На гэты «суп» адных дзяцей ніколі не пускаюць, а з бабуляю іх пусцілі. Уплішчыліся ў адну машынку, бабуля прытуліла Колю да сябе леваю рукою, а Толю - праваю. Дзядзькі падштурхнулі машынку і... паехалі-пагрукаталі, паляцелі паляскацелі... За імі яшчэ машынкі, яшчэ... Сядзелі ў тых машынках дарослыя дзяўчаты і хлопцы, і ўсе адразу закрычалі: «Ух-ха! Ух ты!», завішчалі. Машынка то ўзбіралася высока-высока, то падала ўніз, як у прорву, і сэрцы ў Толі і Колі трапяталі і падскоквалі пад самае горла.
- Бабуля... А чаму ты... не вішчыш? - пракрычаў ёй у вуха Толя.
- А чаго? Ніколечкі не страшна.
- І я не ба... Ой-і-і-і! Ай-і-і-і! - завёў тоненька Коля.
Урэшце машынкі спыніліся ўнізе. Вылезлі, і бабуля - «Гуляць дык гуляць!» - павяла іх на «Халі-галі». А ўжо хапіла б і «супа», хлопцы здаволіліся.
На «Халі-галі» іх таксама пусцілі толькі таму, што з бабуляю... Дыск вялізны-вялізны, паўз край па крузе кабінкі-лавачкі на двух чалавек. Усе садзіліся па двое, толькі яны ўтраіх. «Зашчапіце поручні! Увага!» - скамандаваў з будачкі дзядзька ў мікрафон. Загарэліся, пачалі мігаць вакол «Халі-галі» каляровыя лямпачкі, заспявала радыё вясёлую песеньку. Дыск спачатку закруціўся, як патэфонная пласцінка, і ўсё хутчэй, хутчэй... Берагі дыска пачалі то падымацца, то апускацца. Потым штосьці нібы падхапіла гэты дыск з усімі кабінкамі і людзьмі, павяло, шпурнула ўбок і пачало ганяць па крузе. Здавалася, што ўсё наўкола кружыцца, уздыбілася зямля, пачало скакаць угору ўніз расквечанае агнямі неба. Крыкі наўкол, віск - аж глушаць! А бабуля ні разу не віскнула, не войкнула. Толя і Коля з усяе моцы стараліся маўчаць, сціскалі зубы. Ім зрабілася млосна, у галаве, здаецца, усё перакруцілася дагары нагамі. Яшчэ б секундачка, яшчэ б дзве - і не вытрывалі б. Але пачало суцішацца вярчэнне і кручэнне, заміраць... Ш-ш-ш! Стоп...
Бабуля вывела з кабін Толю і Колю пад рукі. Яны не маглі стаяць: уцякала з-пад ног зямля. Давяла іх бабуля да лаўкі, і яны пападалі на яе, паадкідвалі галовы, пазаплюшчвалі вочы.
- Во як выбеліліся... А вы ж кружыліся ўсяго ў адной, ад сілы ў дзвюх плоскасцях. Што ж тады адчуваюць лётчыкі і касманаўты? Іх у трох-чатырох плоскасцях круцяць і кружаць... - Бабуля паказала рукамі, як выпрабоўваюць касманаўтаў. Але хлопцы не хацелі расплюшчваць вачэй. - От ім - цяжка. А гэта - дробязь. Я з парашутам скакала, дык і то, бывала, больш нагушкае і выматае.
- Бабуля, ты была-а парашуты-ы-ыстка?! - расплюшчыў ад здзіўлення вочы, выпрастаўся Толя.
- Была, а як жа! У нямецкі тыл скакала з радыёперадатчыкам. Да партызан, да разведчыкаў... Весткі ад іх у Маскву, на фронт перадавала.
Тут ужо і Коля расплюшчыў вочы, паглядзеў на бабулю. Не можа быць, каб іх бабуля была такая! Яна ж як прыехала, то па ёй нічагусенькі нельга было пазнаць, што яна такая гераічная.
Як ім пашанцавала з бабуляю! Як пашанцавала! Ажно млоснасць адступілася, пасвятлела ў галаве...
Ішлі з парку і моцна трымаліся за бабуліны рукі. Ішлі і з гордасцю паглядвалі на сустрэчных: ніхто не ведае, што ў іх такая бабуля! Незвычайная бабуля, цу-доў-на-я!
Ім здавалася, што яны ўсё яшчэ святкуюць дзень нараджэння і гэта свята будзе працягвацца доўга-доўга.
Папаўненне ў акварыуме
Яшчэ дзень мінуў. Настала пятніца. А за пятніцай, як вядома, ідзе субота, потым нядзеля. У нядзелю - у школу. Як падумаюць пра гэта Толя і Коля, дык ажно сэрцы заміраюць ад невядомага.
Раніцаю Коля хацеў кінуць рыбам лічынак камароў - і нарабіў крыку:
- Ой, а тут ужо ёсць нейкія камары! Не, апалонікі! Чорненькія, а хвосцікі як са студзеню!
Прыбег Толя, прыйшла з лупай, перастала разглядваць свае кактусы бабуля.
- Гэта маляўкі, рыбіныя дзеці, - сказала яна. - Але чые яны?
Памеркавалі, памеркавалі - прызналі, што молі.
- Правільна, малінезіі. Яны жывародныя. Праўда, мечаноска таксама жывародная, - і не вытрывала, каб не здзівіцца: - Але ж і крахатулечкі, мо на паўміліметра!
- А хітранькія якія! Толькі нарадзіліся, а ўжо хітранькія! - пахваліў сваіх рыбак Коля. - Ведаюць, як хавацца ад вялікіх!
А маляўкі і праўда ведалі. Пазалазілі на лісцікі лімонніку, на тыя, што каля самай паверхні. Яны ўвагнутыя, у іх патрошку вады. У гэтых начовачках маляўкі і дрэмлюць, плюхаюцца. Ім там спакойна, ніводная рыбіна не бачыць, нават не здагадваецца пра іх схованку. Бо маглі б і праглынуць: маляўкі меншыя за лічынак камара!
- Раз, два, тры... Пяць!.. А во шэсць, сем! - пачаў лічыць Коля.
- Вунь яшчэ адзін з зелля выблытваецца... Не - два! Дзевяць усіх! - радаваўся і Толя.