Выбрать главу

– Як наконт абавязкаў, сэр? Мне б хацелася ведаць, што давядзецца рабіць.

– Адно дзіця, адзін чароўны маленькі жэўжык, якому акурат споўнілася шэсць. Бачылі б вы, як ён б’е тараканаў хатнім пантофлем! Шмяк! Шмяк! Шмяк! І міргнуць не паспееш, а ён ужо справіўся з трыма, – джэнтльмен адкінуўся на крэсле і засмяяўся так, што вочы яго зноў ператварыліся ў шчылінкі.

Характар дзіцячых забаваў мяне трохі напалохаў, але бацька рагатаў так, што я падумала, ён жартуе.

– Значыць, маім адзіным абавязкам будзе клапаціцца пра дзіця? – удакладніла я.

– Не-не, не толькі клапаціцца, мая дарагая лэдзі, не толькі клапаціцца, – усклікнуў ён. – Думаю, вы і самі ўжо здагадаліся, што яшчэ адным вашым абавязкам будзе выконваць дробныя даручэнні маёй жонкі, калі яны, зразумела, не пададуцца вам недарэчнымі. З гэтым жа складанасцяў не будзе, праўда?

– Я буду радая чымсьці вам дапамагчы.

– Вось і добра. Напрыклад, што да сукенкі. Мы ўсе там, ведаеце, трошкі дзівакі, так, дзівакі, але з добрым сэрцам. Калі мы папросім надзець сукенку, якую мы вам дамо, вы ж не будзеце супраць нашага такога капрызіку? Праўда ж?

– Ды не, – адказала я, канчаткова збянтэжаная.

– Сесці тут, сесці там – вас жа такія просьбы не пакрыўдзяць?

– Не.

– Альбо перад прыездам падстрыгчы валасы?

Я не магла паверыць сваім вушам. Магчыма, вы заўважылі, містэр Холмс, што мае густыя валасы маюць своеасаблівае каштанавае адценне, гэты колер вельмі шануецца людзьмі з мастацкім густам. Я не збіралася так бязглузда імі ахвяраваць.

– Баюся, гэта немагчыма, – сказала я.

Яго маленькія вочы прагна на мяне паглядзелі, і я заўважыла, што па яго твары прабег цень.

– Баюся, гэта неабходна, – прамовіў ён. – Такая ўжо маленькая прыхамаць маёй жонкі, а з прыхамацямі жанчын, як вы, мадам, ведаеце і самі, трэба лічыцца. Стрыгчы валасы вы, значыць, не хочаце?

– Не, сэр, я сапраўды не магу, – рашуча адказала я.

– Ну што ж, значыць, справа вырашаная. Вельмі шкада, бо ва ўсім астатнім вы цалкам нам падыходзіце. У такім выпадку, міс Стопер, мне давядзецца пазнаёміцца з яшчэ некалькімі вашымі маладымі лэдзі.

Увесь гэты час міс Стопер моўчкі займалася сваімі паперамі, але цяпер яна зірнула на мяне з такім раздражненнем, што я адразу зразумела: мая адмова пазбавіла яе вельмі прыстойнай узнагароды.

– Вы, мабыць, хочаце застацца ў нашых спісах? – пацікавілася яна.

– Калі гэта магчыма, міс Стопер.

– Як на мяне, у гэтым няма ніякага сэнсу – вы толькі што адмовіліся ад найлепшай прапановы, якую вам маглі зрабіць, – рэзка прамовіла яна. – Няўжо вы думаеце, што мы напружымся і знойдзем вам яшчэ адну такую вакансію? Усяго найлепшага, міс Хантэр.

Яна пазваніла ў званочак, і хлопчык вывеў мяне з кабінета.

Што ж, містэр Холмс, калі я вярнулася дадому, у маім буфеце было амаль пуста, а на стале ляжала два ці тры рахункі. Я пачала пытаць сябе, а ці не зрабіла я вялікай памылкі. Гэтыя людзі з дзіўнымі капрызамі хочуць, каб я выконвала нейкія незвычайныя даручэнні, але за сваю дзівакаватасць яны гатовыя плаціць. У Англіі не так ужо шмат гувернантак, якія атрымліваюць сто фунтаў у год. Да таго ж якая мне карысць з валасоў? Некаторым кароткая стрыжка нават пасуе – можа, будзе пасаваць і мне? На наступны дзень я ўжо думала, што сапраўды памылілася, а яшчэ праз дзень упэўнілася ў гэтым канчаткова. Я ўжо збіралася, перасіліўшы сваю гордасць, вярнуцца ў агенцтва і запытацца, ці адкрытая яшчэ вакансія, як раптам мне прынеслі пасланне ад самога гэтага джэнтльмена. Я ўзяла ліст і зараз яго вам зачытаю:

«Лясныя Букі, побач з Ўінчэстэрам Дарагая міс Хантэр! Міс Стопер ласкава пагадзілася даць мне ваш адрас, і я пішу вам з дому, каб удакладніць, ці не перадумалі вы. Мая жонка вельмі хоча, каб вы прыехалі, бо па маіх апісаннях вы ёй вельмі спадабаліся. Мы збіраемся плаціць вам трыццаць фунтаў за квартал, то бок сто дваццаць фунтаў на год, каб узнагародзіць за дробныя нязручнасці, якія могуць прынесці вам нашыя дзівацтвы. Зрэшты, не такія ўжо яны і цяжкія. Мая жонка аддае перавагу колеру электрык і хацела б, каб ранкамі вы насілі дома сукенку менавіта гэтага адцення. Аднак выдаткоўваць на яе грошы вам не трэба – у нас засталася сукенка нашай дарагой дачкі Эліс, якая цяпер у Філадэльфіі, думаю, яна акурат на вас. Маю надзею, што просьба сесці там, дзе мы вам скажам, ці выканаць яшчэ якое даручэнне таксама нямоцна вас напружыць. Што да вашых валасоў, то мне іх, безумоўна, вельмі шкада. Падчас нашай кароткай размовы я адзначыў іх незвычайную прыгажосць, але, баюся, змяніць сваю ўмову я не магу і спадзяюся толькі, што павышэнне заробку трошкі прымірыць вас з гэтай стратай. Абавязкі, звязаныя з доглядам дзіцяці, пра якое я казаў, зусім не складаныя. Чакаем вас з нецярпеннем. Напішыце мне, якім цягніком вы прыедзеце, я сустрэну вас з экіпажам у Ўінчэстэры.