Характар місіс Рукасл падаўся мне такім жа невыразным, як і яе аблічча. Яна не зрабіла на мяне ні прыемнага, ні непрыемнага ўражання. Суцэльная блякласць. Я адразу ж заўважыла, што яна горача любіць мужа і сына. Позірк яе светла-шэрых вачэй увесь час пераходзіў з аднаго на другога, заўважаючы найдрабнейшае іх жаданне, каб па магчымасці яго апярэдзіць. Містэр Рукасл таксама ставіўся да яе з нейкай сваёй грубавата-дабрадушнай, шумнай цеплынёй: у цэлым яны здаліся мне шчаслівай парай. І ўсё ж у яе, гэтай жанчыны, была нейкая таемная скруха. Часцяком здавалася, што яна дарэшты сышла ў свае думкі, і тады на яе твары з’яўляўся сумны выраз. Не раз я заспявала яе ў слязах. Мне здаецца, што прычына яе суму – кепскі нораў дзіцяці, бо ніколі раней я не сустракала такога сапсаванага і такога злоснага маленькага стварэння. Для свайго ўзросту ён малы, але ў яго несувымерна вялікая галава. Хлопчык увесь час альбо шалее ад жорсткіх прыступаў ярасці, альбо сумуе і маркоціцца. Адзіная яго забава – рабіць балюча любой істоце, слабейшай за яго, і ён вялікі вынаходнік у выдумлянні новых спосабаў лавіць мышэй, птушак і насякомых. Але пра яго, мабыць, хопіць, містэр Холмс, бо з маёй гісторыяй ён не звязаны.
– Мне патрэбныя ўсе дэталі, – запярэчыў мой сябар, – якімі б нязначнымі яны вам ні здаваліся.
– Паспрабую не прапусціць нічога важнага. Што мне адразу ў гэтым доме вельмі не спадабалася, дык гэта выгляд і паводзіны слуг. У Рукаслаў іх толькі двое: муж і жонка. Толер, так завуць слугу, – грубы і нязграбны чалавек з сівымі валасамі і бакенбардамі, ад якога ўвесь час патыхае спіртным. Двойчы з таго часу, як я пачала працаваць, ён напіваўся дап’яна, але містэр Рукасл на гэта, здаецца, не зважае. Жонка Толера – высокая моцная жанчына з вечнай незадаволенасцю на твары, такая ж маўклівая, як місіс Рукасл, але нашмат менш прыязная. Надзвычай непрыемная пара, але я, на шчасце, большую частку часу праводжу ў дзіцячым пакоі ці побач з ім, у сябе, так што выходзіць са свайго закутка мне амаль не даводзіцца.
Першыя два дні майго жыцця ў Лясных Буках прайшлі спакойна, на трэці ж дзень, адразу пасля сняданку, місіс Рукасл паднялася і нешта прашаптала свайму мужу.
– Так-так, – сказаў ён, паварочваючыся да мяне, – мы вельмі вам абавязаныя, міс Хантэр, за тое, што вы прынялі пад увагу нашыя капрызы і падстрыглі валасы. Мушу вас упэўніць, што гэта ніякім чынам не адбілася на вашай прывабнасці. А зараз мы паглядзім, ці пасуе вам колер электрык. У сваім пакоі на ложку вы знойдзеце сукенку, і мы будзем абавязаныя вам яшчэ больш, калі вы ласкава пагодзіцеся яе цяпер надзець.
Сукенка, якую я знайшла ў сваім пакоі, была своеасаблівага сіняга адцення, пашытая з выключна добрай воўны, але відавочна ўжо ношаная. Ляжала яна ідэальна, нібыта меркі былі знятыя з мяне. Убачыўшы мяне, містэр і місіс Рукасл выказалі сваё захапленне, але яно падалося мне трошкі перабольшаным. Мы знаходзіліся ў гасцёўні, вельмі доўгім пакоі, што цягнуўся ўздоўж усяго фасада дома, з трыма вялікімі, да падлогі, вокнамі. Каля цэнтральнага акна спінкай да шыбы стаяла крэсла. Туды мяне і пасадзілі, і містэр Рукасл пачаў праходжвацца па пакоі, расказваючы самыя забаўныя гісторыі, якія мне толькі даводзілася чуць. Вы нават не ўяўляеце, як гэта было смешна, і я смяялася да ўпаду. Місіс Рукасл жа, відаць, ніякага пачуцця гумару не мае, бо яна ні разу нават не ўсміхнулася, а толькі сядзела з сумным і трывожным тварам, склаўшы на каленях рукі. Недзе праз гадзіну містэр Рукасл раптам успомніў, што яго чакаюць справы, і дазволіў мне пераапрануцца і пайсці да Эдварда ў дзіцячы пакой.
Праз два дні гэтая сцэна пры такіх самых абставінах паўтарылася. Я зноў надзела сукенку, зноў сядзела ля акна і зноў ад душы смяялася з забаўных гісторыяў, якіх мой гаспадар ведаў безліч і якія ўмеў непаўторна расказваць. Потым ён даў мне нейкі раман у жоўтай вокладцы і, пасунуўшы крэсла трошкі ўбок, каб мой цень не падаў на старонку, папрасіў пачытаць яму ўголас. Я чытала хвілін дзесяць, пачаўшы з сярэдзіны нейкай часткі, пакуль ён раптам не спыніў мяне пасярод сказа і не адправіў пераапранацца.
Думаю, вы ўяўляеце, містэр Холмс, як мне захацелася ведаць, што значыць увесь гэты дзівачны спектакль. Я заўважыла, што яны пільна сочаць за тым, каб я сядзела спінай да акна, таму мне ўвесь час хацелася паглядзець, што ж там дзеецца. Спачатку гэта здавалася немагчымым, аднак хутка я прыдумала спосаб. Маё ручное люстэрка акурат пабілася, і мне ў галаву прыйшла шчаслівая думка схаваць адзін з аскепкаў у насоўцы.