І тут штосьці залапатала па лісці. Пясок на двары зрабіўся рабы ад чорных плямак-кропель. З неба да зямлі павіслі бліскучыя, празрыстыя вяровачкі.
- Што гэта льецца? - падпоўз да мяне Боб. Высунуў язычок, каб злавіць колькі кропель. Думаў мо, што малако.
І я высунуў язык, лізнуў.
- Гэта не малако. Не той смак, - сказаў я.
Мы выпаўзлі з будкі. І тут нас пачалі дзяўбці і біць кроплі. Халодныя, колкія. Але ад іх не балела. Наадварот, перасталі балець нашы гузакі.
- Гэ-гэй! Гэта дождж! Ён - мокры! - здагадаўся Боб.
- Гэ-гэй! - закрычаў і я. - Мы не баімся нясмачнага дажджу!
Эх, каб з неба лілося замест дажджу малако! Еш - не хачу, купайся ў ім з галавой!
Я паплюхаў лапамі па маленькай лужыне каля будкі, потым па большай, крыху далей. Апырскаў Боба з галавы да кончыка хваста. Вось так! Вось та-ак! А Боб - мяне... А я - яго... А Боб...
- Вы чаго тут мокнеце, як сабакі? - Раптам выскачыла з-за будкі мама Пальма. - Прастудзіцеся!
Мы шмыганулі ў будку.
Каля ўвахода мама страсянулася ўсім целам, у бакі паляцеў дождж.
- І вы атрасіцеся трохі. А то доўга сохнуць будзеце! Во так, глядзіце... - Яна страсянулася яшчэ раз. У бакі зноў паляцеў дождж, толькі меншы.
Я паспрабаваў страсянуцца - і ўпаў.
Паспрабаваў Боб - упаў.
- Эх вы! Нічога вы яшчэ не ўмееце. Пара, пара брацца з вамі за навуку.
Першы мамін урок
- Эх вы! - паўтарыла мама дакорліва. - І чаго вы так марудна расцяце? - Яна аблізвала нас, сушыла языком і не пераставала гаварыць. - Ну, хто з вас можа натапырыць вушы? Э-э, ніхто... А ў вашага таты прыгожа вушы тырчаць... Ну, тады паварушыце імі... Таксама не можаце? А сабакам без гэтага не абысціся. Мы гэтак знакі адзін аднаму падаём, «гаворым».
Мы дружна ўздыхалі: праўда, чыстая праўда, не слухаюцца нас вушы. Эх, каб хутчэй вырасці!
- А хвосцікі як? Слухаюцца вас хвосцікі?
- Ага, мамка! Слухаюцца! - закрычаў Боб.
- Боб навучыўся падціскаць хвост ад страху, - сказаў я.
Боб пакрыўдзіўся.
- Я і задзіраць магу! Во, глядзіце, які вялікі абаранак на спіне.
- Хо, і я магу хвосцік абаранкам рабіць, - сказаў я.
- Ну і абаранкі ж у вас! Не абаранкі - сушкі маленькія. Ёсць такія - цвёрдыя, як костка. Толя даваў мне - смачныя. Калі-небудзь і вы пакаштуеце, навучыцеся цвёрдае есці. Ну, а зараз я не пра гэта. Задзярыце хвосцікі і памахайце імі!
Мы закруцілі хвосцікі на спіну.
- Малайцы. Калі поўны абаранак, хвост напружаны, то гэта многае можа азначаць. Або ў сабакі цудоўны настрой. Або мы ўстрывожаныя, раззлаваныя. Калі ж не поўны абаранак рабіць і крыху памахаць хвастом, значыць: «Прывітанне!» Гэта калі далекавата бачыш знаёмага сабаку. Калі ж добры прыяцель, то трэба махаць мацней і часцей. Сыходзьцеся і лізніце адзін аднаму куточкі рота. Можна і носам пацерціся, паторкаць у пысу яму. Калі ж сапраўды блізкі сябар, то віляць трэба з усёй сілы, прыціскаць вушы да галавы, моршчыць лоб, усміхацца куточкамі губ, лізаць, прытанцоўваць, пакручвацца ў бакі. Я помню, яшчэ малыя былі Толя і Коля, па паўтара года, ці што, прыехалі яны з горада на лета. Тэп, тэп, ідуць да будкі. То я так узрадавалася, так віляла - пазбівала хвастом з ног аднаго і другога.
- Ха-ха-ха! - засмяяліся мы з Бобам.
- Нічога тут смешнага няма. Усё трэба ў меру рабіць, бо часам і за падлізванне, падхалімства гэта могуць прыняць. Во, яшчэ быў выпадак. Непадалёку ад нас хлапчук Генка жыве, у яго вялікі сабака Султан... Ага, дык тады Генку было гадоў пяць, а Толю і Колю па тры. Пакрыўдзіў Генка Колю... Я адразу заступілася, таўханула Генку лапамі ў плечы. Ён і брыкнуў. Коля раве, Генка ўпаў - раве... Дарослыя людзі набеглі, пачалі крычаць на мяне, думалі - я ўкусіла яго. Запомніце, сынкі: сабакі ніколі не кусаюць малых дзяцей - ні сваіх, ні чалавечых, нічыіх... Але я пачала пра другое. А пра што мы спачатку гаварылі?
- Пра хвосцікі, - падказаў я.
- А-га-а. Пра хвасты. Паўтараю, без хваста ў сабачай гаворцы не абысціся. Не ўсе людзі гэта ведаюць і разумеюць. Ёсць некаторыя пароды сабак, якім адсякаюць хвасты яшчэ маленькім. Баксёрам, напрыклад. Яны падрастаюць і не помняць нават, што мелі некалі нармальны сабачы хвост. Нават ганарацца, што яны бясхвостыя, паглядаюць фанабэрыста на іншых. А чым ты ганарышся? Тым, што калека? Не лезь, Боб, не падлабуньвайся... Яшчэ рана карміцца: я не скончыла ўрока.
Я схапіў Боба за хвост і адцягнуў ад мамінага жывата. Бач ты яго, хітранькі! Пакуль я развесіў вушы і слухаю, ён давай прыладжвацца, каб пасмактаць.