Калігула (глыбока ўздыхнуўшы, болей марудна). Вось і ідзі, ідзі адсюль, мая прыгажунька. Сумленны чалавек — такая рэдкая з’ява ў гэтым свеце, што мне цяжка доўга глядзець на яе. Каб лепей прачуць гэтую незабыўную сустрэчу, мне трэба пабыць аднаму.
Сцэна V
Пэўны час Калігула, не сыходзячы з месца, глядзіць на таблічку. Потым рэзка бярэ яе і пачынае чытаць. Шумна ўздыхае і кліча вартавога.
Калігула. Прывядзі Хэрэю.
Вартавы паварочваецца да выхаду.
Чакай. (Вартавы спыняецца.) З пашанай.
Вартавы выходзіць. Калігула праходзіцца сюды-туды. Потым падыходзіць да люстра.
Калігула. Ты вырашыў быць лагічным, дурню. Трэба яшчэ паглядзець, да якой мяжы. (Іранічна.) Каб табе прынеслі поўню, усё адразу змянілася б, праўда? Немагчымае зрабілася б магчымым, і ў тое ж імгненне, разам, усё прыняло б іншы паварот. Ну, а чаму ж не, Калігула? Хто ведае? (Азіраецца вакол.) Вакол мяне ўсё меней і меней люду, дзіўна. (Люстру, глухім голасам.) Надта многа трупаў, надта многа, вось адкуль гэтая пустата. Нават каб мне і прынеслі поўню, я ўжо не здолеў бы вярнуцца назад. Нават каб мёртвыя зноў зварухнуліся пад ласкамі сонца, забойствы ад гэтага не канулі б пад зямлю. (Са злосцю у голасе.) Логіка, Калігула, логіка — ты павінен кіравацца ёю! Уладарыць — да астатняй мяжы, аддаваць сябе цалкам — да астатняй мяжы. Не, дарогі назад няма — трэба ісці да канца!
Уваходзіць Xэрэя.
Сцэна VI
Калігула шчыльна закручваецца ў плашч і крыху адкідваецца на спінку фатэля. Выгляд у яго змораны.
Хэрэя. Ты мяне клікаў?
Калігула (слабым голасам). Так, Хэрэя. Варта! Паходні!
Маўчанне.
Хэрэя. Ты хацеў мне сказаць нешта асаблівае?
Калігула. Не, Хэрэя.
Маўчанне.
Хэрэя (крыху раздражнёна). Ты ўпэўнены, што мне трэба тут яшчэ быць?
Калігула. Абсалютна ўпэўнены, Хэрэя.
Зноў маўклівая паўза.
Калігула (раптам нібыта спяшаючыся). Але — прабач. Я не надта ўважны і кепска цябе прымаю. Сядай вось на гэты фатэль, і давай пагамонім як сябры. Мне проста трэба крыху пагутарыць з разумным чалавекам.
Хэрэя сядае. Упершыню ад пачатку п’есы ў яго шчыры і натуральны выгляд.
Калігула. Як па-твойму, Хэрэя, ці могуць два чалавекі, роўныя па духу і гонару, хоць раз у жыцці пагутарыць па ўсёй шчырасці, адкрыцца, скінуўшы з сябе ўсё — хлусню, забабоны, уласныя інтарэсы, якімі яны жывуць?
Хэрэя. Я думаю, што гэта магчыма, Гаю. Але ты, па-мойму, на гэта няздольны.
Калігула. Твая праўда. Я хацеў толькі даведацца, ці падзяляеш ты маю думку. Што ж, схаваемся за нашымі маскамі. Узброімся кожны сваёй хлуснёй. Пакрыем сябе даспехамі і будзем лічыць, што наша размова — тая ж бойка сам-насам. Хэрэя, чаму ты мяне не любіш?
Хэрэя. Таму што нічога любага ў табе, Гаю, няма. Таму што такія рэчы загадаць немагчыма. I таму што я надта добра цябе разумею і не магу палюбіць у табе тое сваё аблічча, якое сам стараюся схаваць ад другіх.
Калігула. Чаму ж ты мяне ненавідзіш?
Хэрэя. Тут ты памыляешся, Гаю. У мяне няма да цябе нянавісці. Я лічу цябе небяспечным і жорсткім, эгаістычным і пыхлівым. Але я не магу цябе ненавідзець, бо не лічу шчаслівым. I не магу адчуваць да цябе пагарды, бо ведаю, што ты не баязлівец.
Калігула. Чаму ж тады ты хочаш мяне забіць?
Хэрэя. Я ўжо сказаў: я лічу цябе небяспечным. А мне даспадобы і болей патрэбна — бяспека. Большасць людзей такія ж, як я. Яны няздольныя жыць у свеце, дзе самая дзівацкая думка ў адно імгненне можа ператварыцца ў рэальнасць і ўвайсці ў іх жыццё — а часцей за ўсё і ўваходзіць — як нож у сэрца. Я таксама не хачу жыць у такім свеце. Я люблю адчуваць цвёрды грунт пад нагамі.
Калігула. Бяспека і логіка — не тыя рэчы, якія можна спалучаць.
Хэрэя. Гэта праўда. Няхай у такіх думках і няма логікі, але ж гэта здаровыя думкі.
Калігула. Ну-ну, чаго ж ты замаўчаў?
Хэрэя. Мне няма больш чаго казаць. Я не хачу прымаць тваёй логікі. У мяне іншы погляд на мае чалавечыя абавязкі. I я ведаю, што большасць тваіх падданых падзяляе мае думкі. Ты ўсім замінаеш. I таму ў тваім знікненні не будзе нічога ненатуральнага.