Выбрать главу

– І што цяпер? – спытаў я.

– Справа амаль зробленая. Заўтра мы зойдзем да яе з каралём і з вамі, калі вы захочаце скласці нам кампанію. Нас папросяць пачакаць лэдзі ў гасцёўні, але цалкам верагодна, што калі яна ўвойдзе туды, то не знойдзе ні нас, ні фотаздымка. Яго вялікасці будзе прыемна ўласнымі рукамі вярнуць здымак.

– І калі вы да яе зойдзеце?

– Ранкам а восьмай. Яна яшчэ будзе ў ложку, і мы займеем час для манеўраў. Але трэба спяшацца, бо жаніцьба можа цалкам змяніць і яе жыццё, і звычкі. Трэба не марудзячы напісаць каралю.

Мы дайшлі да Бэйкер-стрыт і спыніліся ля дзвярэй. Холмс шукаў у кішэнях ключы, калі нейкі мінак прамовіў:

– Дабранач, містэр Шэрлак Холмс!

На ходніках у гэты час было некалькі чалавек, але павітаў нас, відаць, хударлявы, апрануты ў ольстэр юнак, які хутка прайшоў міма.

– Гэты голас я ўжо дзесьці чуў, – сказаў Холмс, узіраючыся ў цьмяна асветленую вуліцу. – Хацеў бы я, чорт дзяры, ведаць, хто гэта.

3

У гэтую ноч я спаў на Бэйкер-стрыт. Калі мы разбіраліся з кавай і грэнкамі, у пакой заляцеў кароль Багеміі.

– Вы і праўда здабылі яго? – ускрыкнуў ён, хапаючы Шэрлака Холмса за плечы і прагна ўзіраючыся ў яго твар.

– Пакуль не.

– Але надзея ёсць?

– Ёсць.

– Тады хадзем. Я згараю ад нецярпення.

– Трэба злавіць кэб.

– Мой экіпаж нас чакае.

– Гэта спрашчае задачу.

Мы спусціліся і зноў адправіліся на Браяні-Лодж.

– Ірэн Адлер выйшла замуж, – адзначыў Холмс.

– Замуж? Калі?

– Учора.

– За каго?

– За нейкага ангельскага юрыста з прозвішчам Нортан.

– Але яна не магла яго пакахаць.

– Спадзяюся, што пакахала.

– Чаму спадзеяцеся?

– Бо гэта вызваліць вашую вялікасць ад небяспекі турботаў у будучыні. Калі лэдзі пакахала свайго мужа, яна больш не кахае вашую вялікасць. Калі яна больш не кахае вашую вялікасць, няма прычынаў умешвацца ў вашыя планы.

– Так яно і ёсць. І ўсё ж… Эх, як бы я хацеў, каб яна належала да майго кола! Якая была б каралева!

У экіпажы запанавала панылая цішыня, якая не перарывалася, пакуль мы не даехалі да Серпентайн-авеню.

Дзверы Браяні-Лодж былі адчыненыя, і на верхняй пляцоўцы стаяла пажылая жанчына. З сарданічнай усмешкай яна назірала, як мы выходзім з экіпажа.

– Містэр Шэрлак Холмс, калі не памыляюся? – спытала яна.

– Так, я Шэрлак Холмс, – адказаў мой сябар, запытальна і нават здзіўлена гледзячы на яе.

– Значыць, усё правільна. Гаспадыня сказала, што вы можаце завітаць. Сёння ў пяць пятнаццаць яна разам з мужам з’ехала з вакзала Чарынг-Крос на кантынент.

– Што? – Шэрлак Холмс адхіснуўся назад, збляднелы ад прыкрасці і нечаканасці. – Вы хочаце сказаць, што яна пакінула Англію?

– Так. Каб ніколі сюды не вяртацца.

– А што з паперамі? – хрыпла прастагнаў кароль. – Усё страчана!

– Паглядзім, – Холмс праскочыў міма служанкі і кінуўся ў гасцёўню. Мы з каралём рушылі следам.

Мэбля з разабранымі паліцамі і адчыненымі шуфлядамі была абы-як расстаўленая ў пакоі, нібыта лэдзі перад ад’ездам паспешліва яе абшуквала. Холмс падбег да шнурка ад званка, сарваў высоўную дошку, залез рукой у патайнік і выцягнуў адтуль здымак і ліст. На здымку была сама Ірэн Адлер у вечаровай сукенцы, на лісце значыўся адрасат: «Шэрлаку Холмсу, эсквайру. Пакінуць тут да яго прыходу». Мой сябар разарваў канверт, і мы ўтрох пачалі чытаць пасланне. Яно было датаванае мінулай ноччу, і вось пра што ў ім вялося:

«Мой дарагі містэр Шэрлак Холмс!

Вы і праўда цудоўна зрабілі сваю справу. Спрытна ж вы мяне падлавілі. Да самай пажарнай трывогі ў мяне не было і ценю сумневу. Але зразумеўшы, як я сябе выдала, я задумалася. Яшчэ некалькі месяцаў таму мяне папярэдзілі, што калі кароль будзе наймаць дэтэктыва, то яго выбар, безумоўна, спыніцца на вас. Мне далі нават ваш адрас. Але нягледзячы на гэта, вы пра ўсё даведаліся. Нават калі ў маё сэрца закраліся падазрэнні, я ніяк не магла паверыць у злыя намеры такога мілага і добрага старога святара. Але вы ведаеце, што я і сама някепская акторка. Мужчынскі касцюм мне не ў навінку – я часта карыстаюся перавагамі, якія ён дае. Я адправіла Джона, майго фурмана, сачыць за вамі, а сама пабегла наверх, пераапранулася ў касцюм для шпацыру і спусцілася акурат тады, калі вы сыходзілі.