Выбрать главу

Мерэя трасецца ў рыданні, круціць галавой у знак нязгоды.

Калігула (трацячы цярпенне). Ну, давай жа, давай!

Мерэя спрабуе ўцячы. Але Калігула ў дзікім скачку наганяе яго на сярэдзіне сцэны, валіць на невысокую лаву і пасля кароткае барацьбы, усунуўшы яму між зубоў флакон з ядам, разбівае яго кулаком. Падрыгаўшыся ў сутаргах, Мерэя памірае; твар у яго заліты крывёй і слязьмі. Калігула ўстае і машынальна абцірае рукі.

Калігула (Цэзоніі, падаючы ёй асколак ад Мерэевай бутэлечкі). Што гэта? Супрацьяддзе?

Цэзонія (спакойна). Не, Калігула. Гэта лекі ад астмы.

Калігула (гледзячы на Мерэю, крыху памаўчаўшы). Якая розніца. Усё адно. Крыху раней, крыху пазней...

Рэзка паварочваецца і выходзіць з заклапочаным выглядам, увесь час выціраючы рукі.

Сцэна XI

Лепід (прыгнечана). Што цяпер рабіць?

Цэзонія (звычайным голасам). Спачатку, па-мойму, трэба прыбраць гэтае цела. На яго брыдка глядзець!

Хэрэя і Лепід бяруць цела і цягнуць яго за кулісы.

Лепід (Хэрэю). Трэба спяшацца.

Xэрэя. Мы павінны сабраць, прынамсі, чалавек дзвесце.

Уваходзіць Сцыпіён. Заўважыўшы Цэзонію, збіраецца зноў выйсці.

Сцэна XII

Цэзонія. Хадзі, хадзі сюды.

Сцыпіён. Што табе?

Цэзонія. Падыдзі. (Бярэ яго за падбародак і зазірае ў вочы. Паўза. Халодным голасам.) Ён забіў твайго бацьку?

Сцыпіён. Так.

Цэзонія. Ты ненавідзіш яго?

Сцыпіён. Так.

Цэзонія. Ты хочаш яго забіць?

Сцыпіён. Так.

Цэзонія (адпускаючы яго). Тады чаму ж ты мне гэта кажаш?

Сцыпіён. Таму што я не баюся нікога. Забіць яго ці быць забітым самому — гэта толькі два розныя спосабы пакончыць з усім гэтым. Дый, зрэшты, ты мяне выдаваць не будзеш.

Цэзонія. Сапраўды, я цябе не выдам. Але я хачу табе нешта сказаць. Ці, правільней, мне хацелася б пагутарыць з тым, што ў табе ёсць найлепшае.

Сцыпіён. Найлепшае ўва мне — мая нянавісць.

Цэзонія. I ўсё-ткі паслухай. Тое, што я хачу сказаць табе, зразумець адначасова і цяжка, і проста. Каб толькі гэтае слова магло па-сапраўднаму быць пачутае, яно зрабіла б тую адзіную рэвалюцыю, якая канчаткова перавярнула б увесь свет.

Сцыпіён. Дык скажы яго.

Цэзонія. Пачакай. Падумай спачатку пра перакрыўлены болем твар твайго бацькі, калі ў яго выдзіралі язык. Прыгадай гэты рот, заліты крывёю, і гэты крык зацкаванага звера.

Сцыпіён. Ну.

Цэзонія. Падумай цяпер пра Калігулу.

Сцыпіён (з усёю нянавісцю ў голасе). Ну.

Цэзонія. А цяпер паслухай: пастарайся яго зразумець. (Выходзіць, пакідаючы Сцыпіёна ў разгубленасці.)

Уваходзіць Гелікон.

Сцэна XIII

Гелікон. Сюды ідзе Калігула. Можа, крыху падсілкуецеся, паэце?

Сцыпіён. Геліконе! Дапамажы мне.

Гелікон. Гэта даволі небяспечна, мая ясачка. Дый я нічога не цямлю ў паэзіі.

Сцыпіён. Ты мог бы дапамагчы мне. Ты шмат чаго ведаеш.

Гелікон. Я ведаю, што дні праходзяць і трэба спяшацца паесці. І яшчэ я ведаю, што ты мог бы забіць Калігулу... і што ён гэтаму не надта б пярэчыў.

Уваходзіць Калігула. Гелікон выходзіць.

Сцэна XIV

Калігула. А, гэта ты! (Спыняецца, нібыта крыху разгубіўшыся і не ведаючы, як сябе паводзіць.) Даўно я цябе не бачыў. (Паволі падыходзячы да Сцыпіёна.) Чым займаешся? Усё пішаш? Можа, пазнаёміш з апошнімі сваімі сачыненнямі?

Сцыпіён (таксама адчувае сябе няёмка, яго душа раздзіраецца паміж нянавісцю і нейкім іншым, яму самому не зразумелым пачуццём). Я напісаў некалькі вершаў, цэзару.

Калігула. Пра што?

Сцыпіён. Не ведаю, цэзару. Напэўна, пра прыроду.

Калігула (ужо болей разняволена). Цудоўная тэма. I такая шырокая. I што ж падказала табе прырода?

Сцыпіён (схамянуўся, іранічна і са злосцю). Яна суцяшае мяне, што я не цэзар.