Выбрать главу

Я чакаў яго да паўночы, але Холмса не было і духу, таму я пайшоў у свой пакой. Адсутнічаць некалькі дзён і начэй, узяўшы гарачы след чарговага злачынцы, было для яго справай звычайнай, а таму позняя адсутнасць мяне зусім не здзівіла. Не ведаю, а якой гадзіне ён вярнуўся, аднак калі раніцай я спусціўся на сняданак, ён ужо сядзеў за сталом з кубкам кавы ў адной руцэ і газетай у другой, свежы і падцягнуты, як заўсёды.

– Вы прабачыце мне тое, што я пачаў без вас, Ўотсан, – сказаў ён, – калі ўспомніце, што сёння нашаму кліенту прызначаны досыць ранні час.

– Ужо дзясятая, – заўважыў я. – О, здаецца, я чую званок! Не здзіўлюся, калі гэта ён.

Гэта і праўда быў наш знаёмец-фінансіст. Мяне ўразіла змена, якая адбылася з ім за ноч: твар яго, дагэтуль буйны і шырокі, цяпер выцягнуўся і змарнеў, а валасы зрабіліся на цэлы тон бялейшымі. Сённяшняя яго стома і апатыя падаліся мне яшчэ жахлівейшымі, чым учорашняе шаленства. Я прапанаваў госцю фатэль, і ён цяжка ў яго паваліўся.

– За якія грахі так сурова карае мяне неба? – прастагнаў ён. – Толькі два дні таму я быў шчаслівым і багатым чалавекам без аніводнага ў свеце клопату. Цяпер жа мяне чакаюць доўгія, самотныя і поўныя ганьбы гады. Бяда адна не прыходзіць. Учора Мэры мяне пакінула.

– Пакінула вас?

– Так. У сваім ложку яна сёння не начавала, пакой пусты, а на стале ў гасцёўні – запіска. Учора вечарам я ў роспачы, але зусім не ў гневе сказаў, што калі б яна выйшла за майго хлопчыка замуж, цяпер з ім усё было б добра. Мабыць, з майго боку гэта было безразважна, бо менавіта тыя словы яна згадала ў пасланні: empty

«Дарагі дзядзька! Мне здаецца, што я прынесла ў твой дом шмат турбот. Калі б я дзейнічала іначай, учорашняе няшчасце абышло б нас бокам. З такімі думкамі я ніколі больш не змагу быць пад тваім дахам шчаслівай. Думаю, мне трэба назаўсёды цябе пакінуць. Пра маю будучыню не хвалюйся, бо яна цалкам забяспечаная. Не спрабуй мяне адшукаць, бо праца гэтая будзе марнай і саслужыць мне кепскую службу.

З любоўю да самай смерці, твая Мэры».

– Містэр Холмс, што яна хацела гэтым сказаць? Думаеце, задумала самазабойства?

– Не-не, нічога такога. Відаць, яна знайшла найлепшае выйсце з сітуацыі. Містэр Холдэр, я магу прысягнуць, што хутка вашыя пакуты скончацца.

– Ах, якія цудоўныя словы! Вы пра нешта дазналіся, містэр Холмс, вы да нечага дакапаліся! Скажыце, дзе цяпер камяні?

– Як вы думаеце, тысяча фунтаў за камень – цана не надта непад’ёмная?

– Я гатовы заплаціць нават дзесяць!

– У гэтым няма неабходнасці. Трох тысяч цалкам дастаткова. Мяркую, спатрэбіцца таксама невялікая ўзнагарода. Чэкавая кніжка пры вас? Вось пяро. Лепш за ўсё выпішыце на чатыры тысячы.

Агаломшаны банкір выпісаў патрэбны чэк. Холмс падышоў да стала, дастаў невялічкі залаты трохкутнік з трыма берыламі і кінуў на стол.

Наш кліент ускрыкнуў ад радасці і схапіў каштоўнасць.

– Вы вярнулі іх! – ледзь не задыхаўся ён. – Я ўратаваны! Уратаваны!

Радасці ён аддаваўся гэтак жа горача, як учора аддаваўся адчаю. Знойдзеныя камяні ён пяшчотна прыціскаў да грудзей.

– Містэр Холдэр, вы павінныя вярнуць яшчэ адзін доўг, – сурова сказаў Шэрлак Холмс.

– Доўг? – банкір схапіўся за пяро. – Назавіце суму, і я з радасцю яе аплачу!

– Мне вы больш нічога не павінныя, але вам трэба глыбока выбачыцца перад вашым высакародным сынам, які ў гэтай справе трымаўся так годна, што на месцы яго бацькі я не мог бы ім не ганарыцца.

– Дык іх узяў не Артур?

– Яшчэ ўчора я казаў вам, што не ён, і сёння гатовы паўтарыць.

– І вы мелі рацыю! Тады паспяшаемся да яго, каб паведаміць, што праўда раскрылася.

– Ён ужо ведае. Я паразмаўляў з ім, калі ўсё высветліў, і, зразумеўшы, што ён нічога мне не скажа, сам усё яму расказаў. Ён пацвердзіў мае высновы і дадаў некалькі дробязяў, да якіх я яшчэ не зусім дакапаўся. Думаю, сённяшняя навіна развяжа яму язык.

– Малю вас, адкрыйце ўрэшце гэтую неверагодную таямніцу!

– Безумоўна, я гэта зраблю, больш за тое, раскажу, як я дабраўся да праўды. Але спачатку дазвольце сказаць нешта, што мне будзе цяжка сказаць, а вам – пачуць: вашая пляменніца Мэры згаварылася з сэрам Джорджам Барнвелам, і яны збеглі разам.

– Мая Мэры? Гэтага не можа быць!

– На жаль, гэта не толькі можа быць, але і ёсць. Ні вы, ні ваш сын не ведалі пра сапраўдную сутнасць чалавека, якога пусцілі ў сваё сямейнае кола. Гэта адзін з самых небяспечных у Англіі людзей: страшэнны гулец і абсалютна безнадзейны нягоднік, чалавек без сумлення і без сэрца. Вашая пляменніца нічога пра такіх людзей не ведае. Калі ён нашэптваў ёй свае клятвы – як сотням іншых жанчын да яе, – яна цешылася думкай, што здолела заваяваць яго каханне. Адзін чорт ведае, чаго ён ёй нагаварыў, аднак урэшце яна зрабілася яго паслухмянай цацкай і ледзь не кожны вечар бегала да яго на спатканні.