– Я не магу, не, я не хачу ў гэта верыць! – твар банкіра пашарэў.
– А я раскажу вам, што мінулай ноччу адбылося ў вашым доме. Калі вашая пляменніца вырашыла, што вы пайшлі да сябе, яна праслізнула ўніз і праз акенца, што выходзіць на стайню, перагаварыла са сваім каханым. На снезе пад акном выразна бачныя яго сляды. Мэры расказала Барнвелу пра дыядэму. Навіна распаліла яго заганную прагу да золата, і ён прымусіў яе падпарадкавацца гэтаму жаданню. Не сумняюся, што яна вас любіць, але бываюць жанчыны, у сэрцы якіх любоў да мужчыны выціскае ўсе астатнія прыхільнасці, і думаю, што Мэры – адна з іх. Ледзь паспела яна выслухаць яго план, як раптам убачыла, што вы спускаецеся ўніз, тут жа хуценька зачыніла акно і расказала вам пра аднаногага прыхільніка кагосьці з пакаёвак, што, зрэшты, было чыстай праўдай.
Артур жа адразу пасля вашай размовы пайшоў у ложак, але з прычыны клубных даўгоў спаў вельмі дрэнна. У сярэдзіне ночы ён пачуў, як хтосьці мякка прайшоў міма яго пакоя, а таму падняўся і, вызірнуўшы вонкі, са здзіўленнем убачыў сваю стрыечную сястру, якая цішком крочыла па калідоры і раптам завярнула ў гардэроб. Збянтэжаны такой нечаканасцю, Артур нацягнуў нешта з адзення і стаіўся ў цемры, каб паглядзець, чым усё скончыцца. Неўзабаве Мэры выйшла з пакоя, і ў святле калідорнай лямпы ваш сын убачыў, што яна нясе каштоўную дыядэму. Яна пачала спускацца ўніз, а Артур, дрыжучы ад страху, праслізнуў за гардзіну ля вашых дзвярэй, адкуль мог добра бачыць, што адбываецца ў гасцёўні. Ён убачыў, як Мэры крадком адчыніла акно, перадала дыядэму камусьці схаванаму ў змроку, а потым зачыніла яго і паспяшалася ў свой пакой, прабегшы зусім блізка ля месца, дзе хаваўся Артур.
У справу была ўцягнутая Мэры, а таму ваш сын не мог наважыцца на хоць нейкі крок, бо тады б яго каханай пагражала страшэннае выкрыццё. Але як толькі яна знікла, ён зразумеў, якой знішчальнай бядой зробіцца для вас гэты крадзеж і як важна як мага хутчэй з усім разабрацца. З гэтай думкай ён, апрануты як і быў, басанож кінуўся ўніз, адчыніў акно, выскачыў у снег і сцяжынкай пабег да цёмнай фігуры, выхапленай з ночы месяцавым святлом. Сэр Джордж Барнвел спрабаваў уцячы, але Артур яго злавіў, і паміж імі завязалася бойка: ваш хлопец спрабаваў вырваць дыядэму з рук свайго суперніка, той жа трымаў яе як мог. У гэтым замяшанні Артур ударыў сэра Джорджа і трапіў таму ў вока. Раптам штосьці трэснула, хлопец адчуў, што дыядэма ў яго руках, тут жа пабег у дом, замкнуў акно, падняўся ў ваш пакой і толькі тады заўважыў, што ў бойцы каштоўнасць пацярпела. Калі вы ўвайшлі ў пакой, Артур акурат спрабаваў яе выпрастаць.
– Няўжо гэта магчыма? – выдыхнуў банкір.
– Абражаючы сына ў той момант, калі ён верыў, што заслугоўвае самай цёплай вашай удзячнасці, вы вельмі моцна яго распалілі. Расказаць усю праўду, не здраджваючы той, што была яго заступніцтва не вартая, ён не мог. А таму ён па-рыцарску захаваў таямніцу.
– Дык вось чаму яна ўскрыкнула і страціла прытомнасць, убачыўшы дыядэму! – выгукнуў містэр Холдэр. – О Божа мой! Якім сляпым дурнем я быў! А ён жа прасіў у мяне дазволу выйсці з дому хаця б на пяць хвілін! Дарагі мой хлопчык хацеў пашукаць на месцы бою прапажу! Як жорстка я яго недаацаніў!
– Калі я прыехаў да вас, – працягваў Холмс, – то адразу ж вельмі старанна агледзеўся, каб знайсці на снезе сляды, якія маглі б мне дапамагчы. Я помніў, што ападкаў з мінулага вечара не было, а таму моцны мароз мусіў захаваць на снезе шмат цікавага. Я прайшоўся сцяжынкай да чорнага ўвахода, але ўсе адбіткі на ёй былі затаптаныя і нічога мне не далі. Аднак непадалёк ад кухонных дзвярэй я ўсё ж змог нешта расчытаць: там жанчына размаўляла з мужчынам, і круглыя сляды ўказвалі, што ў яго драўляная нага. Магу нават сказаць, што іх размову нехта перарваў, бо жанчына хутка заскочыла ў дом – пра гэта сведчыць адбітак наска, нашмат глыбейшы, чым след ад абцаса. Драўляная нага яшчэ трохі пачакала і таксама сышла прэч. У той момант я падумаў, што гэта мусілі быць пакаёўка са сваім прыяцелем, пра якіх вы расказвалі, і пазней мая думка пацвердзілася. Я абышоў увесь сад і не знайшоў нічога, апроч выпадковых адбіткаў, якія, відаць, належалі паліцыі, аднак калі я дабраўся да стайневай дарожкі, перада мной адкрылася доўгая і складаная гісторыя, напісаная на снезе.