Трэці патрыцый. Мы і бачым яго такога, які ён ёсць,— найшалёнейшага з тыранаў!
Хэрэя. Не зусім. Звар’яцелых імператараў мы ўжо бачылі. Але гэты звар’яцелы не цалкам. I больш за ўсё я ненавіджу яго менавіта за тое, што ён ведае, чаго хоча.
Першы патрыцый. Ён хоча ўсім нам смерці.
Хэрэя. Не, гэта ў яго не галоўнае. Ён выкарыстоўвае сваю ўладу дзеля болей высокай і болей смяротнай мэты, ён пагражае самім асновам таго, чым мы жывём. Без сумневу, у нас ён не першы, хто мае бязмежную ўладу, але ён першы, хто карыстаецца ёю бязмежна, адмаўляючы і чалавека, і сам гэты свет. Вось што ў ім самае страшнае і вось з чым я хачу змагацца. Проста страціць жыццё — невялікая штука. На гэта, калі яно будзе трэба, мужнасці ў мяне стане. Але глядзець, як у цябе на вачах рассыпаецца сэнс жыцця, як знікае астатняя апора нашаму існаванню,— гэтага цярпець немагчыма. Нельга жыць без ніякай апоры.
Першы патрыцый. Помста — вось наша апора.
Хэрэя. Так, і я падзяляю яе разам з вамі. Але раблю гэта, як вы, напэўна, здагадваецеся, не дзеля спагады да вашай дробязнай крыўды. А дзеля таго, каб змагацца з вялікай ідэяй, перамога якой азначала б канец гэтаму свету. Я магу пагадзіцца, каб вас выстаўлялі пасмешышчам, але я не магу дапусціць, каб Калігула здзейсніў тое, пра што ён марыць. Я не магу дапусціць таго, пра што ён марыць. Сваю філасофію ён абарочвае ў трупы, і, на наша няшчасце, гэтая філасофія не церпіць пярэчання. Калі ж няможна абвергнуць, трэба звяргаць.
Трэці патрыцый. Значыць, трэба дзейнічаць.
Хэрэя. Трэба дзейнічаць. Але ў лоб вам не адолець гэтай злачыннай улады, пакуль яна поўная сілы. Змагацца можна з сапраўднаю тыраніяй, з бескарыслівым ліхам трэба хітрыць. Трэба дапамагчы яму выспець, счакаць, каб ягоная логіка дайшла да шаленства. Але яшчэ раз усвядомце, і я кажу вам гэта па шчырасці: я з вамі толькі часова. Потым жа — я болей не буду служыць вашым мэтам, я хачу толькі аднаго: вярнуць спакой і суцэльнасць гэтаму свету. I дзейнічаць мяне прымушае не карыслівы помысел, а свядомы страх, страх перад гэтым дзікім утрапеннем, якое зводзіць маё жыццё на нішто.
Першы патрыцый (выступаючы наперад). Здаецца, я зразумеў, хоць, можа, і не зусім. Але галоўнае — ты, як і мы, лічыш, што ён скаланае самыя асновы нашага грамадства. Нам важней за ўсё мараль, ці не так? Разбураецца сям’я, знікае павага да працы, уся краіна кінутая на ганьбаванне. Дабрадзейнасць просіць у нас паратунку, няўжо мы застанемся глухія да яе голасу? Сябры, няўжо вы змірыцеся, каб патрыцыяў кожны вечар прымушалі бегчы побач з цэзаравымі насілкамі?
Стары патрыцый. Няўжо вы дазволіце, каб іх называлі «ясачкамі»?
Трэці патрыцый. Каб у іх забіралі жонак?
Другі патрыцый. I дзяцей?
Муцый. I іхнія грошы?
Пяты патрыцый. Не!
Першы патрыцый. Хэрэя, ты ўсё добра сказаў. I добра зрабіў, што ўтрымаў нас. Дзейнічаць надта рана: сёння народ быў бы супраць нас. Ці ж гатовы ты разам з намі чакаць, калі настане зручны момант?
Хэрэя. Але. Дадзім Калігулу рабіць усё, што ён хоча. Нават больш — дапаможам яму. Зробім усё, каб патураць яму ў шаленстве. І настане дзень, калі ён апынецца сам-насам з цэлай імперыяй мерцвякоў і іх крэўных.
З усіх бакоў уздымаюцца воклічы. Знадворку чуваць гукі трубаў. Запаноўвае маўчанне. Потым з вуснаў у вусны перабягае імя: «Калігула».
Сцэна III
Уваходзяць Калігула і Цэзонія, за якімі ідуць Гелікон і салдаты. Нямая сцэна. Калігула спыняецца і глядзіць на змоўнікаў. Моўчкі пераходзіць ад аднаго да другога, папраўляе аднаму кудзер, перад другім адступае, каб лепей разгледзець, зноў азірае ўсіх, праводзіць рукою па вачах і, не прамовіўшы ні слова, выходзіць.
Сцэна IV
Цэзонія (паказваючы на беспарадак у пакоі, з іроніяй). Вы што тут — біліся?
Хэрэя. Так, мы біліся.
Цэзонія (такім самым тонам). I чаму ж вы біліся?
Хэрэя. Мы біліся проста так.
Цэзонія. Значыць, гэта няпраўда.
Xэрэя. Што няпраўда?