Выбрать главу
***
Заплакаць мне па той вясне? Як соладка... так горка... Там з ночы ў ноч скакала ў сне Агнём па залатой сасне Чырвоная вавёрка.
Адзін адну гукну вясну - Ні голасу... ні рэха... Прачнуся плакаць, зноў засну, I мне вавёрка сніць сасну У залатых арэхах.
***
Бронь Божа мне ўспомніць пра тое, аб чым ты забылася, Што з пылу ляпілася, а паўставала сцяной. Як ты стамілася, любая, як ты стамілася Побач са мной!
I тая птушынка, што ў вокны азяблыя білася, Таксама стамілася грэць невідушчае шкло. Колькі было ўсяго, любая!.. Пералюбілася - Як не было.
I тая травінка, што ў сне да мяне прытулілася, Таксама травою стамілася быць у траве, Ды ўсё так сплялося, звязалася, перакруцілася - Бог разарве.
СЛІВА
Сiнечаю свяціла сліва, Гулі між намі скразнякі, I ты глядзела з-пад рукі Няўцямна, мройна, палахліва У далячынь, дзе небасхіл 3 зямлёй зліваецца шчасліва, Адкуль да нас дабегла сліва Задыхана, з апошніх сіл...
- 3 апошніх сіл цябе кахаю I з ночы ў ноч, і дзень пры дні 3 апошніх сіл да небакраю Кідаю сінія агні...
На тую сліву цемра легла! На камень, у пясок - куды Пападалі яе плады, Пакуль да нас яна дабегла?..
***
Тая, што днем i уначы Побач за лёкая, Блізкая спіць на плячы - Сніцца далёкая.
Соладка сон прытулю, Колькі ў ім горычы, Як яму горача - Каля агню матылю.
***
У нашых снах было каму прысніцца.
Перад тваім партрэтам на стале Дыміцца цыгарэта ў папяльніцы, I кава ў філіжанцы астые.
Сто сноў яшчэ да несаснёнай страты, А ўжо ў адхіст, як травы ад касы, Зламаны жэст, якім бакал падняты, I рух, што папраўляе валасы.
Нібы па ветры мроіва сняжынак - Усё ў адхіст!.. Нічога не ўтрымаць.
Застацца жыць. Глядзець на фотаздымак. Паліць цыгарку. Каву дапіваць.
***
На сёння завершаны спевы - На вечар. На золак. Даўно Дрымотна ўзіраюцца дрэвы - Сляпыя ў сляпое акно.
Глухія ў глухое - у сцены, У краты мы ўперліся, нам Адсніліся ўсе перамены, Як птушкі зімовым лясам.
Мы самі сваё прадказалі. Блукалі - кругамі сляды На дэкарацыйным вакзале. Адсюль не ідуць паязды.
Сюды не прыходзяць. Валодаць Нямашака чым, акрамя Чужога. Чужое - Валодзя - Гукаецца ў далях імя:
"Валодзя ты, Валодзенька, Хадзі ка мне зімой, Кахай, пакуль малодзенька, Харошы, мілы мой".
***
Адхiнецца вада ад зямлі - Да агню прыхінецца. Аблачынкаю стане, Растане... Вось - каханне. Гэты шлях мы з табою прайшлі.
***
Вечар у ветраным Віцебску - Ды не падмануць цябе Слёзы, што вецер мне выціснуў У развітальнай журбе.
Я з тваіх рук вырываюся, Як крыгалом па Дзвіне! Роспач, якой захлынаюся, Ды не падмане мяне.
Хай мы ўдваіх не падманемся Мройным імгненнем адным, Ценем, з якім абдымаемся I застаёмся ў якім.
Мы застаёмся ў ім, скрушныя, 3 тым, што прыснілася нам, 3 горадам, з храмам парушаным, 3 небам, што ўпала на храм.
Божа! Малюся ды каюся: Перад Тваім алтаром 3 рук Тваіх я вырываюся, Як па Дзвіне крыгалом!
3 ёй застаюся, знікаючы Зманлівым ценем начным, Роспачных слёз не хаваючы, Слёз невядома па чым.