Гелікон. Як і кахання без кропелькі гвалту.
Цэзонія (жуючы). У гэтым ёсць пэўная ісціна. Што скажуць астатнія?
Стары патрыцый. Калігула — тонкі псіхолаг.
Першы патрыцый. Ён вельмі красамоўна гутарыў з намі пра мужнасць.
Другі патрыцый. Яму варта было б занатаваць свае думкі. Такая кніга была б неацэнная.
Хэрэя. Не кажучы ўжо, што гэта неяк яго заняло б. Бо ўсе мы бачым, што яму трэба нечым сябе забавіць.
Цэзонія (па-ранейшаму жуючы). У такім выпадку вам будзе прыемна даведацца, што ён ужо пра гэта падумаў і якраз піша вялікі трактат.
Сцэна VII
Уваходзяць Калігула і Муцыева жонка.
Калігула. Муцый, я вяртаю табе тваю жонку. Яна зноўку твая. Але выбачайце, мне трэба даць колькі загадаў. (Хутка выходзіць.)
Муцый, увесь збялелы, стаіць, гледзячы яму ўслед.
Сцэна VIII
Цэзонія (Муцыю, які па-ранейшаму стаіць нерухома). Няма сумнення, Муцый, што гэты трактат зойме сваё пачэснае месца побач з найбольш славутымі.
Муцый (пазіраючы на дзверы, за якімі знік Калігула). I пра што ў ім ідзе гаворка, Цэзонія?
Цэзонія (абыякавым тонам). О, гэтага я зразумець няздольная.
Хэрэя. Іншымі словамі, можна зрабіць выснову, што ў ім гаворыцца пра забойчасць паэзіі.
Цэзонія. Вось-вось, па-мойму, нешта ў такім духу.
Стары патрыцый (радасна). Ну што ж! Як сказаў Хэрэя, гэта яго трошкі забавіць.
Цэзонія. Так, мая ясачка. Але вось, баюся, назва трактата вас трошкі збянтэжыць.
Хэрэя. I што ж гэта за назва?
Цэзонія. Ён называецца — «Меч».
Сцэна IX
Хутка ўваходзіць Калігула.
Калігула. Вы ўжо прабачце, але дзяржаўныя справы таксама не церпяць адкладу. Распарадчык, аддай загад, каб зараз жа зачынілі ўсе хлебныя сховішчы. Указ пра гэта я толькі што падпісаў. Знойдзеш яго ў мяне ў пакоі.
Распарадчык. Але ж...
Калігула. Заўтра настане голад.
Распарадчык. Але народ будзе шумець.
Калігула (з націскам і выразна). Я сказаў: заўтра настане голад. Што такое голад, усім вядома — гэта пляга, стыхійнае бедства. Пляга пачнецца заўтра... і я яе спыню, калі мне захочацца. (Тлумачыць астатнім.) Увогуле ў мяне не так ужо многа спосабаў даказаць, што я свабодны. Свабодны бываеш заўсёды за чый-небудзь кошт. Прыкра, але ж рэч гэта сама па сабе звычайная. (Кідаючы вокам на Муцыя.) Вазьміце хоць бы рэўнасць, і вы ўбачыце, што я маю рацыю. (Задуменна.) I ўсё-ткі быць раўнівым — гэта так брыдка! Пакутаваць праз самалюбства і празмернае ўяўленне! Прымушаць сябе ў думках бачыць, як твая жонка...
Муцый сціскае кулакі і разяўляе рот.
Калігула (вельмі хутка). Сядайма за стол. панове. Ці вядома вам, што мы з Геліконам працуем не складаючы рук? Мы канчаем невялічкі трактат пра пакаранне смерцю, і вы скажаце, што пра яго думаеце.
Гелікон. Безумоўна, калі вашую думку ў вас спытаюць.
Калігула. Будзем велікадушныя, Геліконе! Раскрыем ім нашыя маленькія тайны. Ну, хоць бы вось: раздзел трэці, параграф першы.
Гелікон (устае і механічным голасам дэкламуе). Пакаранне смерцю нясе палёгку і вызваляе. Яно ўсеагульнае, супакаяльнае і справядлівае як па спосабах свайго выканання, так і па мэтах. Людзі паміраюць, бо яны вінаватыя. Людзі вінаватыя, бо яны Калігулавы падданыя. Але ж Калігулавы падданыя — усе. Такім чынам усе вінаватыя. Адсюль вынікае, што ўсе памруць. Гэта пытанне часу і цярпення.
Калігула (смеючыся). Ну, што скажаце, га? Цярпенне — вось найкаштоўнейшая знаходка! Прызнаюся вам шчыра: гэта самае галоўнае, што мяне ў вас зачароўвае. А цяпер, панове, можаце ісці. Хэрэя болей вас не затрымлівае. Толькі Цэзонія няхай яшчэ застанецца! I Лепід, і Актавій! I Мерэя таксама. Я хацеў бы пагутарыць з вамі пра справы ў маім публічным доме. Апошнім часам яны прымушаюць мяне хвалявацца.
Астатнія паволі выходзяць. Калігула праводзіць вачыма Муцыя.
Сцэна X
Хэрэя. Мы гатовыя слухаць цябе, Гаю. Што-небудзь не ў парадку? Можа, кепска працуе персанал?