На дарожцы былі дзве лініі слядоў мужчыны ў ботах і яшчэ дзве, пакінутыя, як я радасцю адзначыў, босымі нагамі. Успомніўшы вашыя словы, я адразу ж упэўніўся, што другая пара адбіткаў належыць вашаму сыну. Мужчына ў ботах спакойна праходжваўся туды і назад, уладальнік жа босых ног паспешліва бег, а ўлічваючы, што сляды другога ідуць па адбітках першага, сын ваш, несумненна, кагосьці пераследаваў. Я пайшоў уздоўж гэтых лініяў і прасачыў іх да самага акна гасцёўні, пад якім боты ў чаканні вытапталі ледзь не ўвесь снег. Тады я прайшоў у адваротным кірунку і ярдаў праз сто ці каля таго ўбачыў, што боты павярнуліся. У гэтым месцы снег быў вытаптаны так, нібы там адбылася бойка. Урэшце я знайшоў на снезе некалькі кропляў крыві, якія пацвердзілі, што я не памыліўся. Потым боты кінуліся прэч, і чарговая плямка крыві паведаміла мне, што іх уласніка паранілі. Ён выбег на вялікую дарогу, снег на якой быў счышчаны, таму тут мая нітка абарвалася.
Увайшоўшы ў дом, я, калі памятаеце, з дапамогай лупы агледзеў падаконне і раму ў гасцёўні і адразу ж заўважыў, што праз акно хтосьці вылазіў. Заўважыў я таксама і абрысы адбітка, які застаўся там ад мокрай нагі. Тады ў мяне пачало вымалёўвацца ўяўленне пра тое, што магло адбыцца. Нейкі мужчына чакаў за акном, пакуль нехта з дому перадасць яму каштоўнасць, ваш сын усё гэта падгледзеў і кінуўся за злодзеем у пагоню, пабіўся з ім, і, цягнучы дыядэму кожны на сябе, разам яны нанеслі ўпрыгожанню такую шкоду, якую паасобку ніхто б нанесці не мог. Артур са здабычай вярнуўся ў дом, але ў руках яго суперніка застаўся адламаны фрагмент. Да гэтага моманту ўсё было ясна. Цяпер перада мной устала пытанне, кім быў рабаўнік і хто вынес яму дыядэму.
Я даўно трымаюся прынцыпу, паводле якога выключаю ўсё немагчымае, і тады застаецца толькі праўда, хай сабе і неверагодная. Я ведаў, што вы каштоўнасць вынесці не маглі, а таму гэта альбо Мэры, альбо пакаёўка. Калі б гэта была пакаёўка, навошта вашаму сыну падстаўляцца пад абвінавачанне? Ніякіх разумных прычынаў гэтаму няма. А сваю стрыечную сястру ён кахае, што бліскуча тлумачыць, чаму ён захоўваў таямніцу: таямніца гэтая была для Мэры ганебнай. Калі я ўспомніў, як вы ўбачылі яе ля акна і як яна страціла прытомнасць, убачыўшы дыядэму на месцы, мае падазрэнні перараслі ва ўпэўненасць.
Кім тады мог быць яе суўдзельнік? Відавочна, гэта яе каханак, бо што яшчэ, як не каханне, здольнае пераважыць любоў і ўдзячнасць, якія яна адчувала да вас? Я ведаю, што вы рэдка выязджаеце і што кола вашых сяброў вельмі абмежаванае. Але сярод іх быў сэр Джордж Барнвел. Я пра яго кепскую славу сярод жанчын чуў і раней. Менавіта ён мусіў стаяць у ботах пад акном і пасля забраць каштоўнасць. Ён мог цешыцца надзеяй, што нават калі Артур яго ўбачыць, то будзе маўчаць, каб не скампраметаваць сям’ю.
Ну а цяпер ваш уласны здаровы сэнс падкажа, што я рабіў далей. Пад выглядам бадзягі я зазірнуў у дом сэра Джорджа, там пазнаёміўся з яго лёкаем, даведаўся, што мінулай ноччу гаспадар параніў галаву, і ўрэшце за шэсць шылінгаў здабыў пару яго старых чаравікаў. Разам з імі я скіраваўся ў Стрытхэм і высветліў, што яны ідэальна супадаюць са слядамі.
– Учора вечарам я бачыў на сцяжынцы кепска апранутага валацугу, – сказаў містэр Холдэр.
– Усё правільна, гэта быў я. Я зразумеў, што злодзей у маіх руках, а таму вярнуўся дадому і пераапрануўся. Цяпер я мусіў заняцца вельмі далікатнай справай, бо ведаў, што суду і скандалу трэба пазбегнуць, а такі спрытны нягоднік абавязкова скарыстаецца тым, што рукі ў нас звязаныя. Я ўвайшоў у яго дом – сэр Джордж быў у сябе. Спачатку ён, безумоўна, усё адмаўляў. Калі я падрабязна яму ўсё апісаў, ён пачаў мне пагражаць і схапіў са сцяны цяжкую дубінку. Аднак я быў падрыхтаваны і таму, перш чым ён паспеў ударыць, прыставіў да яго скроні пісталет. Ён адразу ж зрабіўся лагаднейшы, і я сказаў, што мы гатовыя выкупіць камяні за 1000 фунтаў кожны. Тут на яго твары з’явіліся першыя прыкметы маркоты.
– Чорт вас падзяры! – вылаяўся ён. – Я ўжо аддаў усе тры за шэсцьсот фунтаў!
Паабяцаўшы крымінальную справу супраць яго не пачынаць, я выпытаў у сэра Джорджа адрас скупшчыка, аправіўся да яго і пасля доўгіх спрэчак вярнуў камяні па 1000 фунтаў за штуку. Потым зазірнуў да вашага сына, паведаміў яму, што ўсё ў парадку, і ў выніку каля дзвюх гадзінаў ночы дабраўся да свайго ложка пасля цяжкага працоўнага дня.
– Дня, які ўратаваў Англію ад вялікага публічнага скандалу! – падымаючыся, сказаў банкір. – Я не магу знайсці словаў для падзякі, сэр, але вы ўпэўніцеся, што няўдзячным мяне не назавеш. Вашыя здольнасці перавышаюць усё, што я пра іх чуў. А цяпер я мушу бегчы да майго дарагога хлопчыка і выбачыцца перад ім за свае падазрэнні. Што да беднай Мэры, то яна ўразіла мяне да глыбіні душы. Баюся, нават вы не зможаце цяпер яе знайсці.