...Антон Антонавіч Мікалайчык поўнымі журбы і смутку вачыма пранікнёна глядзеў на Мармулка, што ўжо добрыя дзесяць хвілінаў намагаўся нешта вытлумачыць на зусім незразумелай яму мове. У рэшце рэшт чалавеку абрыдзелі нечалавечыя высілкі карантыша, і ен з гонарам дырэктара беларускай гімназіі запытаў на чыста расейскай мове:
- Што ты хотишь?
- Працаваць у вас настаўнікам.
Адказ быў настолькі нечаканы, што Антон Антонавіч знямеў ад такога нахабства, колькі хвілінаў хапаў, быццам астматык, ротам паветра, і толькі пракаўтнуўшы сліну, змог прамовіць:
- Як...
- Вы ж нас заўжды клікалі да сябе на працу...
- Цябе? - вочы ў дырэктара сталі круглыя, быццам яблыкі, і ён яшчэ раз ці то запытаўся, ці то сцвердзіў: - Цябе?.. А хіба на філалагічным факультэце болей дзяўчат няма?
Відаць, дзяўчат там не бракавала, бо Антон Антонавіч болей не захацеў весці размову з Мармулкам, а, далікатна паклаўшы руку на стан нейкай маладой асобе, павярнуўся і пайшоў прэч.
Пакрыўджанаму чалавеку заўжды хочацца шукаць праўды, змагацца за справядлівасць, весці непрымірымую барацьбу з усімі чалавечымі заганамі. I гэты выпадак не быў выключэннем. Пятру Матылю здалося, што калі ён паскардзіцца ў адпаведны раённы аддзел народнай адукадыі, дык пытанне з яго прызначэннем на пасаду вырашыцца адразу. I не трэба будзе ніякіх іншых высілкаў.
Загадчык раённага аддзела народнай адукацыі ўважліва выслухаў наведніка і добразычліва папрасіў яго звярнуцца ў аддзел кадраў. Мармулак, упэўнены, што пытанне з яго працаўладкаваннем вырашана канчаткова, радасна памкнуў туды. Начальнік аддзела кадраў, трыццаціпяцігадовая жанчына, не апошняе страхалюддзе, у поўным росквіце фізічных здольнасцей, запытальным позіркам глянула на госця. Позірк кабеты ўспыхнуў зоркай Венерай і патух дробным вуглікам: што з яго возьмеш? Аналізы для санэпідэмстанцыі, і тыя, пэўна, няякасныя. Жанчына яшчэ зразумела, што загадчык таксама не выяўляе асаблівай зацікаўленасці ў працаўладкаванні наведніка, а праяўляць уласную ініцыятыву не мела для яе ніякага сэнсу. Выпадковы, нічым не адметны чалавек. У той момант, калі былы студэнт падрабязна тлумачыў, дзе ён хацеў бы працаваць і што на гэта атрымаў згоду ад загадчыка, жанчына глядзела паверх ягонай галавы на сцяну, дзе дзве мухі практыкаваліся ў сексе. Прамова была закончана якраз у той момант, калі павук напаў на пералюбаў.
- Заява, - строга запатрабавала жанчына, як толькі ўпэўнілася, што парачка заўжды застанецца у павуцінні. Яе ахапіла журба.
- Зараз напішу, - схамянуўся малады спецыяліст і паспешліва дастаў асадку.
- Малады чалавек, - жанчына гаварыла цвёрда, самаўпэўнена, голасам, якім суддзя выносіць прысуд. - Вы павінны з’явіцца сюды з заяваю, падпісанаю загадчыкам аддзела. Я дробны чыноўнік І не прызначаю на пасады, а толькі, як звычайная бюракратка, афармляю паперкі.
Матыль ірвануў у кабінет загадчыка аддзела народнай адукацыі. Сакратарка з мілай усмешкай на вуснах паведаміла:
- Іван Сымонавіч праводзіць нараду. Калі пытанне неадкладнае, прыходзьце заўтра.
Заўтра Івана Сымонавіча не было на працоўным месцы: паехаў інспектаваць школы. Паслязаўтра быў выкліканы ў міністэрства. Толькі на пяты дзень удалося Матылёнку пабачыць загадчыка аддзела. Сустрэча была неспадзяваная. Іван Сымонавіч разгубіўся. Рэзка памкнуўся быў зайсці ў бліжэйшы кабінет, але, як наўмысна, дзверы кабінета былі зачынены на ключ. Ён патузаў ручку дзвярэй, цяжка ўздыхнуў і ў роспачы апусціў рукі. Іван Сымонавіч добра ведаў назоллівых людзей, бо толькі настырны чалавек можа хадзіць у адно і тое самае месца столькі дзён запар. Хуткім крокам з радаснаю ўсмешкаю на твары набліжаўся да яго Мармулак.
- Падпішыце заяву, калі ласка, - заміж прывітання выпаліў карантыш і працягнуў паперку.
Загадчык аддзела ўзяў заяву і накіраваўся ў аддзел кадраў.
- Лідзія Пятроўна! У нас ёсць што-небудзь для маладога спецыяліста?
Лідзія Пятроўна, не ўстаючы з крэсла, двума пальцамі левай рукі адчыніла дзверцы насценнай шафы і з ладнага стоса выцягнула журнал. Другою рукою яна ўвесь час падтрымлівала самлелую галаву. Надалей усю працу жанчына чыніла ўсё той жа рукою. Разгарнула журнал. Доўга гартала старонку за старонкаю, творачы мускуламі твару няведамыя мігі, а потым узняла свае цнатлівыя вочкі і з дзявочай нявіннасцю запыталася: