- Не!
- Ну, то і добра. Нам менш работы, а табе лягчэй дамоў будзе ехаць... Пастаў тут подпіс - і ты вольны.
- Як - вольны?
- Вось так. Вольны - і ўсё. Ды болей да нас не трапляй.
САПРАЎДНЫ СЯБРА
Дзень толькі-толькі меў пачацца. Сонца яшчэ не выглянула з-за далягляду, і гмахі высотных будынкаў выдаваліся спрэс шэрымі. Лета павярнула на другую палову, і святая Ганна студзіла ўжо штораніцы. Пасля застаялага, спёртага, але цёплага паветра камеры на вуліцы па целе прабеглі лёгкія дрыжыкі. Вяртацца ў будынак вакзала, каб зноў трапіць у лапы міліцыянтам, не хацелася. Адзінае месца, дзе можна было прытуліцца чалавеку без кватэры, рэчаў і грошай, - лаўка ў скверы, што побач з Прывакзальнаю плошчаю. Матыль заняў самую апошнюю, самую далёкую, каб не муляць вока міліцэйскаму патрулю, што снаваў па алеі ўздоўж вуліцы Бабруйскай. Сеў, сціснуўся ды стаў чакаць першых промняў сонца.
Па вуліцы загрукаталі першыя трамваі, на чыгунцы лязгалі счэпамі вагонаў цягнікі. Мармулак ні аб чым не думаў, нічога не планаваў на будучае, а толькі абыякава назіраў за тым, што адбывалася наўкола. Вось нейкі стары ханыга, кудлаты, з нечасанаю галавою, абышоў сквер, пакорпаўся ў кожнай сметніцы, зазірнуў пад кожную лаўку, сабраў у рваную торбу пляшкі, што пакінулі за святую ночку пасля сябе закаханыя ды госці сталіцы, і знік за шчыльнымі радамі "камкоў". Міліцэйскі патруль яшчэ раз безвынікова прайшоўся па алеі і звярнуў на Маскоўскую вуліцу - можа, там пашанцуе. I зноў Пётр застаўся адзін на адзін з ранішняю ахалодаю.
Мармулак дрыжаў як асінавы ліст. Лязг зубоў перасільваў грукат электрычкі. Нечакана побач нехта сеў. 3 вялікаю патугаю Матыль павярнуў галаву да суседа. Нікчэмны стары шарамыга сядзеў з ім побач і сваімі бляклымі вачыма глядзеў на яго.
- Задубеў? - прашамкаў бяззубым ротам пачварнага выгляду дзед.
У адказ галава хлопца затрэслася яшчэ болей.
- На, глыкні піва, - рука ў жабрака трэслася рыхтык як Мармулкава галава. - Мо дапаможа.
Адразу было бачна, што стары разбіраўся ў піве, бо набыў лідскае, але піва было таксама халоднае і ад яго дрыжыкі апанавалі ўсё цела. Халодная шурпатая рука легла на лоб.
- Тэмпература ў цябе, - упэўнена зазначыў стары і сказаў, - Табе трэба адляжацца дзень-другі. Ідзі дамоў.
- А куды я пайду? ~ хлюпнуў носам Матыль. - Мне няма куды ісці.
- Справа зразумелая... тады хадзем да мяне.
Двухпакаёвая кватэра сучаснага жабрака мела даволі прыстойны выгляд. На сценах і падлозе - персідскія дываны як сімвал дабрабыту. Крышталёвыя вырабы ламалі паліцы шаф, а паліцы, поўныя кніг, ды піяніна казалі штосьці і пра духоўныя запатрабаванні таго, хто тут жыў.
"Жабрацтва, відаць, прыносіць някепскі прыбытак", - адзначыў для сябе Пятро, але сам гаспадар ніяк не патлумачыў тае сітуацыі, а толькі заўважыў:
- Ты ў мяне першы госць.
Першы госць няведама ад якога часу сапраўды пачуваў сябе дрэнна. Надта балела галава, ва ўсім целе адчуваўся жар, раз-пораз стала пакідаць свядомасць. Хацелася як мага хутчэй легчы ў ложак.
Гаспадар думаў на гэты конт інакш. Напачатку ён прагледзеў дакументы хворага. Прагледзеў больш уважліва, чым у міліцыі. Пасля гэтага прапанаваў абмыцца ў ванне. Пятро яшчэ помніў, як зайшоў туды і ўключыў ваду. Прачнуўся ён толькі праз тры дні ў чыстым ложку. На століку стаялі лекі, у пакоі была цішыня. Да прыбіральні і назад давялося ісці, трымаючыся за сценку. Хвароба сапраўды адняла шмат сілы.
Гаспадар з’явіўся пад вечар. Кішэні яго былі набітыя папяроваю драбязою, у асноўным пяцідзесяцікапеечнымі купюрамі. Стары вылажыў свой дзённы здабытак на стол, а сам пайшоў у ванну. Праз паўгадзіны часу вярнуўся, пераапрануты ў спартыўны імпартны касцюм. Схадзіў на кухню, прынёс адтуль пляшку каньяку, поўны сподак нарэзанай кружкамі сухое каўбасы і пару лустачак кменнага хлеба.
- Праз гадзіну згатую вячэру. А зараз давай па кілішку. Дзень быў не самы кепскі. Табе, як доктар, таксама рэкамендую. Кровазварот будзе лепшы.
На вячэру ў жабрака былі сухое віно, салата з кальмараў, смажаная качка ды разнастайная гародніна. Свой "бедны" стол доктар патлумачыў проста:
- Не трэба на ноч набіваць цяжкаю ежаю страўнік. Тым самым ты ашчаджаеш сваё сэрца.
Упершыню паміж імі адбылася шчырая гутарка.
- Завуць мяне Станіслаў Антонавіч. Былы ўрач-тэрапеўт. Кандыдат медыцынскіх навук. Зараз працую жабраком на Маскоўскай. Працай задаволены. Заробку хапае. Як дакаціўся да такога жыцця? Заеўся з начальствам. Папрасілі. Доўга хадзіў, дабіваўся праўды. Потым надаела. I, як цяпер зразумеў, стаў на правільны шлях.
Споведзь была шчыраю, бо госць маўчаў і, добрасумленна знішчаючы кавалак за кавалкам качку, даваў магчымасць гаспадару выгаварыцца.