Распарадчык. Цэзару, ты сабе не ўяўляеш...
Калігула. Слухай мяне добра, дурню. Калі скарб — важны, значыць, чалавечае жыццё — не. Гэта ж ясна. Усе, хто думае так, як ты, павінны пагадзіцца з гэтаю думкай і лічыць сваё жыццё за нішто, бо для іх усё — грошы. Як бы там ні было, я вырашыў быць лагічным, і таму, што ўлада належыць мне, вы ўбачыце, чаго вам будзе каштаваць логіка. Я вынішчу ўсіх і ўсё, што ёй супярэчыць. I калі трэба, пачну з цябе.
Распарадчык. Цэзару, клянуся, мая сумленнасць тут не падлягае сумненню.
Калігула. Мая таксама, можаш паверыць. I ў доказ гэтаму я пагаджаюся прыняць твой пункт погляду і скіраваць усе свае думкі на дзяржаўны скарб. Увогуле, ты павінен мне быць удзячны, бо я прымаю тваю гульню і згаджаюся гуляць тваімі картамі. (Пасля паўзы, спакойна.) Зрэшты, па сваёй прастаце мой план — геніяльны, што само па сабе спыняе ўсякія спрэчкі. У цябе тры секунды, каб знікнуць. Я лічу: раз...
Распарадчык знікае.
Сцэна IX
Цэзонія. Цябе цяжка пазнаць! Гэта жарты, праўда?
Калігула. Не зусім, Цэзонія. Гэта — своеасаблівая педагогіка.
Сцыпіён. Але гэта немагчыма, Гаю!
Калігула. Менавіта!
Сцыпіён. Я не разумею цябе.
Калігула. Менавіта! Бо гаворка якраз пра тое, што немагчыма. Ці, дакладней сказаць,— пра тое, каб немагчымае зрабіць магчымым.
Сцыпіён. Але такая гульня можа завесці далёка. Гэта забавы шаленца.
Калігула. Не, Сцыпіёне, гэта вартасць, якой вызначаюцца пэўныя імператары. (Адкідваецца назад са стомленым выглядам.) Нядаўна я нарэшце ўразумеў карыснасць улады. Яна пакідае пэўны шанц немагчымаму. Ад сёння і да веку мая свабода не знае мяжы.
Цэзонія (з журбою). Не ведаю, Гаю, ці трэба гэтаму радавацца.
Калігула. I я не ведаю. Але, па-мойму, гэтым трэба жыць.
Уваходзіць Хэрэя.
Сцэна X
Хэрэя. Я даведаўся, што ты вярнуўся. Малю неба за тваё здароўе.
Калігула. Маё здароўе ўдзячна табе. (Паўза, раптам.) Ідзі прэч, Хэрэя, я не хачу цябе бачыць.
Хэрэя. Я здзіўлены, Гаю.
Калігула. Не здзіўляйся. Я не люблю літаратараў і не цярплю іхняй хлусні. Яны гавораць, каб не чуць саміх жа сябе. Каб яны сябе чулі, яны даведаліся б, якая ўсе яны нікчэмнасць, і больш не мянцілі б сваім языком. А мне ўжо ўсё — кропка, мне лжэсведкі агідныя.
Хэрэя. Калі мы і хлусім, то часцей ненаўмысна. Я тут не бачу віны.
Калігула. Хлусня ніколі не бывае бязвіннай. А вашая надае нейкае значэнне людзям і рэчам. Вось чаго я не магу вам дараваць.
Хэрэя. I ўсё ж нехта павінен быць абаронцам гэтаму свету, калі мы ўсе хочам у ім жыць.
Калігула. Абаронцы не трэба, слуханне справы скончана. Гэты свет не мае значэння, і хто вызнае гэта — набывае свабоду. (Устае.) А вас я ненавіджу якраз за тое, што вы — несвабодныя. Ва ўсёй Рымскай імперыі толькі я — адзін — свабодны. Радуйцеся ж, нарэшце да вас прыйшоў імператар, які вас навучыць свабодзе. А цяпер ідзі прэч, Хэрэя, і ты, Сцыпіён, таксама, сяброўства мяне смешыць. Ідзіце і паведамце Рыму, што свабода нарэшце яму дараваная і што разам з ёю пачынаецца вялікае выпрабаванне.
Хэрэя і Сцыпіён выходзяць.
Калігула стаіць, адвярнуўшыся.
Сцэна XI
Цэзонія. Ты плачаш?
Калігула. Плачу, Цэзонія.
Цэзонія. Але, па сутнасці, што ўжо так змянілася? Ты, праўда, кахаў Друзілу, але ж адначасова ты кахаў і мяне, і шмат іншых жанчын. Адной яе смерці наўрад ці хапіла б, каб прымусіць цябе тры дні і тры ночы бадзяцца немаведама дзе па палях і потым вярнуцца з такім варожым абліччам.
Калігула (павярнуўся). А хто кажа табе пра Друзілу, дурніца? Ты не здольная сабе ўявіць, каб чалавек мог плакаць праз нешта іншае, апроч кахання?