Выбрать главу

– Думаю, мы можам не сумнявацца, – адказаў Холмс, – што яна цяпер там, дзе і сэр Джордж Барнвел. Няма сумневаў і ў тым, што, якімі б ні былі яе грахі, хутка яе чакае больш чым дастатковае пакаранне.

Пераклала Ганна Янкута

Лясныя букі

– Чалавек, які любіць мастацтва дзеля мастацтва, – адзначыў аднойчы Шэрлак Холмс, адкідваючы ўбок аркуш «Дэйлі тэлеграф» з абвесткамі, – часта атрымлівае найбольшую асалоду ад самых нязначных і сціплых яго праяваў. Мне прыемна бачыць, Ўотсан, што вы так добра ўхапілі гэтую ісціну і ў сваіх нататках пра нашыя расследаванні, якія вы ласкава ведзяце і ў якіх, мушу прызнаць, рэчаіснасць часам прыхарошаная, аддаяце перавагу не нашым шматлікім causes célèbres[7] і гучным злачынствам, а гісторыям даволі банальным, якія, аднак, даюць нямала магчымасцяў выкарыстаць мае адмысловыя метады дэдукцыі і лагічнага сінтэзу.

– І ўсё ж, – сказаў я з усмешкай, – цалкам устрымацца ад сенсацыйных тэмаў, ад якіх вы так мяне адгаворваеце, я не магу.

– Магчыма, вашая памылка ў тым, – прадоўжыў Холмс, беручы шчыпцамі вугольчык і раскурваючы доўгую вішнёвую люльку, што замяняла яму гліняную ў тыя гадзіны, калі ён быў схільны хутчэй да размоваў, чым да развагаў, – што ў кожны свой аповед вы спрабуеце дадаць жыцця і фарбаў, замест таго каб абмежавацца сухім пералікам прычын і высноваў – адзінага, што насамрэч мае значэнне.

– Мне здаецца, што вашыя справы я апісваю па справядлівасці, – халаднавата адказаў я, бо мяне зачапіла ганарлівасць майго сябра – даволі важная, як я ўжо неаднаразова заўважаў, рыса яго выбітнага характару.

– Тут няма ніякага эгаізму ці славалюбства, – прамовіў ён, адказваючы, як звычайна, хутчэй на мае думкі, чым на словы. – Калі я і прашу справядліва апісваць маё мастацтва, то гэта не мае ніякага дачынення да мяне прыватна, бо мастацтва вышэйшае за мяне. Злачынствы здараюцца часта. Логіка сустракаецца рэдка. Вось чаму вам трэба засяродзіцца на логіцы, а не на злачынстве. Вы ж сур’ёзны курс лекцыяў звялі да ўзроўню зборніка казачак.

Быў халодны ранак ранняй вясны, мы толькі што скончылі снедаць і сядзелі ля вясёлага каміна ў сваім старым пакоі на Бэйкер-стрыт. Густы туман клубіўся паміж двума шэрагамі змрочных дамоў, і ў гэтай цяжкай жоўтай смузе цьмянымі бясформеннымі плямамі вымалёўваліся вокны насупраць. Нашая газоўка кідала на белы абрус блікі, і яе святло адбівалася ў парцалянавым посудзе і металічным начынні – са стала пакуль яшчэ не прыбралі. Усю раніцу Шэрлак Холмс маўчаў, заглыбіўшыся ў калонку з абвесткамі, аднак урэшце махнуў на свае пошукі рукой і не ў найлепшым настроі ўзяўся разбіраць мае літаратурныя пралікі.

– У той жа час, – прадоўжыў ён пасля паўзы, папыхкаўшы доўгай люлькай і ўдосталь наглядзеўшыся на агонь, – ніякай схільнасці да сенсацыйнасці я ў вас не бачу, бо важкую частку справаў, якімі вы так ласкава зацікавіліся, у юрыдычным сэнсе ўвогуле нельга назваць злачынствамі. Нязначная гісторыя, калі я паспрабаваў дапамагчы каралю Багеміі, дзіўны выпадак з міс Мэры Сазэрлэнд, праблема, звязаная з чалавекам з выкручанай губой, загадка высакароднага кавалера – усе гэтыя справы зусім не трапляюць пад юрысдыкцыю закону. Але я баюся, што, пазбягаючы сенсацыяў, вы цалкам замкнуліся на банальным.

– У выніку ўсё можа падацца банальным, – адгукнуўся я, – але самі метады здаюцца мне арыгінальнымі і цікавымі.

– Мой дарагі сябра, якая справа публіцы, вялікай і няўважлівай, што наўрад ці адрозніць ткача па зубах ці наборшчыка па левым вялікім пальцы, да найтанчэйшых адценняў аналізу і дэдукцыі?! Да таго ж, калі вы і пішаце банальнасці, не мне вас асуджаць, бо дні вялікіх расследаванняў засталіся ў мінулым. Чалавек, ці прынамсі злачынца, страціў усю сваю вынаходлівасць і самабытнасць. Што да маёй сціплай практыкі, то я, відаць, паціху ператвараюся ў спецыяліста па пошуку згубленых алоўкаў і кансультанта для юных паннаў з пансіёну. Мабыць, на самае дно я ўжо апусціўся. Пра гэта сведчыць і ліст, які прыйшоў сёння ранкам. Зірніце!

З гэтымі словамі ён кінуў мне скамечаны ліст, адпраўлены ўчора вечарам з плошчы Мантэгю.

«Дарагі містэр Холмс! Мне вельмі хацелася б параіцца з вамі адносна прапанаванага мне месца гувернанткі. Калі вам зручна, я прыйду заўтра а палове адзінаццатай.

З павагай, Ваялет Хантэр».

– Вы ведаеце гэтую маладую лэдзі? – пацікавіўся я.

вернуться

7

Тут: нашумелыя справы (фр.).