Выбрать главу

Калігула. Ды не, але ж выручка зусім не вялікая.

Мерэя. Трэба павысіць расцэнкі.

Калігула. Мерэя, толькі што ты прапусціў выдатны выпадак памаўчаць. У тваім узросце ўвогуле такія праблемы не павінны цябе цікавіць, і тваёй думкі я не пытаўся.

Мерэя. Але навошта ж тады ты загадаў мне застацца?

Калігула. Бо хутка мне спатрэбіцца бесстаронняя парада.

Мерэя адступае ўбок.

Хэрэя. Калі дазволіш, Гаю, я выкажуся небесстаронне: па-мойму, расцэнак мяняць не трэба.

Калігула. Ясная рэч. Але ж нашыя фінансавыя справы трэба нейкім чынам паправіць. Я ўжо растлумачыў свой план Цэзоніі, і яна зараз вам яго перакажа. А я, відаць, крыху выпіў лішку, мяне пачынае хіліць на сон. (Кладзецца і заплюшчвае вочы.)

Цэзонія. Усё вельмі проста. Калігула ўводзіць новую ўзнагароду.

Хэрэя. Не бачу сувязі.

Цэзонія. Тым не менш яна ёсць. Гэтаю ўзнагародай будзе ордэн «Грамадзяніна-героя», і атрымліваць яго будуць тыя, хто часцей за іншых будзе наведваць Калігулаў публічны дом.

Хэрэя. Бліскучая думка!

Цэзонія. I я так лічу таксама. Але я забылася сказаць яшчэ, што ўручацца ордэн будзе ў канцы кожнага месяца пасля падліку ўваходных білетаў; грамадзянін, які не атрымае ордэна на працягу дванаццаці месяцаў, будзе высланы або пакараны смерцю.

Трэці патрыцый. Чаму «або»?

Цэзонія. Таму што Калігула кажа, што гэта не мае ніякага значэння. Галоўнае, каб у яго быў выбар.

Хэрэя. Брава! Цяпер дзяржаўная скарбніца папоўніцца.

Гелікон. Прычым, заўважце, вельмі высокамаральным чынам. Урэшце, заўсёды лепей браць падатак з заганы, чым плаціць за добрапрыстойнасць, як гэта робіцца ў рэспубліканскіх дзяржавах.

Калігула крыху расплюшчвае вочы і глядзіць на старога Мерэю, які, стоячы воддаль, вымае з кішэні нейкую бутэлечку і адпівае глыток.

Калігула (лежачы). Што гэта ты там п’еш, Мерэя?

Мерэя. Гэта ад астмы, Гаю.

Калігула (расштурхваючы іншых, ідзе да яго і абнюхвае яму вусны). Не, гэта супрацьяддзе.

Мерэя. Ды не, Гаю. Ты смяешся. Я задыхаюся па начах і ўжо вельмі даўно лячуся ад гэтага.

Калігула. Дык значыць, ты баішся, што цябе атруцяць?

Мерэя. Мая астма...

Калігула. Не! Назавём рэчы сваімі імёнамі: ты баішся, што я цябе атручу. Ты мяне падазраеш. Ты сочыш за мною.

Мерэя. Ды не, клянуся багамі!

Калігула. Ты апасаешся мяне. Адным словам, ты мне не давяраеш.

Мерэя. Гаю!

Калігула (груба). Адказвай! (З матэматычнаю логікай.) Калі ты прымаеш супрацьяддзе, гэта значыць, ты прыпісваеш мне намер атруціць цябе.

Мерэя. Так... я хачу сказаць... не...

Калігула. I з той самай хвіліны, як я, па-твойму, прыняў рашэнне цябе атруціць, ты робіш усё насуперак маёй волі.

Запаноўвае цішыня. З пачаткам гэтага дыялога Цэзонія і Хэрэя адышлі ў глыбіню сцэны. Адзін Лепід з трывогай прыслухоўваецца да яго.

Калігула (з кожным словам усё больш выразна і паслядоўна выказваючы думку). Такім чынам, перад намі два злачынствы. I адзіная альтэрнатыва, якой табе не пазбегнуць: альбо я не хацеў цябе забіваць і ты несправядліва падазраеш мяне — твайго імператара. Альбо я гэтага хацеў і ты, нікчэмнасць, паўстаеш супроць маіх планаў! (Паўза. Калігула задаволена пазірае на старога.) Га, Мерэя? Ну што ты скажаш наконт гэткае логікі?

Мерэя. Яна... яна бездакорная, Гаю. Але яна не стасуецца з маім выпадкам.

Калігула. I трэцяе злачынства: ты лічыш мяне за шаленца. Дык слухай. З трох гэтых злачынстваў толькі адно — другое — дае табе гонар, бо калі ты мяркуеш, што я прыняў рашэнне, і паўстаеш супраць яго, гэта значыць, што ты бунтар. Ты правадыр паўстання, рэвалюцыянер. Гэта цудоўна. (Сумна.) Я вельмі люблю цябе, Мерэя. Менавіта таму ты будзеш пакараны за другое злачынства, а не за іншыя. Ты памрэш як мужчына — за бунт.

Пад час гэтае прамовы Мерэя ўсё больш скурчваецца і глыбей зашываецца ў сваё крэсла.

Калігула. Не трэба дзякаваць. Гэта ж натуральна. Вазьмі. (Дае яму флакон і прыязным голасам прапануе.) Выпі гэты яд.