- А як усё будзе там, на базары? - занепакоіўся Пётр Іванавіч.
- Паглядзець бы...
- Калі такі цікаўны, дык схадзі паглядзі, можа пашанцуе - сведкам будзеш. А можа і кампаньёнам пойдзеш...
- Не-не! Шчыра дзякую. Няма ніякага жадання, - замахаў рукамі Мармулак.
- Тады нам з табою засталося толькі адно: "падбіць бабкі".
- Можа мне пераапрануцца? - запярэчыў Матылёнак, аглядваючы свой скамечаны гарнітур. - Не магу ж я ў такім выглядзе паказацца на людзі.
- Шаноўны! Вы што, збіраецеся на прыём да англійскай каралевы? Не. У вас нармальны рабочы выгляд. Хоць зараз ідзі на вакзал жабраваць...
- Гэта маё працоўнае месца.
- Даруй, калі ласка. Ну, добра! Скончым непатрэбныя дыскусіі.
Старая падпольшчыца ў сувязі з адсутнасцю чарнільна-віннай прадукцыі ў тутэйшых крамах, за якую яна штодзённа шчыра ўспамінала магутны Савецкі Саюз, родную Камуністычную партыю ды несусветна кляла яе апошняга генеральнага сакратара за яго недальнабачнасць у справе спынення вытворчасці гэтага прадукту, што несумненна прывяло да распаду такой вялікай дзяржавы, яшчэ не апахмялілася, а ішла ўжо другая палова дня. Купіць гарэлку з такімі гучнымі назвамі, як "Распуцін", "Магічны крышталь", "Крамлёўская" і яшчэ добры дзесятак назваў, з незлічонай колькасцю медалёў на этыкетках, што прадпрымальныя людзі гналі ў глухіх лясах пад Беластокам, яна не мела грошай. У яе пакойчыку ў інтэрнаце, які ёй выдзелілі як прыбіральшчыцы, акрамя медалёў, вайсковай гімнасцёркі сорак пятага года ды рабочага халата, не было нічога. Кватэры ў яе не было ніколі. Не было з тае простае прычыны, што ніколі не было сям’і.
У маладосці яна была вельмі прыгожая жанчына, і таму яе вельмі часта запрашалі розныя начальнікі аддзелаў, сакратары райкамаў пасля напружанага паседжання ці семінара па абмене перадавым вопытам папарыцца ў лазні ці з’ездзіць на прыроду. У гады яе маладосці такіх мерапрыемстваў было нагэтулькі шмат, што думаць пра стварэнне сям’і не было часу. Потым кватэра ёй стала непатрэбнаю. У інтэрнатах, дзе моладзь, было весялей. Весялей было і ад таго, што яе як былую падпольшчыцу часта запрашалі на розныя злёты, у школы. Раней тое рабілася часцей. Цяпер пра яе зусім забыліся. Раней яна сяды-тады атрымлівала юбілейны медалік ды канверт, у якім было дзесяць рублёў. Грошы яе тады не вабілі. Цешыла душу павага. Потым - а гады прабеглі так хутка - пайшла на пенсію, і ёй перасталі па-святочнаму ўручаць медалі з канвертамі.
Праўда, да розных рэвалюцыйных святаў дасылалі паштоўкі. Урэшце не стала і гэтых віншаванняў. На яе ўвогуле ўсе забыліся. Так знакамітая падпольшчыца Яўгенія Максімаўна Лазарэвіч ператварылася ў звычайную прыбіральшчыцу бабу Жэню, старую і сварлівую жанчыну.
З’яўленне ў яе пакойчыку людзей было промнем святла ў сённяшні хмурны дзень. Яна, як у лепшыя гады сваёй маладосці, калі даводзілася сустракаць пажаданых начальству гасцей, шырока развяла рукі ўбакі, заплюшчыла вочы і падалася ўперад. Звялымі губамі чмокнула ў шчаку Мармулка. Антон Паўлавіч, які ішоў следам, зразумеў усё на свой лад.
- Вядома, вось чаму ты хацеў быць апранутым ад Валянціна. I даўно гэта ў вас?
- Я пазнаёміўся з бабаю Жэняю, як толькі паступіў ва універсітэт. Ужо болей як шэсць гадоў.
- Багата часу прайшло, - усё з той жа іроніяй працягваў гутарку адвакат. - Вы свае адносіны зарэгістравалі ці проста так?..
- Ды не, што вы! Якая рэгістрацыя, - тут Мармулак зразумеў, што з яго проста смяюцца. - Вы што, мяне за дурня лічыце, ці як? Каб я...
- Супакойся. У жыцці ўсялякае бывае. Але давай хутчэй да справы. Мяне чакаюць кліенты.
- Баба Жэня, - звярнуўся да яе былы студэнт, якога яна не раз лупцавала шчоткаю і не баялася, што той можа адказаць. - Мы да вас па справе.
- Без былой падпольшчыцы ніхто не можа абысціся, - расквакталася старая ды падалася да тумбачкі. - У мяне тут ёсць кавалачак лівернай каўбаскі, - з гэтымі словамі яна паклала на стол нешта шэра-цёмнага колеру. Пакой запоўніў ванітоўны пах.
- Спадзяюся, хлопцы прынеслі з сабою па сто грамаў для апетыту.
Антон Паўлавіч палез у кішэню па насоўку. Мармулак атуліў нос рукавом.
- Кейс давай, старая карга! - адкінуўшы ўсялякія культурныя выкрунтасы са словамі, закрычаў адвакат.
- Пецечка, ты чаго мне немца сюды прывёў? Я ж іх, фашыстаў, у вайну сваімі рукамі душыла, і гэтага задушу.
Жанчына была настроена рашуча і па старой партызанскай звычцы ўхапілася за нож.
- Баба Жэня! Баба Жэня! Супакойцеся. Антон Паўлавіч - свой чалавек. Ен мяне ад турмы выратаваў.
- А чаго ён тут мне па-нямецку гергеча? "Кейс, кейс"... "Аўсвайс, аўсвайс"...