Вось такі ліст я атрымала, містэр Холмс, і ўжо вырашыла прапанову прыняць. І ўсё ж, перад тым як зрабіць апошні крок, мне хацелася б з вамі параіцца.
– Калі вы ўжо вырашылі, міс Хантэр, значыць, і казаць няма пра што, – усміхнуўся Холмс.
– І вы не параіце мне адмовіцца?
– Прызнаю, гэта не тое месца, на якім я б хацеў бачыць сваю сястру.
– Што гэта значыць, містэр Холмс?
– Нічога сказаць не магу, мне не хапае інфармацыі. Можа, у вас самой ёсць нейкія думкі?
– Як на мяне, тлумачэнне тут можа быць толькі адно. Містэр Рукасл, відаць, вельмі добры, мяккі чалавек. А вось яго жонка, мабыць, вар’ятка, і ён хоча захаваць гэта ў таямніцы, баючыся, што яе ўпякуць у вар’ятню. Таму і ўсяляк патурае яе капрызам, каб не дапусціць прыпадку.
– Тлумачэнне сапраўды магчымае, можа, нават найбольш верагоднае. У любым выпадку, гэта не найлепшае месца працы для маладой лэдзі.
– Але грошы, містэр Холмс, грошы!
– Плата, безумоўна, шчодрая – занадта шчодрая, я б сказаў. Гэта мяне і трывожыць. Навошта плаціць сто дваццаць фунтаў у год, калі хапіла б і сарака? Значыць, для гэтага ёсць важкая прычына.
– Я падумала, што калі расказаць вам пра ўсе акалічнасці справы, вы лепш ва ўсім разберацеся пасля, калі раптам мне спатрэбіцца вашая дапамога. Мне будзе спакайней, калі я буду ўпэўненая ў вашай падтрымцы.
– Вы можаце на яе разлічваць. Магу вас запэўніць, што гэтая дробная праблемка можа аказацца самай цікавай з тых, што трапіліся мне за апошнія некалькі месяцаў. Ва ўсім гэтым я бачу нешта надзвычай нестандартнае. Калі раптам вы пачняце нешта падазраваць ці трапіце ў небяспеку…
– Небяспеку? Думаеце, гэта можа быць небяспечным?
– Калі б я мог гэта ведаць, ніякай небяспекі не было б, – з сур’ёзным выглядам пахітаў галавой Холмс. – Але што б ні здарылася, высылайце мне тэлеграму ў любы час дня ці ночы – і я прыеду на дапамогу.
– Гэтага мне дастаткова, – яна імкліва паднялася з крэсла, і трывога з яе твару знікла. – Цяпер я паеду ў Хэмпшыр з лёгкім сэрцам. Зараз жа адкажу містэру Рукаслу, вечарам падстрыгу свае бедныя валасы і заўтра выеду ў Ўінчэстэр.
Падзякаваўшы Холмсу і пажадаўшы нам добрага дня, яна паспяшалася вонкі.
– Што ж, – сказаў я, калі яе рашучыя і хуткія крокі на лесвіцы сціхлі, – яна здаецца чалавекам, які здольны пра сябе паклапаціцца.
– І ёй давядзецца гэта зрабіць, – сур’ёзна сказаў Холмса. – Думаю, я не памылюся, калі скажу, што неўзабаве мы атрымаем ад яе тэлеграму.
І прадказанне майго сябра, як заўсёды, збылося вельмі хутка. Прайшло два тыдні, за якія я неаднаразова вяртаўся думкамі да нашай госці і разважаў над дзіўнымі лабірынтамі лёсу, у якіх заблукала гэтая самотная лэдзі. Надзвычайны заробак, дзіўныя ўмовы, лёгкія абавязкі – ва ўсім гэтым было нешта ненатуральнае: прыхамаць гэта ці таемны план? А працадаўца – філантроп ён ці нягоднік? Усё гэта было вышэйшым за маё разуменне. Што да Холмса, дык ён падоўгу – паўгадзіны ці гадзіну – сядзеў з нахмуранымі бровамі і безуважным выразам твару, але калі я пра нешта яго пытаў, толькі махаў рукой.
– Мне патрэбная інфармацыя, больш інфармацыі! – нецярпліва выгукваў ён. – Я не магу рабіць цэглу без гліны!
І ўсё ж справа яго не адпускала, і ён увесь час мармытаў сабе пад нос, што ніякая яго сястра ніколі б такой прапановы не прыняла.
Тэлеграма, якую мы ўрэшце атрымалі, прыйшла позна вечарам, калі я ўжо збіраўся ісці спаць, а Холмс заглыбіўся ў адно са сваіх начных хімічных даследаванняў, якімі ён так цікавіўся: не раз бывала, што я пакідаў яго вечарам у кампаніі рэторты і прабіркі, а спусціўшыся ранкам на сняданак, бачыў, што з ночы нічога не змянілася. Холмс ускрыў жоўты канверт і, прабегшыся вачыма па лісце, кінуў яго мне.
– Паглядзіце расклад цягнікоў у Брэдшоў, – сказаў ён і вярнуўся да сваіх хімічных штудыяў.
Цыдулка была кароткай і катэгарычнай:
«Прашу прыехаць у ўінчэстэрскі гатэль «Чорны лебедзь» заўтра апоўдні. Калі ласка! Не ведаю, што рабіць. Хантэр».
– Едзеце са мной? – спытаў Холмс, на імгненне адарваўшыся ад доследу.
– Ахвотна.
– Што ў нас з раскладам?
– Ёсць цягнік а палове дзясятай, – сказаў я, зазіраючы ў даведнік. – У Ўінчэстэр ён прыбывае а палове дванаццатай.
– Цудоўна. Тады я, мабыць, адкладу свой аналіз ацэтону – ранкам нам спатрэбяцца ўсе нашыя сілы.
У адзінаццаць гадзінаў наступнага дня мы ўжо ехалі ў старадаўнюю сталіцу Англіі*. Усю дарогу Холмс не вылазіў з ранішніх газет, але як толькі мы ўехалі ў Хэмпшыр, тут жа іх выкінуў і пачаў любавацца краявідамі. Быў чароўны вясновы дзень, і па бледна-блакітным небе з захаду на ўсход плылі белыя пушыстыя аблачынкі. Ярка свяціла сонца, паветра, аднак, бадзёрыла прахалодай, даючы чалавеку новыя сілы. Навокал, да самых пагоркаў Олдэршата, сярод зусім маладой яшчэ лістоты праглядаліся маленькія чырвоныя і шэрыя дахі фермерскіх маёнткаў.