Толя і Коля моцна сціскалі бабуліны рукі, не адставалі ні на крок. У аднаго ў левай, у другога ў правай руцэ было па тры гладыёлусы - белы, ружовы і цёмна-чырвоны, ледзь не аксамітны.
- Гэй, першаклашкі, а ці пад'елі маннай кашкі? - абагнаў іх нейкі хлапчук-бальшун. Свой букет ён трымаў пад пахаю, як венік, з якім ходзяць у лазню.
Хлопцы дружна паказалі яму языкі.
Каля газетнага кіёска на рагу вуліцы стаяў Сцёпа Мармышка з моднаю сумкаю цераз плячо. Шыкоўная сумка, з замежным надпісам на баку - «Adidas». Сцёпа купляў значкі і жаваў гумку. У вітрыне было многа-многа значкоў пра Ваўка і Зайца.
Ледзь стрымаліся Толя і Коля, каб не папрасіць у бабулі: «Купі!»
Сцёпа пайшоў за імі. На грудзях блішчалі значкі, як медалі ў ветэрана вайны. Калі Толя і Коля азіраліся, Мармышка выдзімаў на губах брудна-шэры гумавы пузыр і вылупліваў на іх вочы - пацвяляў. Во, маўляў, які я самастойны... Што хачу, тое і раблю! І сам у школу іду!
На школьным двары было поўна людзей - і дарослых, і дзяцей, і ўсе з кветкамі. Людзі перамаўляліся, тупалі на месцы ад нецярпення. Першакласнікі цягнулі шыі, пазіралі па баках. Большыя дзеці гойсалі па двары, мітусіліся, галёкалі, і ад гэтага здавалася, што іх у два разы больш. У шум і гоман урываліся гукі «Школьнага вальса» - на сцяне школы вісеў рэпрадуктар. Чырванела над ганкам палотнішча з белымі літарамі: «Калі ласка!»
І вось на высокі ганак выйшлі мужчына і жанчына.
«Дырэктар Мікалай Кірылавіч... І завуч - Аксана Фёдараўна...» - зашапталі жанчыны. Раптам рэпрадуктар сціх.
- Таварышы! Усіх першакласнікаў прашу пастроіць спераду, - сказаў дырэктар. - Смялей, смялей! Па класах станавіцеся...
Пакуль мамы і бабулі выстройвалі першакласнікаў, з дзвярэй пачалі выходзіць тыя, для каго гэты школьны год будзе апошнім, і станавіцца шарэнгай насупраць іх.
І вось дырэктар пачаў гаварыць прамову, вітаць дзяцей і дарослых, віншаваць са святам першага званка. Ён стрымана ўсміхаўся, нібы прыхоўваў сваю сапраўдную ўсмешку на потым. Затое Аксана Фёдараўна ўсміхалася шырока, сонечна, цёпла, нібы і дзеці, і дарослыя зрабілі ёй вельмі прыемны падарунак. Як скончыла яна гаварыць сваю прамову, з рэпрадуктара зноў палілася музыка - не то марш, не то полька. Старшакласнікі ступілі па два крокі і пачалі ўручаць першакласнікам па адной кветачцы, па кніжцы і паштоўцы з віншаваннем.
Колю давала падарунак дзяўчынка з рабацінкамі на носе, з дзвюма коскамі-хвосцікамі, якія весела тырчалі ў бакі.
А Толю трапіўся «акулярык». Ён паціснуў яму руку як даросламу і замест віншавання спытаў: «У шахматы гуляеш? Ну і малаток!»
А потым усе пайшлі па сваіх класах, а дарослыя ў залу на сход.
- Я вас завяду, завяду! - сказала бабуля. - Вам у першы «А», я ведаю дзе... Глядзіце, якою нагою ступіце на школьны парог. Лепш - праваю... Ёсць такі забабон.
- Гэты бабон бабулі выдумалі? - недачуў крыху Толя.
Каля парога школы хлопцы азірнуліся. На прыступкі ўзышло ўжо многа людзей, напіралі на іх. Стаяў натоўп яшчэ і каля ганка. У прагалачку паміж людзей Толя і Коля заўважылі, што амаль каля самых прыступак стаяць мама і тата, трымаюцца за рукі. Мама выцірае хусцінкаю вочы.
- Шчасліва! - усміхнулася ім мама.
- Шчасліва!.. - махнуў тата абедзвюма рукамі.
І хлопцы ступілі цераз парог, нават не заўважылі - якою нагою...