Выбрать главу

– Не.

– Цяпер акурат палова адзінаццатай.

– А вось і званок – не сумняюся, што гэта яна.

– Справа можа аказацца цікавейшай, чым вы думаеце. Памятаеце выпадак з блакітным карбункулам, які спачатку здаваўся нейкай бязглуздзіцай, але хутка ператварыўся ў паўнавартаснае расследаванне? Так можа атрымацца і цяпер.

– Што ж, спадзяюся. Хутка мы пра ўсё даведаемся, бо вось і нашая госця.

На гэтых словах дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшла маладая лэдзі. Апранутая яна была проста, але акуратна, у яе быў жывы прывабны твар, увесь у рабацінні, як перапялінае яйка, і рашучая пастава жанчыны, што сама прабівае сабе дарогу ў жыцці.

– Думаю, вы даруеце мне, што я вас патурбавала, – сказала яна, калі мой сябра падняўся з ёй павітацца, – бо са мной адбылася адна вельмі дзіўная штука, і ў мяне няма ні бацькоў, ні хоць якіх родзічаў, каб параіцца з імі на гэты конт. Я падумала, што вы ласкава пагодзіцеся мне дапамагчы.

– Прашу вас прысесці, міс Хантэр. Буду рады дапамагчы вам чым змагу.

Я заўважыў, што Холмса прыемна ўразіла яе манера трымацца і гаварыць. Дапытліва паглядзеўшы на госцю, ён прыкрыў вочы і звёў пальцы, падрыхтаваўшыся слухаць.

– Пяць гадоў я працавала гувернанткай у сям’і палкоўніка Спэнса Манро, – сказала дзяўчына, – але два месяцы таму палкоўнік атрымаў прызначэнне ў Новую Шатландыю, у Галіфакс, і забраў туды дзяцей. Застаўшыся без працы, я дала аб’яву і сама пачала шукаць у газетах вакансіі, але беспаспяхова. Неўзабаве мае зберажэнні пачалі заканчвацца, і я ўжо не ведала, што і рабіць.

У Вест-Эндзе ёсць адно добра вядомае агенцтва па найме гувернантак «Вестэвэй», і раз на тыдзень я зазірала туды паглядзець, ці не падвярнулася што спрыяльнае. Вестэвэй – гэта прозвішча гаспадара агенцтва, але насамрэч там усім кіруе міс Стопер. Яна сядзіць у сваім прыватным кабінеціку, а жанчыны, якія шукаюць працу, чакаюць у прыёмным пакоі. Міс Стопер па чарзе выклікае іх у кабінет, глядзіць у свае гросбухі і прапануе вакансіі, калі яны ёсць.

Калі я прыйшла туды на мінулым тыдні, мяне, як заўсёды, запрасілі ў кабінет, але міс Стопер была там не адна. Побач з ёй сядзеў надзвычай тоўсты мужчына з шырокай усмешкай і цяжкім падбароддзем, якое вісела некалькімі складкамі, і ўважліва разглядаў прэтэндэнтак. Калі я ўвайшла, ён ледзь не падскочыў на крэсле і тут жа павярнуўся да міс Стопер.

– Падыходзіць! – сказаў ён. – Нічога лепшага і быць не можа. Цудоўна, цудоўна!

Ён выглядаў вельмі захопленым і радасна паціраў рукі. Ён падаўся мне такім добразычлівым, што на яго было прыемна глядзець.

– Вы шукаеце працу, міс? – спытаў ён.

– Так, сэр.

– Гувернанткі?

– Так, сэр.

– Колькі вы хочаце атрымліваць?

– Палкоўнік Спэнс Манро плаціў мне чатыры фунты ў месяц.

– Нічога сабе! Жабрацкі заробак, проста жабрацкі! – закрычаў ён, размахваючы тоўстымі рукамі, нібыта чалавек, апанаваны кіпучай жарсцю. – Як можна прапаноўваць гэтую жалю вартую суму лэдзі, што вылучаецца такой прывабнасцю і такімі талентамі?

– Мае таленты, сэр, могуць аказацца меншымі, чым вы сабе ўявілі, – адказала я. – Трошкі французскай, трошкі нямецкай, музыка і маляванне…

– Нічога сабе! – закрычаў ён. – Але ўсё гэта не мае значэння. Пытанне ў тым, ці ўмееце вы трымацца як сапраўдная лэдзі. Гэта калі казаць коратка. Калі не ўмееце, то вы не здолееце выхаваць дзіця, якое ў адзін дзень можа адыграць значную ролю ў гісторыі нашай краіны. Але калі ўмееце, то як любы джэнтльмен можа дазволіць сабе прапанаваць вам суму, меншую за трохзначную? У мяне, мадам, вы для пачатку будзеце атрымліваць сто фунтаў у год.

Думаю, містэр Холмс, вы ўяўляеце, якой неверагоднай падалася мне, жанчыне, якая адчайна шукала працу, гэтая прапанова. Убачыўшы на маім твары недаверлівы выраз, джэнтльмен адкрыў партманэт і дастаў адтуль банкноту.

– А яшчэ я трымаюся звычкі, – сказаў ён, усміхаючыся мне найпрыязнейшай усмешкай, так што яго вочы ператварыліся ў дзве бліскучыя шчылінкі сярод белых складак твару, – плаціць юным лэдзі наперад палову іх заробку, каб яны маглі пакрыць дробныя падарожныя выдаткі і абнавіць гардэроб.

Тады мне падалося, што ніколі раней я не сустракала такога абаяльнага і ўважлівага чалавека. Я ўжо была вінная грошы гандляру, і аванс быў бы вельмі дарэчы, і ўсё ж у гэтай справе было нешта ненатуральнае, нешта такое, што прымусіла мяне задаць яшчэ некалькі пытанняў, перш чым звязаць сябе словам.

– Дазвольце спытаць, дзе вы жывяце, сэр, – сказала я.

– У Хэмпшыры. Чароўная сельская мясцовасць. Маёнтак Лясныя Букі, за пяць міляў ад Ўінчэстэра. Вельмі прыемныя мясціны, мая дарагая лэдзі, і проста цудоўны старасвецкі дом.