Выбрать главу

Гелікон. Сапраўды, цябе доўга тут не было.

Маўчанне.

Калігула. Бо мне цяжка было знайсці.

Гелікон. Знайсці што?

Калігула. Тое, што я хацеў.

Гелікон. I што ты хацеў?

Калігула (тым самым звычайным голасам). Поўню.

Гелікон. Што?

Калігула. Але-але, я хацеў поўню.

Гелікон. Ага! (Маўчанне. Падыходзіць бліжэй.) Навошта?

Калігула. Ну!.. Гэта адна з тых рэчаў, якіх у мяне няма.

Гелікон. Зразумела. Але цяпер — усё ў парадку?

Калігула. Не, я не здолеў яе дастаць.

Гелікон. Прыкра.

Калігула. Так. Таму я і стомлены. (Паўза.) Геліконе!

Гелікон. Слухаю, Гаю.

Калігула. Ты думаеш, я звар’яцеў.

Гелікон. Табе добра вядома, што я так ніколі не думаю. Я не настолькі дурны.

Калігула. Так. I ўсё-ткі! Я не звар’яцеў, наадварот — я ніколі яшчэ не мысліў так ясна. Проста я раптам адчуў патрэбу ў немагчымым. (Паўза.) Звычайны парадак рэчаў мяне болей не задавальняе.

Гелікон. Гэта даволі пашыраная думка.

Калігула. Так. Але раней я гэтага не ведаў. Цяпер ведаю. (Тым самым звычайным голасам.) Гэты свет немагчыма трываць такім, які ён ёсць. Таму мне і патрэбна поўня ці шчасце, ці несмяротнасць, ці нешта яшчэ — няхай, можа, і на мяжы з шаленствам, але каб яно было не з гэтага свету.

Гелікон. Як разважанне яно досыць стройнае. Але ўвогуле — яго немагчыма вытрымаць да канца.

Калігула (устае, з ранейшаю прастатой). Ты нічога ў гэтым не разумееш. Менавіта таму, што яны ніколі не вытрымлівалі яго да канца, яны нічога і не дабіваліся. Але, можа, досыць якраз проста заставацца да канца лагічным. (Глядзіць на Гелікона.) Я ведаю, пра што ты думаеш. Столькі шуму праз смерць нейкай кабеты! Не, усё зусім не так. Я, праўда, прыгадваю, што некалькі дзён назад, здаецца, памерла жанчына, якую я калісьці кахаў. Але што такое каханне? Драбяза. I гэтая смерць тут ні пры чым, клянуся табе. Яна толькі стала знакам той ісціны, якая прымусіла мяне адчуць патрэбу ў поўні. Гэта вельмі простая і вельмі ясная ісціна, крыху недарэчная, але яе цяжка адкрыць і цяжка насіць у сабе.

Гелікон. I ў чым жа гэтая ісціна, Гаю?

Калігула (адвярнуўшыся, невыразным голасам). У тым, што людзі паміраюць і яны няшчасныя.

Гелікон (пасля пэўнай паўзы). Але ж, Гаю, з такою ісцінай усе цудоўна звыкаюцца. Зірні вакол. Ты не ўбачыш нікога, у каго ад яе кавалак у горла не лезе.

Калігула (з нечаканым запалам). Але гэта значыць, што ўсё вакол толькі мана, а я хачу, каб людзі жылі ў ісціне! Я ж ведаю, Геліконе, чаго ім бракуе. Ім бракуе ведаў, і яны не маюць настаўніка, які б разумеў, пра што кажа.

Гелікон. Не крыўдуй, Гаю, за тое, што я зараз табе скажу. Але табе спачатку варта было б адпачыць.

Калігула (сядаючы, лагодным голасам). Гэта немагчыма, Геліконе, гэта ўжо ніколі не будзе магчыма.

Гелікон. Не разумею чаму?

Калігула. Калі я буду спаць, хто дастане мне поўню?

Гелікон (пасля пэўнай паўзы). Твая праўда.

Калігула з прыкметным намаганнем устае.

Калігула. Паслухай, Геліконе. Я чую, сюды ідуць, ужо даносяцца галасы. Захоўвай жа маўчанне і забудзь, што толькі што мяне бачыў.

Гелікон. Усё зразумела.

Калігула ідзе да выхаду. Азіраецца.

Калігула. I, калі ласка, з гэтага часу — дапамагай мне.

Гелікон. У мяне няма прычыны не рабіць гэтага, Гаю. Але я многа ведаю, і мяне мала што ўжо цікавіць. У чым жа я магу табе дапамагчы?

Калігула. У немагчымым.

Гелікон. Я буду старацца.

Калігула выходзіць.

Таропка ўваходзяць Сцыпіён і Цэзонія.

Сцэна V

Сцыпіён. Тут нікога няма. Ты не бачыў яго, Геліконе?

Гелікон. Не.

Цэзонія. Геліконе, а ён, праўда, нічога табе не казаў перад сваімі ўцёкамі?

Гелікон. Я ж не той, каму ён давярае сакрэты,— я ўсяго толькі яго сузіральнік. Гэта болей разумна.

Цэзонія. Я прашу цябе.

Гелікон. Дарагая Цэзонія, Гай, як усім вядома,— ідэаліст. Іначай кажучы, ён яшчэ не зразумеў. А я зразумеў і таму ні ўва што не лезу. Але ж калі Гай пачне разумець, дык ён, са сваім добрым сэрцайкам, наадварот — зможа ўлезці ва ўсё. I адзін Бог ведае, чаго гэта будзе нам каштаваць. Але, з вашага дазволу,— пара ісці снедаць. (Выходзіць.)