Уладзімір Садоўскі
Проста фантастыка
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.
Электронная кніга падрыхтавана па выданні:
Садоўскі, Ул.
Проста фантастыка / Уладзімір Садоўскі. — Мінск : ІП А.М. Янушкевіч, 2018. — Электрон. тэкст. дан. (0,25 Мб). — Лічбавае электрон. выд. — Загал. з тытул. экрана.
ISBN 978-985-7165-86-5
У зборнік «Проста фантастыка» уключаны апавяданні, напісаныя Уладзімірам Садоўскім у перыяд 2008-2018 гадоў. Скразная тэма зборніка — фантастыка ва ўсіх яе праявах: ад касмічных палётаў да альтэрнатыўных сусветаў. Нон-фікшэну тут не месца!
Тэксты падаюцца ў аўтарскай рэдакцыі.
© Садоўскі, Ул., 2018
© Афармленне і распаўсюджванне e-book.
ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Залежнасць
— Ці дзейнічае ваша праграма на людзей згубна? Ці можа чалавек наогул памерці падчас сеансу? Хіба тое, што дзеецца з чалавекам у віртуальнасці, не адлюстроўваецца на яго арганізме ў рэальным свеце, як гэта любяць паказваць у фантастычных фільмах?
— На ўсе пытанні адзіны адказ: безумоўна, не! У вас састарэлае ўяўленне аб віртуальнай рэальнасці. У працэсе ўспрымання віртуальнасці ўдзельнічае толькі мозг. Інфармацыя падаецца толькі на зоны мозгу, якія ўспрымаюць пачуцці, абмінаючы зоны, што перадаюць гэтыя пачуцці на цела. Так што нават калі чалавек атрымлівае калецтва ў віртуальнасці, то ў рэальнасці яго арганізм застаецца непашкоджаным. Тое ж самае можна сказаць і пра смерць. Ды і наогул за бяспеку можаце не турбавацца. У нашым мінскім філіяле выкарыстоўваецца самае найноўшае абсталяванне, такое ж, як у Амерыцы ці Кітаі. І да таго ж для ўваходу ў нашу віртуальнасць не трэба свідраваць дзірку на патыліцы.
— Ха, я зразумеў ваш жарт пра дзірку у галаве. «Матрыца», я памятаю такі фільм. Сябры, нагадваю, што перада мной сядзіць дырэктар мінскага прадстаўніцтва фірмы «Watch», вядучага распрацоўніка і распаўсюдніка віртуальных атракцыёнаў.
Сяргей, пазяхаючы, увайшоў на кухню і кінуў позірк на экран тэлевізара, убудаванага ў сцяну над сталом. У эфіры ішла перадача «Добрай раніцы, Мінск». На экране малады вядучы пра нешта распытваў бізнэсоўца ў стылёвым гарнітуры.
Сяргей паставіў пакет з ежай у мікрахвалёўку і міжволі прыслухаўся да іх размовы:
— Зараз навінкай сезону і сусветным хітом з’яўляецца праграма віртуальнай смерці, распрацаваная вашай кампаніяй. Раскажыце, калі ласка, пра яе падрабязней.
— Вядома, вядома. Адразу прадбачу наступныя пытанні, і магу з упэўненасцю сказаць, што яна цалкам бясшкодная для чалавека. Тэставанне не выявіла ніякіх адмоўных адхіленняў у падыспытных. Праграма паспяхова выкарыстоўваецца ўжо амаль год. Ніводнага адмоўнага інцыдэнту за гэты час не адбылося.
— Зразумела.
Печка падала сігнал гатоўнасці. Сяргей дастаў свой сняданак, прысеў за стол і пачаў есці, гледзячы адным вокам у талерку, а іншым у тэлевізар. Прадстаўнік фірмы «Watch» працягваў сваю прамову:
— Слоганам нашай рэкламнай кампаніі ёсць выраз: «Перажыві тое, што яшчэ ніхто не перажываў!» Я вось, напрыклад, цалкам з ім згодны. Такую паўнату пачуццяў і вастрыню адчуванняў, якую забяспечвае наша праграма, можна атрымаць хіба што пры рэальнай сваёй смерці, ды і тое не ад усякай. Але ж вы не будзеце чакаць гэтага ўсё сваё жыццё?
— Так, вядома.
— Таму прыходзьце да нас і атрымаеце ўсё ў найлепшым выглядзе. І не забудзьцеся, сёння першы дзень запуску праграмы віртуальнай смерці і таму ўсім наведвальнікам будзе зніжка 50%, а кожны дзясяты можа прайсці сеанс бясплатна.
Бізнесовец так пільна паглядзеў у камеру, што Сяргею падалося, што дырэктар «Watch» глядзіць прама яму ў вочы. Рука з лыжкай замерла на паўдарозе ад талеркі да рота.
— Вядома. Гэта важна, — голас вядучага вывеў Сяргея са здранцвення, — Надышоў час развітвацца. Дзякуй вам за цікавую гутарку. Да пабачэння. Нагадаю вам, дарагія тэлегледачы, што з намі быў дырэктар мінскага філіяла фірмы «Watch». А цяпер пра тое, што вас чакае ў працягу нашай праграмы.
Сяргей акурат разабраўся з рэштай сняданку і пачаў збірацца да выхаду. Накінуў куртку, захапіў заплечнік і хуткім крокам выйшаў на лесвічную пляцоўку. Ліфт чакаць было доўга і Сяргей пачаў спускацца ўніз пехам. Ён па звычцы не зачыніў дзверы і хатняя праграма замкнула выхад самастойна, як толькі гаспадар аддаліўся ад кватэры на некалькі дзясяткаў метраў. Разам з тым выключыўся тэлевізар, пагасла святло на кухні і ў пакоі, а з-пад ложка выехаў робат-пыласос і прыняўся за працу.