Мармулак меў належны жабрацкі выгляд. Акрамя калецкай нагі, ён кульгаў і на другую нагу. Кульгаць па-сапраўднаму яму дапамагалі цвікі, забітыя ў падэшву чаравіка сорак пятага памеру. Шнар на руцэ, папраўлены чырвонаю фарбаю, выглядаў як сапраўдны. Папярэдне ён два дні не галіўся, і рыжае шчацінне густа ўсеяла ніжнюю сківіцу ды надало твару звярыны выгляд. Скамечаны гарнітур як нельга лепей дапаўняў ягоны імідж. Такому можна і падаць.
3 вялікі патугамі дакульгаў да ўваходу ў краму. Сеў. Паклаў на зямлю скамечаную шапку. У яе апусціу ваверачку - пяцьдзесят капеек Нацыянальнага банка незалежнай ды самастойнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, папярэдне "на шчасце" папляваўшы на яе. Яшчэ пяцьдзесят капеек узяў у руку, выставіўшы на паказ пісяг. Паставіў перад сабою картонку з надпісам: "Падайце ахвяры прыднястроўскай вайны", надаў твару жаласлівы выгляд і стаў чакаць, калі ў шапку штосьці ўпадзе. Першай на яго звярнула ўвагу прыбіральшчыца крамы. Запыт яе быў катэгарычны: "Адкуль гэты абарванец тут узяўся?" Матыль вымушаны быў распавесці гісторыю пра тое, як дзетдомаўскі сірата трапіў у савецкае войска ў дывізію слаўнага камандарма Лебедзя, што месцілася ў Прыднястроўі. Калі распаўся Савецкі Саюз, ён і надалей працягваў служыць там, бо вяртацца не было куды. Калі паранілі, звольнілі, а паколькі грамадзянін Беларусі, то стаў нікому не патрэбны. А мясцовыя чыноўнікі ўвогуле ім грэбуюць. Дзе цябе скалечылі, там і пенсію атрымлівай, кажуць.
Легенда падзейнічала на жанчыну. Яна хутка вярнулася, паклала ў шапку два рублі ды падала канапку. Тут жа прыпынілася некалькі вясковых маладзіц, што выйшлі з іржавага мерсэдэса, і падтрымалі прыбіральшчыцу. Настрой узняўся, душа павесялела. Як кажуць людзі, жыць можна! Але хутка абставіны змяніліся. Неўзабаве да Мармулка падышла жанчына ў адзенні, якое нічым не адрознівалася ад ягонага, - ірванае і скамечанае. Твар колеру ўзыходзячага сонца. Нос - пераспелая ажына. У дзвюх торбах - нейкія парэшткі ежы са сметніцы. 3 торбаў і ад самой жанчыны ішоў нясцерпна едкі пах. Гэтая кабета была катэгарычна-непрымірымая да яго, бо бачыла ў ім свайго канкурэнта, а значыць першага ворага.
- Пайшоў прэч, абарванец, - з гэтымі словамі яна замахнулася торбаю на Пятра.
Няведама, як пайшлі б справы далей, але ў гэты момант побач апынуўся Станіслаў Антонавіч, які адштурхнуў жанчыну. На лямант выбеглі прыбіральшчыца і загадчыца крамы. Словамі і кулакамі яны пагналі жабрачку прэч.
У той першы дзень працы Матыль здабыў грошай на дзве пляшкі гарэлкі.
Яшчэ тры дні запар знаходзіўся побач з Мармулкам яго надзейны сябра, а калі ўпэўніўся, што вучань прыжыўся там, пайшоў займацца сваёю справаю.
Жабрацтва - праца, як усе іншыя: патрабуе пэўных высілкаў. Неабходна выходзіць і ў дождж, і ў снег, у мароз і спёку. Адно, чым цешыў сябе Пятро, ён быў нечым падобны на камерсанта: свае грошы здабываў сам. У такіх жа ўмовах даводзілася працаваць калгаснікам, будаўнікам, але заробак свой у большасці атрымлівалі праз два, а то і тры месяцы. Каб хоць неяк змагацца з інфляцыяй, стаў абменьваць зайчыкі на даляры. Шмат каштоўных парадаў атрымаў ад Станіслава Антонавіча. "Настаўнік" не гнаў яго з кватэры, але ўжо пад весну, калі бабулькі распачалі прадаваць маленькія букецікі пралесак, а птушкі, абуджаныя спрадвечным інстынктам, распачалі віць гнёзды, стаў раз за разам распавядаць сексуальныя анекдоты.
Увідавочкі было зразумела, што неабходна шукаць новае месца жыхарства.
Усё вырашылася само сабою. Аднаго разу Мармулак выбраўся ў горад (так тыя, хто жыве на ўскрайку, называюць цэнтр Мінска), купіў у кіёску "Свабоду" ды прысеў за столікам ля кафэ "Вясна" папіць піва. Насупраць яго сеў мужчына сярэдняга веку і, як у старога добрага знаёмага, запытаў:
- Ты ўжо не працуеш?
- Працую, - незадаволена прабурчэў у адказ Пятро.
- Усё на тым жа месцы? - было такое ўражанне, што незнаёмец сапраўды ведае, чым ён займаецца.
- Там, вядома.
- Далекавата, скажу табе папраўдзе, - сербаючы піва, працягваў гутарку непрыязны з першага пагляду тып. - Месца не бойкае. Навару малавата... Мне пра цябе Стась распавядаў. Калісьці ў адным інстытуце разам вучыліся. Ён жаніцца надумаў. А я хачу крыж на сваім занятку паставіць. Стаміўся, хачу адпачыць. Ёсць нейкі капіталец. Махну на поўдзень, у Ялту. Там састарэлая цётка жыве, абяцала адпісаць на мяне хату з умоваю, што буду даглядаць яе. Калі жадаеш, можаш заняць маё месца. Даволі зручнае і прыбытковае.