Сцэна VI
Цэзонія стомлена сядае.
Цэзонія. Нейкі вартаўнік, кажуць, яго бачыў. Але цяпер увесь Рым паўсюль бачыць Калігулу. А сам Калігула бачыць толькі сваю ідэю.
Сцыпіён. Якую ідэю?
Цэзонія. Ну адкуль жа мне ведаць, Сцыпіёне?
Сцыпіён. Друзіла?
Цэзонія. Хто можа з упэўненасцю сказаць? Але тое, што ён кахаў яе,— праўда. I праўда, што цяжка бачыць, як сёння памірае той, каго ўчора яшчэ ты сціскаў у абдымках.
Сцыпіён (сарамліва). А ты?
Цэзонія. О! Я — я яго старая каханка.
Сцыпіён. Цэзонія, яго трэба ўратаваць.
Цэзонія. Дык ты яго любіш?
Сцыпіён. Люблю. Ён быў добры са мною. Ён падбадзёрваў мяне, і некаторыя яго словы я знаю на памяць. Ён мне казаў, што жыццё — няпростае, але ёсць мастацтва, рэлігія, каханне, падоранае нам другімі. Ён часта паўтараў, што прымушаць пакутаваць іншых значыць толькі ашукваць сябе. Ён хацеў быць справядлівым.
Цэзонія (устаючы). Ён быў дзіцё. (Ідзе да люстра і аглядае сябе.) У мяне ніколі не было іншага бога, апроч майго цела, і менавіта гэтага бога я хацела б цяпер папрасіць, каб мне вярнулі Гая.
Уваходзіць Калігула. Заўважаючы Цэзонію і Сцыпіёна, ён нерашуча спыняецца і адступае. У гэтую ж хвіліну з іншага боку ўваходзяць патрыцыі і Распарадчык палаца. Яны ўражана нерухомеюць на месцы. Цэзонія азіраецца і разам са Сцыпіёнам кідаецца да Калігулы. Той спыняе іх жэстам.
Сцэна VII
Распарадчык (няўпэўненым голасам). Мы... мы шукалі цябе, цэзару.
Калігула (рэзкім, перамененым тонам). Бачу.
Распарадчык. Мы... я хацеў сказаць...
Калігула (груба). Што вам трэба?
Распарадчык. Мы хваляваліся, цэзару.
Калігула (наступаючы на яго). Хто вам даў права?
Распарадчык. Э-э... ну-у... (Раптам з натхненнем выпальвае.) Але ж ты ведаеш, табе трэба вырашыць пэўныя пытанні наконт дзяржаўнага скарбу.
Калігула (давячыся нястрымным смехам). Наконт скарбу? Але ж і праўда, а то як! Скарб — гэта ж сур’ёзная справа.
Распарадчык. Безумоўна, цэзару.
Калігула (гэтак жа смеючыся, да Цэзоніі). Ці не так, мая дарагая? Скарб — гэта вельмі важна.
Цэзонія. Не, Калігуле, гэта другараднае пытанне.
Калігула. Ды ты проста нічога ў гэтым не разумееш. Скарб мае агромністае значэнне. Усё важна: фінансы, грамадская мараль, знешняя палітыка, забеспячэнне войска і аграрныя законы! Усё, кажу я табе,— вельмі сур’ёзна. Усё аднолькава значна: веліч Рыма і прыступы твайго артрыту. Ну што ж! Зараз я ўсім гэтым займуся. Слухай жа мяне, Распарадчык.
Распарадчык. Мы цябе слухаем.
Патрыцыі падступаюць бліжэй.
Калігула. Ты ж верны мне, так ці не?
Распарадчык (з папрокам у голасе). Цэзару!
Калігула. Дык вось, я маю для цябе план. Мы ў два хады перайначым усю палітычную эканомію. Як — я зараз табе растлумачу... калі патрыцыі пойдуць.
Патрыцыі выходзяць.
Сцэна VIII
Калігула сядае побач з Цэзоніяй.
Калігула. Дык слухай уважліва. Ход першы: усе патрыцыі, усе іншыя жыхары імперыі, у якіх ёсць хоць якая маёмасць — вялікая ці малая, без ніякае розніцы — мусяць у абавязковым парадку пазбавіць сваіх дзяцей спадчыны і адначасова завяшчаць усё на карысць дзяржаве.
Распарадчык. Але, цэзару...
Калігула. Я яшчэ не даваў табе слова. Па меры таго як у нас будзе ўзнікаць патрэба, мы будзем забіваць гэтых людзей згодна са спісам, складзеным намі ў адвольным парадку. Калі што, мы зможам мяняць гэты парадак, зноў жа адвольна. I такім чынам спадчына будзе наша.
Цэзонія (адхіснуўшыся). Што на цябе найшло?
Калігула (непарушна спакойны). Парадак такіх пакаранняў, увогуле, не мае значэння. Ці, дакладней сказаць, усе яны аднолькава значныя, адкуль вынікае, што ніякага значэння ў іх няма. Апроч таго, што адны, што другія — усе яны так ці інакш вінаватыя. I заўважце, дарэчы, што рабаваць грамадзян адкрыта не больш амаральна, чым уводзіць скрыты падатак праз цэны на харчовыя прадукты, без якіх яны ўсё роўна абысціся не могуць. Кіраваць — значыць рабаваць, і гэта ўсім вядома. Трэба толькі ўжываць адмысловыя спосабы. Я ж буду рабаваць шчыра. Затое вы перастанеце крыхаборнічаць. (Распарадчыку, груба.) Ты выканаеш гэты загад без прамаруджвання. Усе рымляне мусяць падпісаць завяшчанні да вечара, жыхары правінцый — найпазней праз месяц. Накіруй пасланцоў.