Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы
Альбэр Камю.
Калігула
АСОБЫ
Калігула.
Цэзонія.
Гелікон.
Сцыпіён.
Хэрэя.
Сэнект, Стары патрыцый.
Метэл, патрыцый.
Лепід, патрыцый.
Актавій, патрыцый.
Патрыкій, Распарадчык.
Мерэя. Муцый.
Першы вартаўнік.
Другі вартаўнік.
Першы прыслужнік.
Другі прыслужнік.
Трэці прыслужнік.
Муцыева жонка.
Першы паэт.
Другі паэт.
Трэці паэт.
Чацвёрты паэт.
Пяты паэт.
Шосты паэт.
Першая, трэцяя і чацвёртая дзеі адбываюцца ў палацы ў Калігулы, другая — у доме ў Хэрэі.
Паміж першай і наступнымі дзеямі мінае тры гады.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Сцэна I
Патрыцыі, адзін — вельмі сталага веку, таўкуцца ў палацавай зале. Мяркуючы па іх паводзінах, яны нечым яўна ўсхваляваныя.
Першы патрыцый. Па-ранейшаму, ніякіх навін.
Стары патрыцый. Ні раніцай, ні ўвечары — нічога.
Другі патрыцый. Тры дні ўжо ніякае звесткі.
Стары патрыцый. Пасыльныя бягуць, прыбягаюць. I ўсе толькі трасуць галавой ды адказваюць: «Нічога».
Другі патрыцый. Усё наваколле аблазілі, нічога ўжо болей не зробіш.
Першы патрыцый. Навошта загадзя хвалявацца? Пачакайма. Можа, як знік, так і вернецца.
Стары патрыцый. Я бачыў, як ён выходзіў з палаца. У яго былі нейкія дзіўныя вочы.
Першы патрыцый. Я таксама яго тады бачыў. Я нават спытаў, што з ім такое.
Другі патрыцый. I што ён сказаў?
Першы патрыцый. Усяго адно слова: «Нічога».
Паўза. Уваходзіць Гелікон, жуючы цыбуліну.
Другі патрыцый (гэтак жа знервавана). Усё гэта вельмі трывожна.
Першы патрыцый. Ды ну, у маладосці ўсе такія.
Стары патрыцый. Слушна, з гадамі гэта праходзіць.
Другі патрыцый. Вы мяркуеце?
Першы патрыцый. Пажадаем, каб ён як мага хутчэй забыў.
Стары патрыцый. Безумоўна. Адну страціў, знойдзе дзесяць новых.
Гелікон. А з чаго гэта вы ўзялі, што рэч у каханні?
Першы патрыцый. Аў чым жа яшчэ?
Гелікон. Можа, занядужылася чалавеку. Ці проста — абрыдла на вас глядзець кожны дзень. Наколькі лягчэй было б трываць тых, хто цябе атачае, каб яны хоць калі-нікалі маглі мяняць выраз на сваіх пысах. Але ж не — меню заўсёды нязменнае. Увесь час аднолькавая размазня.
Стары патрыцый. А па-мойму, усё-ткі лепш, каб усё гэта ў яго было праз каханне. Гэта больш рамантычна.
Гелікон. I болей супакаяльна, што немалаважна, намнога болей супакаяльна. Бо каханне — гэта такая хвароба, ад якой не ўратуецца ні разумнік, ні дурань.
Першы патрыцый. Як бы там ні было, смутак, на шчасце, не вечны. Ну вось вы, ці маглі б вы пакутаваць болей за год?
Другі патрыцый. Я — не.
Першы патрыцый. На гэта ніхто не здольны.
Стары патрыцый. Іначай было б немагчыма жыць.
Першы патрыцый. Вось бачыце! Вазьміце мяне: летась я страціў жонку. Я шмат праплакаў, а потым — забыў. Часам мне яшчэ смутна. Але ўвогуле — нічога.
Стары патрыцый. Прырода ўсё робіць на добры лад.
Гелікон. Але ж калі я гляджу на вас, у мяне складаецца ўражанне, што і ў яе бываюць няўдачы.
Уваходзіць Хэрэя.
Першы патрыцый. Ну што?
Хэрэя. Нічога, як і раней.
Гелікон. Спакойна, спадарове, спакойна. Не будзем забываць пра прыстойнасць. Рымская імперыя — гэта мы. Калі мы страцім аблічча, імперыя страціць галаву. Час жа цяпер зусім не той, зусім! Таму, дзеля пачатку — хадземце паснедаем, імперыя будзе адчуваць сябе лепей.
Стары патрыцый. Правільна. Нельга забывацца пра наяўныя патрэбы, цешачыся ўяўнымі надзеямі.
Хэрэя. Не падабаецца мне гэта. Але ўсё ішло занадта ўжо добра. Гэта быў не імператар, а сама дасканаласць.
Другі патрыцый. Так, якраз такі, які трэба: сумленны і неспрактыкаваны.