Выбрать главу
СТАЎ
Басанож прайду па пожні Да мяжы, дзе цёмны стаў... Так настане дзень апошні, Як і кожны наставаў.
I ў замежнай той старонцы, Дзе я страчу ўсё і ўсіх, Не заплачу я па жонцы, Па каханках па сваіх.
А па кім жа я заплачу На мяжы, дзе цёмны стаў? А па Той, якой не бачыў, Той, што ў свеце не застаў.
Па адной нецалаванай, Той, якой не цалаваць, Па адзінай, неспатканай, Той, што Бог не даў спаткаць.  

Паэма

1
У сны ўвайшлi твае сланы. Ступалi за сланамi сны I не належалi мне болей.
Іх сніў не ў сутарэннях болю, А ў храме радасці манах.
Я з босых ног ягоных прах, Схіліўшыся, сабраў рукамі, I прахам асвянціў чало...
I, паўшы ніц, спытаўся: - Свамі,* Скажы мне: што са мной было? * Свамі - святы.
2
- У сны твае ўвайшлі сланы, - Сказаў манах. - Але яны Сваім ісці павінны шляхам.
Чало, што асвянціў ты прахам, Вадой асвенчана святой.
Шлях з веры ў веру - шлях не твой.
3 "Чаму?" - спытаўся я не ўслых.
Не ўголас ён сказаў: "Ты з тых, Чый шлях - зваротны. Да чужых Святых ты рушыў са сваімі".
"Святыя могуць быць чужымі?" - Здзівіўся я.
Нібыта ў шкло Задымленае, глянуў Свамі, I дым шкляны праплыў між намі, Пусты, як тое, што прайшло.
4
- Устань, - сказаў манах. - Ты ніц Дарэмна падаеш, прыкуты Да саркафагаў і грабніц Англійскіх могілак Калькуты.
Ты ў Індыі, - казаў мне Свамі, - Але дарма марнуеш дні, Упёршы вочы ў камяні. Пустыя сны пад камянямі.
Усе, хто зараз сніць іх тут, Дарма прайшлі свой шлях пакут, Канаючы ад малярыі.
- Не, - я сказаў. - Бо тут Марыя.
- Ты знаў яе? - спытаў манах.
5 Гаруда, белы Божы птах Ляцеў - далёка ад Калькуты, I двух аблокаў парашуты Нёс тым, хто страціўся ў гарах.
- Марыя, нам уніз пара, - Прасіў я, змучаны гарамі.
"Ты знаў яе?" - пытаўся Свамі.
6
Мандара, Божая гара Вяршыняй падпірала неба.
"Знямогшы без вады і хлеба, Аслепшы без павадыра, Зблукаўшы шлях - з якой пары я I для чаго я тут, Марыя?"
- На тое, каб адолець шлях.
7
"Ты знаў яе!" - сказаў манах, Падаў задымленае шкло, I, як пры сонечным зацьменні, Я ў шкло зірнуў...
Мільгалі цені, Глядзеў я, што са мной было.
8
Увесь у жоўта-залатым Стаяў манах на небасхіле, Упэўнены ў спрадвечнай сіле Таго, што свет заве пустым.
- Тут выйсце ў неба, - мовіў ён. - Пераступаю я закон, Наблізіўшы да зор жанчыну. Ды шлях адолены. Прычыны Для апраўдання мне стае, Каб паказаць дарогу тую, Дзе Веду зведаеш святую, Марыя! Зоры ўсе - твае...
I ён накінуў на яе Апратку жоўта-залатую.
9
- А хто за мной? - Няма каму. - А спадарожнік мой? - Ён следу Твайго не ўбачыць, бо яму Час не настаў спасцігнуць Веду.
Ён вернецца. А ты - ідзі.
10
- Ты судзіш, Свамі? Не судзі, Я знаў яе, таго даволі.
Глядзі, як шкло іскрыць на сколе, Ды што ў тых іскрах для сляпца?
Зваротны шлях - сляпы. Ніколі Яго не пройдзеш да канца.
Па ім вяртаешся ні з кім.
11
Плыў над зваротным шляхам дым Ад Індыі да Беларусі...