Выбрать главу

– Дзе ключ цяпер?

– Вось ён – ляжыць на туалетным століку. Шэрлак Холмс узяў ключ і адамкнуў бюро.

– Замок бясшумны, – сказаў ён. – Нядзіўна, што злодзей вас не абудзіў. У гэтым футарале, як я разумею, ляжыць дыядэма. Зараз мы на яе зірнем.

Ён адчыніў футарал, дастаў адтуль дыядэму і паклаў на стол. Гэта быў шыкоўны ўзор ювелірнага мастацтва – камянёў, прыгажэйшых за гэтыя трыццаць шэсць, я яшчэ ніколі не бачыў. Адзін з зубцоў дыядэмы, дзе мусілі быць астатнія тры берылы, быў адламаны.

– Ну, містэр Холдэр, – сказаў Холмс, – гэты зубец нагадвае той, які ў вас ганебна скралі. Магу я вас папрасіць таксама яго адламаць?

– Божа барані! – з жахам адхіснуўся банкір.

– Тады я сам, – нечакана прамовіў Холмс і паспрабаваў адламаць зубец, але беспаспяхова. – Трохі, здаецца, паддаўся, аднак баюся, што нягледзячы на ўсю маю сілу, часу б спатрэбілася нямала. Звычайны чалавек тут бы рады не даў. Але як вы думаеце, містэр Холдэр, што, калі б я яго ўсё ж адламаў? Безумоўна, вы пачулі б гук, падобны да пісталетнага стрэлу. Скажыце, няўжо такое магло адбыцца за некалькі ярдаў ад вашага ложка, а вы нічога і не пачулі?

– Не ведаю, што і сказаць. Для мяне ўсё гэта цёмны лес.

– Можа, мы здолеем трохі яго асвятліць. Што вы, міс Холдэр, пра гэта думаеце?

– Мушу прызнацца, што падзяляю дзядзькаву разгубленасць.

– Калі вы ўбачылі сына, на ім былі чаравікі ці хатнія туфлі?

– Толькі нагавіцы і кашуля.

– Дзякуй. У расследаванні нам відавочна спадарожнічае неверагодная ўдача, і калі мы не даб’емся поспеху, то толькі праз нас саміх. Містэр Холдэр, з вашага дазволу я працягну пошукі вонкі.

Выконваючы загад Холмса, мы засталіся дома, бо лішнія, як ён сказаў, сляды толькі ўскладняць задачу. Гадзіну ці каля таго ён шчыраваў у садзе і ўрэшце вярнуўся, увесь у снезе і з яшчэ больш загадкавым выразам твару, чым звычайна.

– Думаю, містэр Холдэр, я ўжо ўбачыў тут усё, што мог, – сказаў ён. – Каб працягнуць расследаванне, я мушу цяпер адправіцца дадому.

– Але містэр Холмс, дзе ж гэтыя камяні?

– Пакуль сказаць не магу. Банкір зноў заламаў рукі.

– Я больш ніколі іх не ўбачу! – ускрыкнуў ён. – А што з маім сынам? Ёсць хоць нейкая надзея?

– Маё меркаванне пра яго не змянілася.

– Божа мой, дык што ж урэшце мінулай ноччу адбылося?

– Калі вы зможаце заўтра ранкам паміж дзевяццю і дзесяццю зазірнуць да мяне на Бэйкер-стрыт, я буду рады трошкі вам гэтую справу праясніць. Як я разумею, вы даяце мне карт-бланш пры ўмове, што я вярну камяні, і не ставіце ніякіх абмежаваннях у сродках?

– Я гатовы аддаць усё, што маю, толькі б атрымаць гэтыя берылы назад.

– Цудоўна. А я тым часам падумаю над праблемай. Да пабачэння! Магчыма, да вечара мне давядзецца яшчэ раз сюды забегчы.

Я разумеў, што ў думках майго кампаньёна ўжо выспела нейкая ідэя, але не меў нават цьмянага ўяўлення, да якіх высноваў ён дайшоў. На зваротным шляху я некалькі разоў паспрабаваў завязаць з ім размову, але ён кожны раз мякка пераходзіў на іншую тэму, пакуль я ўрэшце не адчаяўся і не кінуў спробы. Калі мы вярнуліся дадому, не было яшчэ і трох гадзінаў. Холмс паспяшаўся ў свой пакой і праз некалькі хвілінаў спусціўся да мяне, апрануты як звычайны валацуга. У зношаным і зашмальцаваным паліто з паднятым каўняром і чырвоным шалікам і ў старых чаравіках ён выглядаў як тыповы прадстаўнік гэтага класу.

– Думаю, гэта тое, што трэба, – прамовіў ён, разглядаючы сябе ў люстэрку над камінам. – Шкада толькі, што вы, Ўотсан, не можаце да мяне далучыцца. Хутка я высветлю, правільны я ўзяў след ці проста ганюся за фата-марганай. Праз некалькі гадзінаў спадзяюся вярнуцца.

Ён дастаў з буфета кавалак ялавічыны, адрэзаў ад яго скрылік, паклаў паміж дзвюма лустамі хлеба і, засунуўшы гэтую няхітрую ежу ў кішэню, выправіўся на пошукі.

Я толькі дапіў гарбату, калі ён вярнуўся, у цудоўным, відаць, настроі, памахваючы нейкім старым штыблетам, які тут жа кінуў у кут і таксама наліў сабе гарбаты.

– Я тут проста праходзіў міма, – патлумачыў ён. – Зараз адпраўлюся далей.

– Куды?

– О, ажно на іншы канец Вест-Энда. Вярнуся, мабыць, не зусім хутка. Калі буду позна, не чакайце мяне і кладзіцеся спаць.

– А як поспехі?

– Ну, нічога так, пажаліцца не магу. За гэты час я паспеў яшчэ раз пабываць у Стрытхэме, але ў дом не заходзіў. Праблемка вельмі цікавая, і я нізашто не хачу яе ўпусціць. Аднак няма часу пляткарыць, трэба гэтую ганебную апранаху скінуць і вярнуць урэшце свой рэспектабельны выгляд.

Паводзіны майго сябра сведчылі, што нагодаў сабой ганарыцца ў яго больш, чым можна было б меркаваць з яго словаў. Вочы Холмса блішчэлі, а на жаўтаватых шчоках з’явіўся нават нейкі намёк на румянец. Ён паспяшаўся наверх, і праз некалькі хвілінаў я пачуў, як ляснулі ўваходныя дзверы: значыць, ён зноў выправіўся на сваё паспяховае дагэтуль паляванне.