забытае імя Вышапталі губы.
I забыты твар узнік Прывідна - да рання У акно глядзеў двайнік Юнага кахання.
Там яно - на тым баку Змушанай разлукі На расстайным скразняку Прасцірала рукі.
Там пытала - з нематы, 3 даўніны, з нябыту: "Да каго вярнуўся ты, Калі ўсё забыта?".
"Да цябе",- азваўся я Так, каб не пачула Не чужая, не свая, Што са мной заснула.
***
Твае вочы, як вокны бальніцы. Колькі боляў за імі, мой Бог! Нас ад волі ніхто не ўсцярог - I на ростані нашых дарог Б'юць і б'юць след у след бліскавіцы.
Ла слядах даганяюць грамы. Невылечны, як глуханямы, Наш сусвет, дзе аслепла надзея. Мы казалі, а чулі не мы. О, кахання астрог!..
Кожны дзень я Вырываўся з цябе, як з турмы.
I з астрожным кляймом на ілбе Я шукаў сабе волі ў гульбе, У абдымках спустошанай стомы I чужы, сам сабе не знаёмы, Я штоночы вяртаўся ў цябе, Як вяртаецца магма ў разломы.
I застацца не мог... Бачыць Бог, Гэта ўсё, што я здолеў і змог. Як бальніца, глядзіш ты начамі. А на ростані нашых дарог Бліскавіцы малоцяць цапамі Тыя ружы, якія снапамі Да тваіх панакіданы ног.
СВЕЧКА
Вiльготныя зрэнкі начы - На сподку пад свечкай парэчкі і слівы.
Маглі вы, Сюды ідучы, Прадбачыць, якім будзе ранак?
3 усіх калыханак Я выбраў такую, што нельга заснуць. Снуюць За вокнамі цені, нібы вартавыя.
Мы з вамі - не тыя. Абняўшы калені, Задзьмулі вы свечку, Каб зманныя словы пачуць.