– Якая свежая прыгажосць! – усклікнуў я з усім запалам чалавека, які толькі што вырваўся з туманаў Бэйкер-стрыт.
Але Холмс панура пахітаў галавой.
– Ведаеце, Ўотсан, – прамовіў ён, – адно з пракляццяў майго мозгу ў тым, што я ўспрымаю навакольны свет толькі ў святле сваіх вузкіх зацікаўленняў. Гледзячы на гэтыя раскіданыя дамкі, вы захапляецеся іх прыгажосцю. Я ж думаю пра іх адасобленасць і пра злачынства, якое можа застацца без пакарання, калі яго здзейсніць у гэтых мясцінах.
– Божа ўсёмагутны! – усклікнуў я. – Якое злачынства на гэтых мілых старэнькіх фермах?
– Яны заўсёды выклікаюць у мяне жах. Я веру, Ўотсан (прычым вера мая грунтуецца на досведзе), што ў такіх прыязных і сімпатычных вёсачках здзяйсняецца больш вусцішных злачынстваў, чым у найбяднейшых і найагіднейшых завулках Лондана.
– Вы мяне палохаеце!
– Але гэта ж відавочна! У горадзе з чым не справіцца закон, з тым разбярэцца грамадскае меркаванне. Нават у самым гнюсным катуху плач пабітага дзіцяці ці гукі п’янай бойкі будуць кімсьці пачутыя і выклічуць абурэнне суседзяў, ды і да правасуддзя там так блізка, што першая ж скарга пацягне за сабой судовы разбор: ад злачынства да лавы падсудных – усяго адзін крок. А цяпер зірніце на гэтыя самотныя дамкі, кожны з якіх аточаны полем: тут жывуць збольшага бедныя і цёмныя людзі, якія ў законах амаль не разбіраюцца. Падумайце, колькі тут можа хавацца д’ябальскай жорсткасці і заганы, колькі ўсяго можа дзеяцца з году ў год – і ніякіх сведак. Калі б нашая кліентка ехала працаваць у Ўінчэстэр, я б за яе не хваляваўся. Але пяць міляў ад горада – гэта ўжо небяспека. І ўсё ж, відаць, пагроза навісла не над ёй самой.
– Гэта зразумела. Калі яна можа прыехаць у Ўінчэстэр на сустрэчу, значыць, можа і збегчы.
– Менавіта. Яе свабода не абмежаваная.
– У чым тады рэч? Няўжо ў вас няма ніякіх тлумачэнняў?
– Я магу прыдумаць для вас сем розных тлумачэнняў, кожнае з якіх будзе ўлічваць усе вядомыя нам факты.
Але якое з іх правільнае, мы даведаемся толькі тады, калі атрымаем свежую інфармацыю, якая, несумненна, нас ужо чакае. А вось і вежа сабора – значыць, хутка мы дазнаемся, што міс Хантэр хоча нам сказаць.
«Чорны лебедзь» аказаўся добра вядомым у горадзе гатэлем на Хай-стрыт непадалёк ад вакзала. Маладая лэдзі ўжо чакала нас. Яна сядзела ў гасцёўні, а на стале стаяў абед.
– Як я радая, што вы прыехалі, – амаль урачыста сказала яна. – Я вельмі вам удзячная, бо сапраўды не ведаю, што мне рабіць. Мне так патрэбная вашая парада.
– Прашу вас, раскажыце, што здарылася.
– Зараз раскажу, бо мне трэба спяшацца: я абяцала містэру Рукаслу вярнуцца да трох. Ён дазволіў мне сёння выбрацца ў горад, хаця я не сказала, навошта.
– Тады расказвайце ўсё па чарзе, – сказаў Холмс, выцягнуўшы свае доўгія худыя ногі да каміна і падрыхтаваўшыся слухаць.
– Найперш я мушу сказаць, што ў цэлым нічога кепскага я ад містэра і місіс Рукасл яшчэ не бачыла. Думаю, дзеля справядлівасці вы павінныя гэта ведаць. Але я не магу іх зразумець, і таму мне трошкі не па сабе.
– Чаго не можаце зразумець?
– Чаму яны так паводзяцца. Але ўсё па парадку. Калі я сюды прыехала, містэр Рукасл сустрэў мяне на вакзале з экіпажам і прывёз у свой маёнтак. Мясціны там і праўда прыемныя, аднак сам дом зусім не прыгожы: гэта вялікі квадратны будынак, пабелены вапнай, але ўвесь у трэшчынах і плямах ад вільгаці і кепскага надвор’я. З трох бакоў дом аточаны садам, з чацвертага ж да самай дарогі на Саўтхэмптан, што ярдаў за сто ад ганка, спускаецца луг. Гэты луг належыць гаспадарам Лясных Букаў, лясы ж навокал адносяцца да ўладанняў лорда Саўтэртана. Перад самым уваходам у дом расце некалькі лясных букаў, якія і далі назву маёнтку.
На станцыі мяне сустрэў мой гаспадар, які быў, як заўсёды, вельмі прыязны. Тым жа вечарам ён пазнаёміў мяне са сваёй жонкай і сынам. Мы з вамі не адгадалі, містэр Холмс, калі тады ў вашай кватэры на Бэйкер-стрыт падумалі, што місіс Рукасл – вар’ятка. Яна аказалася бледнай маўклівай жанчынай, нашмат маладзейшай за свайго мужа: думаю, ёй не больш за трыццаць, тым часам як яму ніяк не менш за сорак пяць. З іх размовы я зразумела, што яны ажаніліся сем гадоў таму, што на той момант ён быў удаўцом і што яго адзінае дзіця ад першага шлюбу, дачка, жыве цяпер у Філадэльфіі. Потым містэр Рукасл у прыватнай размове паведаміў мне, што яна з’ехала праз невытлумачальную агіду да мачахі. Я падлічыла, што яго дачцэ мусіць быць не менш за дваццаць, і цудоўна зразумела яе рашэнне: наўрад ці ёй было ўтульна побач з такой маладой бацькавай жонкай.