Адвакат уладкаваўся ў казённым фатэлі свайго кабінета і стаў прысёрбваць гарачую каву. Мармулак узяў нажніцы і горача прыняўся за справу. Праз дзесяць хвілін "лялька" была гатова. Антон Паўлавіч адставіў філіжанку ўбок, падышоў да Пятра Іванавіча, уважліва агледзеў тварэнне ягоных рук ды ад вялікага ўражання прысвіснуў. Потым паспрабаваў узяць у руку. "Лялька" не змяшчалася.
- Перастараўся, - канстатаваў ён.
—Не. Я адразу планаваў на тры.
- Тры?! Навошта?
- Пракурор і два міліцыянты.
- А ты, я бачу, хлопец-хват.
- Хват, хват, - пакрыўдзіўся Мармулак. - Кожны з вас хоча ўхапіць як мага болей.
- Я сваю долю добрасумленна адпрацаваў - сказаў як адсек адвакат.
- Ім усё мала. Аднялі ў бандытаў цэлы арсенал ды прыхавалі. Збіраюцца несці на "Дынама". Ведаеш, колькі "баксаў" грабануць!
- О! - прагудзеў Антон Паўлавіч. - Гэта істотна мяняе сітуацыю... Крахаборы, крахаборы, - ён стаў мераць пакой. - Вакол адны крахаборы. Але ўсё роўна паперы не псуй. Можа, дзеля чаго спатрэбіцца. У гэтым выпадку ўсё чыніцца проста і нецікава. Пасылаем іх на "Дынама" і паведамляем ананімна кампетэнтным органам. Усё творыцца чыстымі рукамі.
- Прымаецца, - радасна ўскрыкнуў Матыль і распачаў адбіраць лішнія паперкі.
Вярнуліся Піцькін і Мышкаловіч. На іх тварах было напісана, што ўсё падрыхтавана на "выдатна". Найбольшае задавальненне меў радавы Мышкаловіч. "За мужнасць і геройства, праяўленыя пры затрыманні арганізаванага бандфармавання" яго ўзнагародзілі імянным свістком і ўручылі каштоўны падарунак - боты. Начальнік раённага аддзела, у якім служылі міліцыянты, атрымаў ганаровую грамату. Начальнік аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю пры міністэрстве, з-за адсутнасці ў дзяржаве медалёў, меў павышэнне па службе і значную грашовую прэмію.
- Так, калегі па справе, - каб мець больш сур’ёзны выгляд, павесіў на нос акуляры Антон Паўлавіч. - Бачу, што да аперацыі ў нас усё падрыхтавана...
- Хлопцы нават на відэакамеру будуць здымаць, - пахваліўся сяржант Піцькін.
- Значыць, поспех гарантаваны.
- Працуем чыста.
- Аж занадта, - зняў акуляры адвакат. - Куды свой арсенал дзелі, працаўнічкі?
Міліцыянты пераглянуліся, потым скіравалі свае позіркі на Мармулка.
- Здаў?
- Я? - вочы небаракі пакруглелі і сталі падобныя на вочы перапуджанага ката. - Каб мне з гэтага месца не сысці.
- Супакойцеся, калегі! Справа ў іншым. Дзядуля аднёс ваш арсенал да сваёй каханкі, а тая палічыла, што ён здраджвае ёй са сваёй жонкаю, і напісала на дзеда ў міліцыю скаргу. Вашаму начальству. Праўда, прозвішчаў вашых яна не ведае. На месца, так сказаць, здарэння яшчэ ніхто не выязджаў. Таму вам неабходна спяшацца.
Мышкаловіч ірвануўся да дзвярэй.
- Куды? - ускрыкнуў адвакат.
- Што гэта значыць - куды? Сам сказаў спяшацца.
- Пачакайце, пацерпіць. Паўгадзіны туды, паўгадзіны сюды - нічога не зменіцца, - прымірэнча сказаў Мармулак.
- Сапраўды, супакойся, - умяшаўся ў гутарку Піцькін. - Можа, лепш прадаць зброю тут, у сваім аддзеле? Упэўнены, умомант разбяруць.
- Разбяруць, разбяруць, а чым заплацяць? - катэгарычна запярэчыў Мышкаловіч. - "Зайчыкамі". У лепшым выпадку. Іншыя будуць сунуць свісткі, боты, гумовыя палкі, партупеі.
- Згодзен, згодзен, - пагадзіўся сяржант і даўся дзіву, што радавы яшчэ можа думаць. - Праз паўгадзіны так і зробім.
- Рады, што вы знайшлі паразуменне, - дыпламатычна падвёў вынікі іх спрэчкі Антон Паўлавіч ды зазначыў: - Калі ў будучым у вас узнікнуць праблемы, звяртайцеся. Я да вашых паслугаў
- Абавязкова, - узрадаваўся сяржант. - Дзякуем.
- Тады наперад. Не будзем губляць час.
Мармулак сеў у фатэль адваката і ўпершыню за апошні месяц адчуў стому ва ўсім целе.
Пракурор Суровых сядзеў за сталом і з важным выглядам маляваў чорцікаў. Мышкаловіч адчыніў дзверы, няспешна падышоў да стала. Гаспадар кабінета пільна глянуў паверх акуляраў і спакойна працягваў занятак: дамалёўваў супастату рогі.
- Тут я вам нешта павінен перадаць, - неяк няўпэўнена сказаў міліцыянт.
- Давай, давай, - рашуча запатрабаваў Суровых, але не падняў вачэй ад паперы, а толькі працягнуў руку і ўзяў ляльку ды тут жа патрос: праверыў на вагу. Не падымаючы вачэй і надалей, ён паклаў хабар у кішэню.
Тут у пакой уварвалася аператыўная група ды надзела Суровых на рукі кайданкі.
Міліцыянты спяшаліся і таму не сталі вяртацца ў пакой да адваката, а толькі патэлефанавалі ды коратка распавялі, як усё адбылося.