Калігула. Гэта было летась — улетку. Я часта глядзеў на яе і лашчыў на калонах у садзе, і ўрэшце яна мяне зразумела.
Гелікон. Хопіць гэтай гульні, Гаю. Хоць ты і не хочаш мяне слухаць, мой абавязак сказаць табе гэта. Няхай ты і прапусціш мае словы міма вушэй.
Калігула (па-ранейшаму засяроджана фарбуе на нагах пазногці). Гэты лак нічога не варты. Але я казаў пра поўню: гэта было цудоўнай жнівеньскай ноччу. (Гелікон з прыкрасцю адварочваецца і, нерухома застыўшы, змаўкае.) Яна спачатку крыху манежылася. Я тады ўжо ляжаў у ложку і збіраўся заснуць. А яна вісела над даляглядам і была спачатку ўся крывава-чырвоная. Потым пачала пакрысе падымацца, усё хутчэй і хутчэй, нібы паступова страчваючы вагу. I чым болей яна падымалася, тым болей святлела. I нарэшце ператварылася ў цэлае возера з малочнымі водамі пасярод чорнага неба, перасыпанага мігценнем зор. I тады, цёплая, мяккая, лёгкая і нічым не прыкрытая, яна прыйшла да мяне. Яна пераступіла парог маёй спальні і з павольнай упэўненасцю падышла да майго ложка, лягла побач і абсыпала мяне сваімі ўсмешкамі й бляскам. Не, сапраўды, гэты лак нічога не варты. Так што — бачыш, Геліконе, я, не выхваляючыся, магу сказаць, што я яе меў.
Гелікон. Ці можаш ты мяне паслухаць, каб даведацца, што табе пагражае?
Калігула (адрываецца ад свайго занятку і пільна глядзіць на яго). Мне патрэбна адна толькі поўня, Геліконе. Тое, што мяне заб’е, я ведаю загадзя. Але я яшчэ не вычарпаў усяго, што можа трымаць мяне ў гэтым жыцці. Таму мне патрэбная поўня. I пакуль ты мне яе не здабудзеш, тваёй нагі тут болей не будзе.
Гелікон. У такім выпадку я ўсё ж выканаю свой абавязак і скажу табе тое, што мушу сказаць. Супраць цябе рыхтуецца змова. Галоўны завадатар — Хэрэя. Мне ўдалося захапіць гэтую таблічку, з якой ты даведаешся пра галоўнае. Я пакідаю яе тут. (Кладзе таблічку на крэсла і скіроўвае прэч.)
Калігула. Ты куды, Геліконе?
Гелікон (з парога). Шукаць табе поўню.
Сцэна IV
У дзверы насупраць нехта шкрабецца. Калігула рэзка азіраецца і заўважае старога патрыцыя.
Стары патрыцый (нерашуча). Дазволіш, Гаю?
Калігула (крыху раздражнёна). Ну што ж, уваходзь. (Пазіраючы на яго.) Што, мая прыгажуня, мы прыйшлі яшчэ раз зірнуць на Венеру?
Стары патрыцый. Не, не за тым. Тс-с! Вой, прабач, Гаю... я хацеў... Ты ж ведаеш, як я цябе люблю... і адзінае, чаго я хачу, гэта — спакойна дажыць свой век...
Калігула. Не будзем марудзіць, не будзем!
Стары патрыцый. О, так. Я, гэта... (Вельмі хутка.) Гэта вельмі важна, вось.
Калігула. Не, гэта няважна.
Стары патрыцый. Але што няважна, Гаю?
Калігула. Але пра што мы гаворым, маё каханне?
Стары патрыцый (азіраецца вакол). Ну, гэта... (Увесь скурчваецца і нарэшце выстрэльвае.) Супраць цябе змова...
Калігула. Ну вось бачыш, я ж казаў табе, гэта зусім не важна.
Стары патрыцый. Гаю, яны хочуць забіць цябе.
Калігула (падыходзіць да яго і бярэ за плечы). Ведаеш, чаму я не магу табе паверыць?
Стары патрыцый (жэстам прысягаецца, што кажа праўду). Усімі багамі, Гаю...
Калігула (ласкава і паціху штурхаючы яго да дзвярэй). Не бажыся, ужо толькі не бажыся. Лепей паслухай. Калі тое, што ты сказаў,— праўда, я вымушаны буду думаць, што ты здраджваеш сваім сябрам, так?
Стары патрыцый (крыху разгубіўшыся). Гэта, Гаю... таму што мая любоў да цябе...
Калігула (тым жа тонам). А я не магу дапусціць гэтага. Баязліўства было мне заўсёды такое агіднае, што я ніколі не здолею не пакараць здрадніка смерцю. Але я ведаю, чаго ты варты. I безумоўна, у цябе ніколі не ўзнікне жадання ні здрадзіць, ані памерці.
Стары патрыцый. Безумоўна, Гаю, безумоўна!
Калігула. Вось бачыш, значыць, я меў рацыю, калі не паверыў табе. Ты ж не баязлівец, праўда?
Стары патрыцый. О! Не...
Калігула. I не здраднік?
Стары патрыцый. Само сабой, Гаю.
Калігула. А значыць, змовы няма, скажы, гэта быў усяго толькі жарт?
Стары патрыцый (зусім раскіснуўшы). Жарт, жарт, звычайны жарт...
Калігула. I ніхто не хоча мяне забіць, праўда?
Стары патрыцый. Ніхто, вядома, ніхто.