Цэзонія. Вы не біліся.
Хэрэя. Значыць, мы не біліся.
Цэзонія (з усмешкаю). Можа, лепш прыбралі б у пакоі. Калігула цярпець не можа беспарадку.
Гелікон (старому патрыцыю). Кончыцца тым, што вы выведзеце яго з сябе!
Стары патрыцый. Але, далібог, што мы яму зрабілі?
Гелікон. Ды ўжо ж менавіта — нічога. Нават цяжка сабе ўявіць, як можна быць такімі няўважнымі?! Урэшце, гэта робіцца ўжо невыцерпным. Пастаўце сябе на месца Калігулы. (Паўза.) Вы ж тут, натуральна, трошкі ладзілі змовы, праўда?
Стары патрыцый. Ды што ты, зусім не, павер мне. З чаго ён выдумаў?
Гелікон. Ён не выдумаў, ён ведае. Але, па-мойму, яму гэтага нават трошачкі хочацца. Ну, давайце дапаможам навесці парадак.
Усе кідаюцца прыбіраць. Калігула ўваходзіць і назірае за імі.
Сцэна V
Калігула (старому патрыцыю). Дзень добры, мая ясачка. (Да астатніх.) Хэрэя, я вырашыў трошкі ў цябе адпачыць і падсілкавацца. Муцый, я дазволіў сабе запрасіць тваю жонку. (Распарадчык б'е ў далоні. Уваходзіць раб, але Калігула яго спыняе.) Хвілінку! Панове, як вам вядома, фінансы ў нашай дзяржаве ледзьве ліпяць, дый тое — па голай звычцы. А з учорашняга дня і звычкі ўжо аказваецца мала. Таму я пастаўлены перад прыкраю неабходнасцю падкараціць абслугу. У духу самаахвяравання, якое вы, я ўпэўнены, высока ацэніце, я вырашыў паменшыць колькасць чэлядзі ў сваім палацы і, адпусціўшы колькі рабоў, узяць вас да сябе на службу. Зрабіце ж ласку накрыць на стол і падаць стравы.
Сенатары пераглядаюцца ў нерашучасці.
Гелікон. Ну, ну, панове, трошкі жвавей. Вы хутка самі пераканаецеся, што спускацца па сацыяльнай лесвіцы намнога прасцей, чым па ёй падымацца.
Сенатары нерашуча зрушваюць з месца.
Калігула (Цэзоніі). Якое пакаранне ў нас прадугледжана нядбайным рабам?
Цэзонія. Бізун, здаецца.
Сенатары кідаюцца жвава, але няспрытна накрываць на стол.
Калігула. Гэй, гэй, крыху акуратней! I трошкі болей парадку, парадак — гэта галоўнае! (Гелікону.) Здаецца, яны зусім страцілі спрыт.
Гелікон. Праўду кажучы, у іх яго і не было ніколі, хіба што на тое, каб біць ды камандаваць. Давядзецца набрацца цярпення, нічога не зробіш. Каб зрабіць сенатара, хопіць і аднаго дня, а вось на працаўніка трэба гадоў дзесяць.
Калігула. Але баюся, каб зрабіць працаўніка з сенатара, дык і ўсе дваццаць спатрэбіцца.
Гелікон. I ўсё ж у іх сёе-тое атрымліваецца. Па-мойму, у іх прызванне! Рабства — якраз тое, што ім вельмі добра падыдзе. (Адзін сенатар абцірае лоб.) Глядзі, яны нават пачынаюць пацець. Першы этап ужо пройдзены.
Калігула. Цудоўна. Але не будзем занадта патрабавальныя. Бо ўжо і так няблага. I апроч таго — зрэдку аддаць належнае справядлівасці ніколі не шкодзіць. Дарэчы, наконт справядлівасці: трэба спяшацца, у мяне ж на сёння яшчэ прызначана пакаранне. Ах, усё-ткі шанцуе Руфію, што я гэтак прагаладаўся. (Даверлівым тонам.) Руфій — гэта той коннік, які мусіць сёння памерці. (Паўза.) Вы не пытаецеся, чаму ён мусіць памерці?
Агульнае маўчанне. У гэтай паўзе рабы ўносяць стравы.
Калігула (у добрым гуморы). Ну што ж, як бачу, вы пачынаеце разумець. (Закідвае ў рот аліву, жуючы.) Нарэшце вы сцямілі, што зусім неабавязкова нешта зрабіць, каб памерці. Салдаты, я задаволены вамі! Што скажаш на гэта, Гелікон? (Перастае жаваць і здзекліва пазірае на астатніх.)
Гелікон. Безумоўна! Якое войска! Але, мушу зазначыць, яны сталі занадта разумныя і цяпер не захочуць біцца. Калі так пойдзе далей, імперыя загіне!
Калігула. Цудоўна. А цяпер адпачнём. Сядайце як папала. Не будзем трымацца афіцыйнага пратакола. I ўсё-ткі шанцуе гэтаму Руфію. Хоць я ўпэўнены, што ён зусім не ацэніць гэтай маленькай адцяжкі. А тым не менш, што можа быць каштоўней за тыя колькі гадзін, якія пашчасціць выйграць у смерці?
Пачынае есці, іншыя таксама. Адразу відаць, што ён не ўмее паводзіць сябе за сталом. Ён мог бы не кідаць костачак ад алівак у талеркі суседзям, не выплёўваць недаедкаў мяса на блюда ці не калупаць пазногцем у зубах і не чухаць з такой утрапёнасцю галавы. Тым не менш за ежай ён менавіта ўсім гэтым і займаецца, зусім не саромеючыся. Але раптам ён перастае есці і скіроўвае пільны позірк на аднаго з сваіх суседзяў за сталом, Лепіда.