Выбрать главу

У яго змораны выгляд. Доўгае маўчанне. Сцыпіён заходзіць Калігулу за спіну і няўпэўнена набліжаецца да яго. Выпроствае да Калігулы руку і кладзе яму на плячо. Не азіраючыся, Калігула накрывае яго руку сваёю.

Сцыпіён. У кожнага ў жыцці ёсць свая аддушына. Тая, што дапамагае нам жыць далей. Людзі звяртаюцца да яе, калі адчуваюць, што ў іх не застаецца ўжо сілы.

Калігула. Гэта так, Сцыпіёне.

Сцыпіён. Няўжо ў цябе няма нічога падобнага, што дало б выхад слёзам, падарыла ціхі прыстанак?

Калігула. Ды бадай што ёсць.

Сцыпіён. Што?

Калігула (паволі). Пагарда.

ЗАСЛОНА

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Сцэна I

З-за апушчанае заслоны — гукі талерак і бубна. Заслона падымаецца, адкрываючы нешта накшталт кірмашовага балагана. У цэнтры на невялікім памосце перад завешанай фіранкай стаяць Гелікон і Цэзонія. Абапал — музыкі з талеркамі. На лавах спінай да гледачоў сядзяць колькі патрыцыяў і Сцыпіён.

Гелікон (голасам кірмашовага зазывалы). Падыходзьце! Падыходзьце. (Талеркі.) Багі зноў сышлі на зямлю. Гай, цэзар і бог, называны Калігула, пазычыў ім сваё чалавечае аблічча. Падыходзьце, нікчэмныя смяротныя, святое дзіва дзеецца ў вас на вачах. Праз асаблівую ласку да багаславёнага царавання Калігулава, боскія таямніцы сёння адкрываюцца ўсім.

Талеркі.

Цэзонія. Падыходзьце, панове! У кленчвайце і ўшаноўвайце, хто чым можа. Тайны нябесныя сёння ўсім па кішэні.

Талеркі.

Гелікон. Алімп і яго закуліснае жыццё, звады, слёзы і брудная бялізна. Падыходзьце! Падыходзьце! Уся праўда пра вашых багоў!

Талеркі.

Цэзонія. Укленчвайце і ўшаноўвайце, хто чым можа. Падыходзьце, панове. Прадстаўленне пачынаецца.

Талеркі. Сноўданне рабоў, якія выносяць на памост розныя рэчы.

Гелікон. Карціны, уражальныя сваёю праўдзівасцю, непараўнальныя ні з чым, што было раней. Нябесныя сілы ва ўсім сваім бляску і велічы нарэшце спушчаны на зямлю; нечуванае і нябачанае па сваім размаху відовішча, маланка (рабы запальваюць грэчаскі агонь), гром (коцяць бочку з каменнем) і сам лёс у сваім трыумфальным шэсці. Прыходзьце і глядзіце!

Адшморгвае фіранку, за якой на п’едэстале ўзнікае Калігула, па-блазенску пераапрануты ў Венеру.

Калігула (прыязным голасам). Сёння я — Венера.

Цэзонія. Ушанаванне пачынаецца. На калені! (Усе, апроч Сцыпіёна, укленчваюць.) Паўтарайце за мною свяшчэнную малітву Калігулы-Венеры: «Багіня пакутаў і скокаў...

Патрыцыі. Багіня пакутаў і скокаў...

Цэзонія. Народжаная з хваляў, уся клейкая й горкая ад солі і пены...

Патрыцыі. Народжаная з хваляў, уся клейкая й горкая ад солі і пены...

Цэзонія. Ты, што падобна да ўсмешкі й жалю...

Патрыцыі. Ты, што падобна да ўсмешкі й жалю...

Цэзонія. Да крыўды й натхнення...

Патрыцыі. Да крыўды й натхнення...

Цэзонія. Навучы нас абыякавасці, што дазваляе нанова адрадзіцца любові...

Патрыцыі. Навучы нас абыякавасці, што дазваляе нанова адрадзіцца любові...

Цэзонія. Пакажы нам ісціну гэтага свету, якая ў тым, што яе няма...

Патрыцыі. Пакажы нам ісціну гэтага свету, якая ў тым, што яе няма...