Бывала, так спэцкаецца, так скалмаціць сваю мяккую поўсць, што ледзьве яе вымыюць пахкім шампунем, ледзь вычашуць зграбным зялёным грэбенем.
Але асабліва вабілі-цікавілі Рыску заняткі Надзейкі і Сяргея маляваннем. Колькі яна ні пазірала, колькі ні прыглядалася, ніяк не магла зразумець, чаму ў іх атрымліваюцца розныя малюнкі…
Надзейка расстаўляла на стале рознакаляровыя кубачкі, брала тоненькую палачку з яшчэ танчэйшым хвосцікам на канцы, апускала яе то ў адзін, то ў другі кубачак і гэтым каляровым хвосцікам малявала на белай паперы то зялёную елачку, то прыгожы домік з чырвоным дахам, то пышнахвостую рыжую вавёрку на магутным дубе.
У Сяргея ж не было гэтулькі каляровых кубачкаў – толькі адна бутэлечка з чорнай вадкасцю. А замест хвосціка на палачцы нейкая бліскучая жалезная цацка з дзвюма тоненькімі шчочкамі. Сяргей апускаў яе ў бутэлечку і нешта крэмзаў на вялікім белым аркушы. Толькі замест каляровых малюнкаў у яго атрымліваліся чорныя квадраты, трохвугольнікі, дугі, колы. Зусім нецікавыя малюнкі, не тое, што ў Надзейкі. І называў іх Сяргей неяк дзіўна – чарцяжы. Рыску ад гэтага слова ажно дрыжыкі праціналі.
Аднак цікаўнасць брала сваё. І калі аднойчы дзяўчынка адышлася ад стала, Рыска захацела памаляваць сама. Але як яна ні круцілася, як ні старалася, ніяк не магла патрапіць хвосцікам у кубачкі. Толькі паабарочвала іх. Добра, што пападалі зачыненыя, і фарба з іх не вылілася…
Калі ж неяк Сяргей адлучыўся да тэлефона, Рыска імгненна апынулася на стале. Яна ткнула носікам у чорную бутэлечку з востра-пахучай вадкасцю, чмыхнула і апусціла туды свае кіпцікі.
Пасля дастала лапку з бутэлечкі, паднесла да вачэй і здзівілася, што яна з белай стала чорнай.
Ад моцнага паху заказытала ў носе. Рыска пачухала пыску, каб адагнаць гэты ліпучы пах, затым правяла лапкай па паперы. На белым аркушы засталася спачатку чорная паласа ад лапкі, а пасля крывыя лініі ад кіпцікаў.
Рыска пазірала на свой малюнак, паварочваючы галоўку то ўлева, то ўправа, каб лепш разгледзець. Яна так захапілася, што і не заўважыла, як вярнуўся Сяргей.
Ён спалохана зірнуў на свой альбом, пасля на вымазаную чорнай тушшу Рыску і засмяяўся:
Тата, мама, хадзіце сюды, паглядзіце, якая чарцёжніца расце! – паклікаў ён.
Не чарчо… не цярчо… не чарцёжніца, а мастачка, паправіла яго Рыска.
Добра ўжо, будзь сабе мастачкай, толькі не плюхайся больш у тушы, папрасіла Надзейчына мама, тройчы мяняючы ваду ў ванне, перш чым адмыла Рыску.
Пасля гэтага пэўны час за маляваннем Сяргея і Надзейкі Рыска назірала толькі здалёку.
РЫСКА-КУХАР
Паціху-памалу Рыска ўсё больш і больш здавольвала сваю цікаўнасць. Усё менш і менш куткоў і рэчаў заставалася ў кватэры, якіх бы яна не зведала, не абнюхала ці не паспрабавала на зуб.
Аднак ёй вельмі рупіла трапіць у тую дзіўную шафу, дзе захоўваліся прадукты, і адкуль вельмі ж апетытна пахла.
Аднойчы, калі Надзейчына мама рыхтавала абед, Рыска непрыкметна залезла ў шафу і затаілася там. Мама зачыніла дзверцы, і Рыска ўзрадавалася, што нарэшце яе мара сталася явай.
Рыска ўключыла сваё начное бачанне, і церпкі, пахкі прыцемак шафы адступіўся. Яна пачала абнюхваць розныя мяшочкі, торбачкі, скрыначкі, бляшанкі, слоічкі і слоікі.
Пах гароху і бобу ёй не спадабаўся. Прыемна пахлі карэньчыкі валяр'янкі, але яны былі моцна завязаныя ў мяшочку. Тое ж і з гваздзікай, каляндрай, кменам.
Бачыць вока, ды зуб не дастане…
Адзін з мяшочкаў аказаўся развязаным. Рыска ўткнула туды сваю пыску і адчула нешта мяккае, пульхнае. Яна пацягнула носікам, каб панюхаць, і… ледзь не задыхнулася. Гэтая пульхната адразу забіла яе мокрыя ноздрачкі, так моцна прыляпілася да іх, што Рыска ажно дыхаць не магла.
Тады яна як фыркне, як чхне, а тая пульхната з мяшочка як выбухне белым воблакам!
Рыску з галавы да ног абсыпала пытляванай пшанічнай мукой, з якой Надзейчына мама пякла смачныя пірагі. Белымі сталі і іншыя торбачкі і скрыначкі.
Рыска нават перастала бачыць, бо мука і вочы ёй засляпіла. Не дапамагала і начное бачанне. То адной, то другой лапкай, а то і адразу абедзвюма яна пачала церці вочкі. Але мука ператварылася ў цеста, і яно ў дадатак абляпіла яшчэ і поўсць. А шчацінкі вусоў і броваў сталі падобнымі на тоўстыя гнуткія макароніны.
Мя-а-а-ў!… Рату-у-у-уйце! – роспачна замяўкала Рыска.
Але хто ж яе пачуе, калі нікога дома няма.
Ёй нават здалося, што нехта ў шафе з'едліва прамовіў: “Сама заварыла кашу, сама і расхлёбвай”.