XX. Нічога, нічога.
АА. Такім чынам, агульная сума нуды засталася тая самая. Затое павялічыліся шанцы падпалаў ад нуды прапарцыянальна колькасці вольных асоб. I калі раней гэтыя самыя шанцы, паводле сціплых падлікаў, былі адзін да мільёна, то цяпер ужо іх трэба ўяўляць як мільён да аднаго. Карацей, пажар — даволі пэўная штука. Што ты робіш?
XX. (які ў гэты час дастае з-пад ложка свой куфэрак і закручвае падушку ў плед). Збіраюся.
АА. Куды?
XX. Дык павінен жа быць пажар, хіба не?
АА. Але не ў нас. Пажар пачнецца наверсе, у вольных людзей. А тут, унізе, жывуць падданыя імператара.
XX. Усё роўна.
АА. Зусім не ўсё роўна. Гэта не наш пажар. Гэта іх пажар.
XX. Таксама добра.
АА. Але гэта не пажар імператара. Гэта пажар рэспублікі.
XX. Хай сабе і так.
АА. У нас няма правоў на гэты пажар. У чужыя справы мы не павінны ўмешвацца. Як максімум, можам толькі пастаяць пад лесвіцай і паглядзець знізу,— мы ж толькі рабы. Від знізу таксама мае свае перавагі. Напрыклад, жанчыны, якія ўцякаюць ад пажару... Будзеш мець добрую аказію... Але апрача гэтага? Што нам да іх пажару? I дом гэты не наш, і вольнасць — не наша. Што ты гэтак узрушыўся, пакінь у спакоі свае транты. (АА налівае каньяк, з кубкам у руцэ пераходзіць на левы бок сцэны, становіцца тварам да залы, бокам да XX. Той пакідае чамадан, клунак і сабаку Плута каля дзвярэй і паварочваецца да АА.) П’ю за тых, што не маюць права самі сябе падпаліць і таму вымушаны чакаць, пакуль імператар не выкарыстае сваіх прывілеяў. I яны чакаюць, у цішыні і цемры, у холадзе і змярцвеласці, пакуль не асветліць іх і не сагрэе гэта праметэеўская феерыя, апошні велікадушны падарунак імператара. Так, панове. Пакуль нас не асветліць і не сагрэе. Бо нішто так не асветліць і не сагрэе нас, верных падданых, як добры, па-майстэрску распалены пажар за нашых братоў. (Падымае кубак. Тым часам гукі сірэны дасягаюць, мабыць, сваёй кульмінацыі. XX тушыць свечку. Нейкую хвіліну доўжыцца поўная цемра. Раптам загарэлася рэзкім святлом лямпачка. Зверху даносіцца гучны радасны вокліч «Ааааа», як звычайна бывае, калі група людзей вітае з'яўленне ў іх памяшканні святла пасля поўнай цемнаты. Цяпер АА і XX стаяць адзін перад адным, твару твар. АА з паднятым кубкам, а XX з паднятай да ўдару сякерай. Некалькі секунд доўжыцца нерухомая сцэна. АА набліжаецца да XX і падае яму кубак. XX апускае сякеру і прымае кубак.) Ну, паехалі.
XX. Ніякага пажару няма.
АА. Гэта неабавязкова былі пажарнікі. Гэта магла таксама быць і паліцыя.
XX. Ты ж казаў, што пажар.
АА. Гіпотэза. Магла таксама быць і забастоўка.
XX. Электрычнасці?
АА. Водаправодчыкаў і электрыкаў. Таму перад гэтым і вады не было. (Паўза.) Ты хацеў мяне забіць? (XX сцвярджальна ківае галавой.) Разумею. Ты падумаў, што будзе пажар. Агонь сатрэ сляды, труп згарыць, ніякіх доказаў. Я загінуў у выніку пажару. Ну і ну, не падазраваў нават такой кемлівасці ў цябе. (Налівае каньяк у другі кубак, які стаіць на стале.) Але скажы мне, ці ты сапраўды паверыў, што будзе пажар? Паверыў у тое, што я казаў пра пажар... літаральна?
XX. Не.
АА. Тады як жа?.. (XX дастае з кішэні карабок запалак, падкідвае яго на далоні, хавае назад у кішэню.) Калі ласка, хто б падумаў пра такое. Значыць, не толькі забойства, але і падпал. (Падымае кубак.) За маё здароўе. (Абодва выпіваюць.) Дык ты паверыў, што я... Ці ты і цяпер мяркуеш, што я мог бы напісаць такі данос?
XX. Чаму не? (Садзіцца на левае крэсла.)
АА. Можа, ты і маеш рацыю. Адзін толькі д’ябал ведае, на што чалавек здольны,— ручацца нельга. Але я не напісаў бы. I зусім не таму, што не змог бы, а толькі таму, што гэта было б зусім лішняе. Ты і так не вернешся. Табе яшчэ патрэбна гэта сякера? (XX маўчыць.) Ні ў якім разе не вернешся, нават калі б ты і забіў мяне са страху перад даносам, усё роўна не вярнуўся б. Дык навошта мне тады пісаць данос? Супакойся. Я не напішу.
XX. Не?
АА. Не. Дай мне гэта. (Устае і бярэ з рукі XX сякеру, заносіць яе ў куток.) I падзякуй Богу, што табе не пашанцавала. Што б ты без мяне тут адзін рабіў... Хіба ўжо не лепш, што цяпер застанемся разам?
XX. Я тут не застануся.
АА. Застанешся, застанешся, хоць яшчэ і не ўсведамляеш гэтага.