АА. Верагодна, без канца.
XX. Хм, дык, кажаш, без канца... Тады навошта быў той пачатак...
АА. Ты задаеш мне занадта складаныя пытанні. Ужо ў Шапенгаўэра былі падобныя сумненні.
XX. У каго?
АА. У Шапенгаўэра.
XX. Яўрэй.
АА. Неабавязкова.
XX. Не, мне гэта не падабаецца. Раз ёсць пачатак, дык павінен быць і канец. Інакш пачатак таксама нешта не той... Канца няма, пачатак — не ў парадку, а я тым часам гарую тут і не маю з гэтага ніякай радасці. Ні ў кіно, ні да баб... Ты думаеш, мне лёгка так?
АА. Я зусім так і не думаў.
XX. Табе лёгка крычаць, але каб паспрабаваў пажыць так, як я... (Усё больш шкадуючы сябе.) Ці ты ведаеш, як я тут жыву? Як сабака.
АА. Ды не, ты перабольшваеш.
XX (стукнуўшы кулаком аб стол). Не пярэч мне! Менавіта як сабака. Сам мне толькі што сказаў гэта!
АА. Наколькі я памятаю, гаворка была хутчэй пра...
XX (нахіліўшыся да АА, канфідэнцыяльна). Падыдзі сюды бліжэй. Скажу штосьці.
АА. Слухаю цябе.
XX. Бліжэй... (Кладзе руку на плячо АА і прыцягвае яго да сябе, пакуль яны сваімі лбамі не дакрануліся адзін да аднаго. Шэпча страсна, канфідэнцыяльна.) ...I ты меў рацыю. (Абодва вяртаюцца ў ранейшае становішча.)
АА (тонам перабольшанай сяброўскай ветлівасці). Не можа быць...
XX (паклаўшы палец на вусны). Тссс. (Крычыць.) Як сабака! У сабак жыццё лепшае, чым у мяне, бо, прынамсі, ім не трэба ішачыць. Хіба гэта жыццё? Ну, скажы, хіба гэта жыццё?..
АА. З біялагічнага пункту гледжання...
XX. Жыццё гэта ці не?
АА. Як паглядзець.
XX (вырашаючы пытанне). Не жыццё. Налі.
АА. Можа, пакуль хопіць?
XX. Не хопіць! Я п’ю першы раз, як прыехаў сюды. Дык у такім разе, можа, мне і можна, га?
АА. Бясспрэчна. (Налівае, чокаюцца, выпіваюць.)
XX. А-а-а, добра... Загадаю табе загадку.
АА. Давай.
XX. Што гэта такое — ёсць, а няма.
АА. Чакай... Ёсць...
XX. А няма. (Рагоча.)
АА. Ёсць, а няма... Ёсць, а няма... Не ведаю.
XX. Ну, адгадай.
АА. Не, гэта для мяне занадта складана. (XX стукае сябе пальцам у грудзі.) Ты?
XX. Я.
АА. Ёсць...
XX. ...А няма. Цікава, так? (Зарагатаў.)
АА. Што ёсць?
XX (перастае смяяцца, пагрозліва). А ты думаеш, што ў мяне няма?
АА. А што, хіба ёсць?
XX. Ты думаеш, што я жабрак?! Мой бацька быў жабрак, мой дзед быў жабрак, а я — не! Зараз я табе дакажу гэта... (Спрабуе падняцца, абапіраючыся рукамі аб стол.)
АА. Кінь, не трэба. (Кладзе руку на плячо XX і прымушае яго зноў сесці.)
XX. Магу сабе дазволіць! Афіцыянт! (Шырокі жэст над сталом.) Я плачу!
АА. Перапіў (Паўза. XX маўчыць, апусціўшы галаву. АА глядзіць на лямпачку.) Што здарылася са святлом... (Паўза. XX устае і, хістаючыся, ідзе да ракавіны.)
XX. Запалі святло.
АА. Гарыць жа.
XX. Ага... (Паўза. XX у прыцемках шукае ракавіну.) Што гарыць?..
АА. Святло.
XX. Ага... Як жа гэта гарыць, калі цёмна.
АА. Бо пагасла. (XX, нарэшце, знайшоў ракавіну. Падсунуў галаву пад кран і аблівае яе вадой.) ...Аднак усё-такі цікава, чаму пагасла. Павінна б ужо загарэцца.
XX (з-пад крана). Новы год, Новы год!
АА. Але нешта даўгавата ўжо цягнецца.
XX. Можа, гэта лямпачка...
АА становіцца на крэсла са свечкаю ў руках. Набліжае яе да лямпачкі, разглядае яе.
АА. Не, лямпачка ў парадку. (Саступае з крэсла, ідзе да дзвярэй, прачыняе іх, выглядвае на калідор.) Усюды цёмна. Кароткае замыканне, ці што... (Зачыняе дзверы, вяртаецца, ставіць падсвечнік на стол.) Зараз свечка дагарыць.
XX (перадражніваючы яго). Зараза-свечка, дагары.
АА. Ах, як дасціпна!..
XX закручвае кран, пырхае, выцірае далонямі твар.
XX. Што, не падабаецца табе?
АА. Не.
XX. Можа, і я табе не падабаюся?
АА. Не.
XX. Тады чаго ты са мною тут сядзіш?
Паўза.
АА. Істотнае пытанне.
XX. Я цябе сюды не запрашаў.
АА. Факт.
XX. Ты ж сам напрасіўся. (Паўза. XX садзіцца на крэсла, гэты раз з левага боку стала.) Слухай, чаго ты, уласна, сядзіш тут са мною?
АА (усаджваючыся на правае крэсла). За сталом?