Цэзонія. I надай нам сілы жыць згодна з гэтай непараўнальнаю ісцінай...
Патрыцыі. I надай нам сілы жыць згодна з гэтай непараўнальнаю ісцінай...
Цэзонія. Паўза!
Патрыцыі. Паўза!
Цэзонія (чытае далей). Абсып нас сваімі дарамі, ахіні нашы абліччы сваёй бесстаронняю лютасцю і справядлівай нянавісцю, асвяжы нашы вочы поўнымі жменямі кветак і жорсткіх забойстваў.
Патрыцыі. ...поўнымі жменямі кветак і жорсткіх забойстваў.
Цэзонія. Прымі сваіх аблудных дзяцей. Пусці іх у голы прытулак сваёй халоднай і невыцерпнай любові. Надзялі нас сваёй беспрадметнай зацятасцю, беспадстаўнай пакутай і безнадзейнаю радасцю.
Патрыцыі. ... і безнадзейнаю радасцю.
Цэзонія (вельмі гучна). Ты, спустошаная і такая пякучая, нечалавечная, але такая зямная, напаі нас віном сваёй абыякавасці і наталі навечна нашыя душы ў сваім чорным і горкім сэрцы.
Патрыцыі. Напаі нас віном сваёй абыякавасці і наталі навечна нашыя душы ў сваім чорным і горкім сэрцы.
Калі патрыцыі дагаворваюць апошнюю фразу, Калігула, да гэтага нерухомы, шумна пырхае і вельмі голасна прамаўляе.
Калігула. Хай будзе так, дзеці мае, усе вашыя малітвы будуць спраўджаныя.
Сядае па-турэцку на п’едэстале. Патрыцыі адзін за адным укленчваюць перад ім, ахвяруюць грошы і адступаюць у правы кут сцэны, збіраючыся там, каб усім разам сысці. Апошні, вельмі хвалюючыся, адыходзіць, забыўшыся заплаціць. Але Калігула рэзка ўскоквае на ногі.
Калігула. Гэй! Гэй! Ану, хлопча, хадзі сюды. Укленчваць — гэта добра, але даваць грошы — яшчэ лепш. Дзякуй. Цяпер парадак. Каб у багоў не было ніякага іншага багацця, апроч любові смяротных, яны былі б такія ж бедныя, як бедны Калігула. А цяпер, панове, можаце ісці і паведаміць гораду пра дзіўнае дзіва, пры якім вам пашчасціла быць: вы бачылі Венеру, бачылі ў самым прамым сэнсе гэтага слова — на свае плоцкія вочы, і Венера гаманіла з вамі. Ідзіце ж, панове.
Патрыцыі прыходзяць у рух.
Хвілінку! Выходзьце праз левыя дзверы, бо за правымі я паставіў варту і загадаў ёй забіваць усіх, хто будзе выходзіць.
Беспарадкавым натоўпам патрыцыі спешна выходзяць.
Рабы і музыкі знікаюць таксама.
Сцэна II
Гелікон прыгражае Сцыпіёну пальцам.
Гелікон. Ты зноў, Сцыпіёне, паводзіў сябе як анархіст!
Сцыпіён (Калігулу). Тое, што ты зрабіў, Гаю,— блюзнерства.
Гелікон. I што ж гэта можа значыць?
Сцыпіён. Заліўшы зямлю крывёю, ты цяпер паліваеш брудам неба.
Гелікон. У гэтага юнака проста цяга да гучных словаў. (Разлягаецца на канапе.)
Цэзонія (вельмі спакойна). Які ты гарачы, хлопча. Сёння людзі ў Рыме паміраюць і за куды ўжо менш красамоўныя прамовы.
Сцыпіён. Я вырашыў і хачу сказаць Гаю ўсю праўду.
Цэзонія. Ну што ж, Калігула, якраз маральнае самавітасці твайму цараванню і бракавала.
Калігула (зацікаўлена). Дык ты верыш у багоў, Сцыпіёне?
Сцыпіён. Не.
Калігула. Тады я не разумею, чаму ты з такім імпэтам кідаешся выкрываць блюзнерства?
Сцыпіён. Я магу з нечым не пагаджацца, але неабавязкова павінен усё гэта бэсціць ці забіраць у іншых права ў гэта верыць.
Калігула. Але ж якая ў яго сціпласць, га, ну — сапраўдная сціпласць! Ах, дарагі Сцыпіёне, як я радуюся за цябе. I ведаеш, нават зайздрошчу... Бо гэта ж адзінае пачуццё, якога мне, напэўна, ніколі не зведаць.
Сцыпіён. Ты зайздросціш не мне, ты зайздросціш самім багам.
Калігула. З твайго дазволу, няхай гэта застанецца вялікай таямніцаю майго царавання. А ўвогуле, усё, у чым мяне сёння можна папракнуць, дык гэта ў тым, што я зрабіў яшчэ адзін маленечкі крок па дарозе да магутнасці і свабоды. Чалавеку, які любіць уладу, суперніцтва багоў вельмі назаляе. Я з ім пакончыў. Я давёў гэтым уяўным багам, што чалавек, у якога ёсць воля, можа без ніякае падрыхтоўкі займацца іх нікчэмным рамяством.
Сцыпіён. Гэта і ёсць блюзнерства, Гаю.
Калігула. Не, Сцыпіёне, гэта празорлівасць. Проста я зразумеў, што ёсць толькі адна мажлівасць параўнацца з багамі: трэба быць такім жа бязлітасным.
Сцыпіён. Трэба пераўтварыцца ў тырана.