Ад нечаканасці і болю Барсік моцна і жаласліва замяўкаў, на ягоным носіку ажно кропелькі поту выступілі.
Рыска падумала: “Няўжо гэты доктар нічога не петрыць?”
Ёй стала так шкада Барсіка, што яна вырвалася з Надзейчыных рук, кінулася на дзядзьку ў блакітным халаце, учапілася сваімі кіпцікамі ў жоўтыя пальчаткі з непрыемным пахам гумы і парвала іх.
Надзейчын тата ўзяў Рыску на рукі, спачатку пагладзіў яе, каб супакоіць, а пасля паківаў пальцам:
Ты што гэта вытвараеш? Няможна так. Злосць да дабра не даводзіць…
Нічога, нічога, супакоіў доктар. – Гэта яна свайго браціка бараніла. Але не бойся, звярнуўся ён да Рыскі. – Ад укола яму блага не будзе. Наадварот, коцік нічым не захварэе і хутчэй паправіцца.
І праўда – неўзабаве ранка загаілася, Барсік пачаў свабодна гуляць па пакоі, нават на вуліцу выходзіў.
А Рыска ніколі больш не шкодзіла Барсіку. Калі на вуліцы хто-небудзь хацеў пакрыўдзіць яго, Рыска натапырвала вусы, грозна вуркатала і злосна пазірала на крыўдзіцеля, гатовая кінуцца на яго.
Бач ты, якая абаронца, казаў крыўдзіцель і адступаўся ад Барсіка.
РЫСКА-МОДНІЦА
Свавольствы памаўзлівай Рыскі не мелі супынку. Часам яна выдумляла гэткія забавы, выкідвала такія каленцы, што ў дарослых ад смеху ажно жываты балелі, а Барсік спалохана хаваўся пад ложак…
Аднойчы Надзейка пайшла ў садзік і забылася зачыніць вечка піяніна. А Рысцы толькі тое і трэба, бо ў яе ўжо даўно свярбелі кіпцікі, а душа прасіла песень.
Рыска падвысіла круглае чорнае крэселка і пачала асцярожна націскаць то на белыя, то на чорныя клавішы.
Слабыя і бязладныя гукі пачуліся ў пакоі. Тады Рыска мацней застукала па бела-чорных дошчачках, пад якімі хаваліся гэтыя дзіўныя гукі. Яна так разышлася, што неўзабаве ўвесь пакой ператварыўся ў вялізную музычную шкатулку.
Але Рысчыны лапкі былі кароткія. Тады яна ўскочыла на піяніна і давай насіцца па ім, грукаючы па клавішах усімі чатырма лапкамі. Ад моцы гукаў ажно трасліся сцены, трымцелі фіранкі на вокнах і люстры пад столлю, калаціўся і бразгаў посуд на кухні.
Бедны Барсік заскочыў на Надзейчын ложак і схаваўся пад падушкай. Але і там не было спасу.
А Рыска ад паўнаты пачуццяў пачала яшчэ і спяваць. Грукат і шум стаяў у пакоі неверагодны.
Што было б далей невядома. Але тут раптам не вытрымала і грукнула-закрылася вечка піяніна, ледзь не прышчаміўшы пушысты Рысчын хвосцік. А ёй – дай Бог ногі…
Неяк па тэлевізары паказвалі новыя моды. Рыска захоплена пазірала на элегантныя ўборы стройных дзяўчат. І так ёй захацелася пакрасавацца самой, што назаўтра яна не выцерпела і пачала ладзіць свой уласны паказ моды.
Рыска паадчыняла шафы і прыскрынкі, падаставала бліскучыя ўпрыгожанні і параскідала іх у Надзейчыным пакоі. Спачатку яна доўга любавалася на гэтыя бліскоткі, перабірала лапкамі пацеркі, завушніцы, качала па падлозе пярсцёнкі.
Пасля пачала ўпрыгожвацца. Перш за ўсё падпілавала-пачысціла кіпцікі. Затым памалявала іх бліскучым лакам, але чамусьці кожны кіпцік новым колерам.
На лапкі адзела пярсцёнкі. Да вушэй прышпіліла па дзве пары завушніц. Але іх было так многа, што давялося прыстроіць дзе папала.
На шыю накруціла ажно чатыры ніткі маністаў.
На кончык віхлястага хваста прычапіла маленькі званочак.
Аднак упрыгожванняў заставалася яшчэ шмат…
Неўзабаве Рыска нагадвала навагоднюю ёлку – гэтулькі бліскучых цацак вісела на ёй.
Затым яна пачала размалёўваць сябе, як часам рабіла гэта Надзейчына мама. Рыска ўселася перад люстэркам, паадкручвала ўсе памады, паадчыняла розныя пудэлкі, трубачкі, пеналы, прызначэння якіх нават не ведала. А пасля пачала ўсё гэта выпрабоўваць на сабе.
Падмалявала вейкі чорнай густой тушшу, падвяла бровы, падфарбавала вочы, лоб, павекі, нават носік. Па-заліхвацку падкруціла вусы і выбеліла іх нейкай невядомай вадкасцю.
Ад такой неверагоднай гамы колераў котка стала не падобнай сама на сябе.
Барсік, які за гэтым Рысчыным фарбаваннем-маляваннем назіраў з-пад ложка, трывожна заенчыў. Рыска толькі пагардліва зірнула на яго і прамовіла:
Чаго ты енчыш? Хіба не бачыў, як упрыгожваюць сябе сапраўдныя дзяўчаты?
Але ж ты падобная зараз на папуаса з дзікіх джунгляў…
Сам ты папуас, пакрыўджана перабіла яго Рыска і працягвала фарбаванне.
Пасля пачала выбіраць сабе мантыю. Яна прымярала розныя сурвэткі, шалікі, хусцінкі, пакуль не спынілася на яркай квяцістай кашаміравай хустцы.