Цэзонія (разгублена, паміж ударамі гонга). Мне клясціся няма патрэбы, бо я кахаю цябе.
Калігула (б'е). Ты зробіш усё, што я буду табе казаць.
Цэзонія (гэтак жа разгублена). Усё, Калігула, але спыніся.
Калігула (па-ранейшаму б'е). Ты будзеш з усімі жорсткая.
Цэзонія (плачучы). Жорсткая.
Калігула (б'е). Халодная і няўмольная.
Цэзонія. Няўмольная.
Калігула (б'е). I ты будзеш таксама пакутаваць.
Цэзонія. Буду, Калігула, але я ўжо вар’яцею.
Убягаюць страшэнна збянтэжаныя патрыцыі і дварцовая чэлядзь. Калігула б’е апошні раз, заносіць малаток, але азіраецца на іх і кліча.
Калігула (як ашалелы). Хадзіце сюды! Бліжэй. Падыходзьце, я вам загадваю. (Тупае нагамі.) Імператар патрабуе падысці! (Усе падступаюць у вялікім жаху.) Жвавей! А цяпер падыдзі ты, Цэзонія. (Бярэ яе за руку, падводзіць да люстра і як апантаны стараецца саскрэбці малатком адбітак з гладкай паверхні. Смеючыся.) Ну вось, бачыш? Нічога няма. Ніякіх больш успамінаў, усе твары зніклі! Нічога! А ведаеш, што засталося? Падыдзі бліжэй. Зірні! I вы падыходзьце. Глядзіце. (З выглядам шаленца стае насупраць люстра.)
Цэзонія (гледзячы з жахам у люстра). Калігула!
Калігула (перамяніўшыся ў твары, прыкладае палец да люстра і раптам, пільна ўзіраючыся ў яго, трыумфальна прамаўляе). Калігула.
ЗАСЛОНА
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
Сцэна I
Патрыцыі сабраліся ў доме ў Хэрэі.
Першы патрыцый. Ён абражае нашую годнасць!
Муцый. Ужо тры гады!
Стары патрыцый. Ён называе мяне сваёй ясачкай! Робіць мяне пасмешышчам! Смерць яму!
Муцый. Ужо тры гады!
Першы патрыцый. Выпраўляючыся на шпацыр за горад, ён прымушае нас бегчы побач са сваімі насілкамі!
Другі патрыцый. I кажа, што бег карысны нашаму здароўю.
Муцый. Ужо тры гады!
Стары патрыцый. Гэтаму няма прабачэння.
Трэці патрыцый. Так, гэтага нельга болей дараваць.
Першы патрыцый. У цябе, Патрыкій, ён канфіскаваў маёмасць, у цябе, Сцыпіён, забіў бацьку, у цябе, Актавій, забраў жонку і прымушае яе рабіць у публічным доме, а ў цябе, Лепід, ён забіў сына. I вы ўсё гэта стрывалі? Што датычыць мяне, я ўжо зрабіў свой выбар. Я не магу больш вагацца паміж рызыкай, якую мой выбар вымагае, і гэтым невыносным жыццём у бяссільнасці і страху.
Сцыпіён. Забіўшы майго бацьку, ён вырашыў за мяне.
Першы патрыцый. Дык вы яшчэ вагаецеся?
Трэці патрыцый. Мы з табой. Ён аддаў нашыя месцы ў тэатры просталюдзінам і прымусіў нас біцца з плебеямі, каб потым толькі яшчэ больш пакараць.
Стары патрыцый. Ён подлы нягоднік!
Другі патрыцый. Цынік.
Трэці патрыцый. Камедыянт.
Стары патрыцый. Імпатэнт.
Чацвёрты патрыцый. Ужо тры гады!
Беспарадкавыя воклічы. Бразгат зброі. Падае паходня. Перакульваецца стол. Усе кідаюцца да дзвярэй. Але раптам у іх з непарушна спакойным выглядам узнікае Xэрэя, які спыняе агульны парыў.
Сцэна II
Хэрэя. Куды гэта вы так спяшаецеся?
Трэці патрыцый. У палац.
Хэрэя. Я так і зразумеў. I вы думаеце, вас туды пусцяць?
Першы патрыцый. Мы і не будзем пытаць дазволу.
Хэрэя. Якія вы раптам зрабіліся смелыя! Вы, прынамсі, дазволіце мне прысесці ў маім доме?
Дзверы зачыняюць. Хэрэя ідзе да перакуленага стала і сядае на край. Усе яго абступаюць.
Хэрэя. Усё не так проста, як вам здаецца, мае сябры. Страх, які вы адчуваеце, не заменіць вам мужнасці і вытрымкі. Вашыя захады скараспелыя.
Трэці патрыцый. Калі ты не з намі, заставайся, але трымай язык за зубамі.
Xэрэя. Мне, аднак, здаецца, што я з вамі. Але па іншых прычынах.
Трэці патрыцый. Досыць балбатні!
Xэрэя (выпростваецца). Але, досыць балбатні. Я хачу, каб ува ўсім была яснасць. Бо калі я і з вамі — я не за вас. Менавіта таму мне здаецца, што план, які вы абралі, няўдалы. Вы яшчэ не вывучылі як след свайго ворага, вы прыпісваеце яму дробязныя памкненні. А памкненні ў яго самыя велічныя, і вы ідзяце на сваю згубу. Навучыцеся спачатку бачыць яго такога, які ён ёсць, і тады вам лягчэй будзе з ім змагацца.