- Ну што? - ледзь не ў адзін голас спыталіся Вольга і Вераніка Станіславаўна, калі мужчыны падышлі да іх.
- Мы з Пятром Іванавічам у прынцыпе дамовіліся. Як я здагадваюся, - звярнуўся Сушчэня да дачкі, - ты таксама дамовілася. Застаецца абгаварыць дэталі. Вы, маладыя, пагуляйце, а заўтра з раніцы пасядзім, пагаворым.
Ад пачутага Вольга ледзь не падскочыла, ажно тонкі хвосцік сцягнутых гумкаю валасоў заскакаў.
Шумны праспект Скарыны не заўважаў радасных твараў шчаслівых маладых людзей. Кожны падарожны меў свой клопат, свае праблемы. Пятро і Вольга таксама ішлі быццам праз густы туман, нікога не заўважаючы.
Ля ГУМа Матыль сутыкнуўся з нейкім чалавекам.
- Выбачайце, - павініўся ён.
- Вось ён, Мармулак, - пачулася ў адказ.
Маладыя вярнуліся з нябёсаў на зямлю. Перад імі, чаўкаючы гумкаю, стаяў Засушаны Геракл.
- Куды ты знік, цмок балотны? Паўгорада перашукаў, а цябе няма. Як, справу пачынаем?
Іх гутарка нагадвала размову добрых старых знаёмых.
- Геракл, пазнаёмся. Гэта Вольга! Мая нявеста.
- Клас! За той час, што мы не бачыліся, ты паспеў здурнець.
- Не здурнеў я, а за розум узяўся.
- А як жа справа? Не знайшоў кампаньёна?
- Кажу, цябе шукаў .
- Прапаную замену. Чалавек справы. Хадзем, пазнаёмлю.
Яны спусціліся ў падземны пераход і спыніліся перад інвалідам.
Гена Патоніч, заплюшчыўшы адзінае вока, ледзь чутна шаптаў:
- Людзі добрыя! Падайце сляпому, бязногаму чалавеку.
Геракл кінуў у шапку каменьчык. Генадзь расплюшчыў сваё пірацкае вока.
- Што трэба? - перапуджана запытаў ён.
- Гена, - Пятро гаварыў як мага цішэй. - У гэтага хлопца да цябе ёсць прапанова. Яна вартая тваіх высілкаў. Пагамані з ім. Бай-бай!
Вольга памахала на развітанне Патонічу рукою, і яны зноў апынуліся на праспекце.
- Пятро, - звярнулася Вольга да Мармулка, - ты болей не будзеш памыляцца паверхам?
Матыль моцна прытуліў яе да сябе і запэўніў:
- Не! Памылак болей не будзе.