Такім чынам, я ішла за вамі да самых вашых дзвярэй і ўпэўнілася, што сапраўды зрабілася прадметам цікавасці знакамітага Шэрлака Холмса. Тады я досыць неразважліва пажадала вам добрай ночы і рушыла ў Тэмпл да мужа.
Мы пагадзіліся на тым, што, калі мяне пераследуе такі сур’ёўны супраціўнік, лепш за ўсё ўцячы, а таму калі вы завітаеце да мяне заўтра, то знойдзеце гняздзечка пустым. Што да фотаздымка, то ваш кліент можа спаць спакойна. Я кахаю чалавека, нашмат лепшага за яго, і маё каханне ўзаемнае. Кароль можа рабіць што яму заманецца, не баючыся перашкодаў з боку той, з кім ён так жорстка абышоўся. Я пакідаю гэты фотаздымак толькі дзеля ўласнай бяспекі – ён будзе добрай зброяй, што абароніць мяне ад магчымых захадаў супраць мяне ў будучыні.
Я пакідаю іншы здымак, які яму, мабыць, будзе прыемна атрымаць, і на тым, дарагі Шэрлак Холмс, застаюся шчыра вашай
– Якая жанчына, Божа мой, якая жанчына! – ускрыкнуў кароль Багеміі, калі мы скончылі чытаць. – Хіба я не расказваў вам, якая яна здагадлівая і рашучая? Хіба не зрабілася б яна цудоўнай каралевай? Як шкада, што яна мне не роўня.
– З таго, што я пабачыў, я і праўда зразумеў, што яна вашай вялікасці зусім не роўня, – холадна сказаў Холмс. – Шкада, што я не змог давесці справу да больш паспяховага заканчэння.
– Наадварот, мой дарагі сэр! – усклікнуў кароль. – Большага поспеху і жадаць немагчыма! Я ведаю, што яе слова непарушнае. Цяпер фотаздымак у такой жа бяспецы, як калі б яна яго спаліла.
– Я рады чуць гэта, вашая вялікасць.
– Я бясконца вам абавязаны. Прашу вас, скажыце, чым я магу аддзячыць. Гэты пярсцёнак… – ён зняў з пальца пярсцёнак у выглядзе змяі са смарагдам і на далоні працягнуў майму сябру.
– У вашай вялікасці ёсць рэч, якая мае для мяне большую каштоўнасць, – сказаў Холмс.
– Толькі скажыце, што гэта.
– Фотаздымак.
Кароль здзіўлена паглядзеў на яго.
– Фотаздымак Ірэн?! – усклікнуў ён. – Калі вы хочаце, ён ваш!
– Дзякую вашай вялікасці. Значыць, у гэтай справе больш нічога не зробіш. І таму я маю гонар пажадаць вам усяго найлепшага.
Холмс пакланіўся, павярнуўся і, не заўважаючы пададзенай яму рукі, разам са мной рушыў у сваю кватэру.
Вось і ўся гісторыя пра скандал, які пагражаў запляміць гонар караля Багеміі, а таксама пра тое, як цудоўныя планы Шэрлака Холмса быў парушаныя здагадлівай жанчынай. Раней мой сябар часта дасціпнічаў на тэму жаночага розуму, апошнім жа часам я не чую ад яго такіх жартаў. І калі ён гаворыць пра Ірэн Адлер ці згадвае пра яе фотаздымак, то заўсёды ўшаноўвае яе тытулам «тая жанчына».
Саюз рудых
Летась у адзін з восеньскіх дзён я завітаў да майго сябра, містэра Шэрлака Холмса, і заспеў яго за гутаркай з мажным і чырванатварым немаладым джэнтльменам з вогненна-рудой шавялюрай. Я выбачыўся за тое, што з’явіўся без папярэджання, і хацеў пайсці, але Холмс рашуча ўцягнуў мяне ў пакой і прычыніў дзверы.
– Немагчыма ўявіць сабе лепшага выпадку для вашага візіту, дарагі Ўотсан, – сардэчна сказаў ён.
– Мне падалося, вы заняты.
– Так і ёсць. Вельмі.
– Тады я пачакаю ў суседнім пакоі.
– Ні ў якім разе. Містэр Ўілсан, гэты джэнтльмен шматкроць дапамагаў мне ў самых паспяховых справах, і я не сумняюся, што ў вашым выпадку ён будзе мне надзвычай карысным.
Мажны джэнтльмен прыўзняўся з крэсла і адвесіў мне паклон. У яго маленькіх, заплылых тлушчам вачах бліснула цікаўнасць.
– Сядайце на казетку, – сказаў мне Холмс, заняўшы сваё месца ў фатэлі і злучыўшы пальцы рук лодачкай, як рабіў штораз, калі збіраўся паразважаць. – Я ведаю, дарагі Ўотсан, што вы раздзяляеце маю прыхільнасць да ўсяго надзвычайнага, якое выбіваецца з тужлівай аднастайнасці шэрых будняў. Пра гэта сведчыць той імпэт, з якім вы ўзяліся апісваць і, калі даруеце мне такую заўвагу, часам падаваць мае сціплыя прыгоды занадта прыгожа.
– Мяне напраўду вельмі зацікавілі вашыя справы, – адказаў я.
– Памятаеце, днямі, акурат перад тым як узяцца за вельмі простую справу міс Мэры Сазэрлэнд, я сказаў, што нават самае багатае ўяўленне не здольнае прапанаваць нам такіх дзіўных з’яваў і нечаканасцяў, як жыццё?
– Сцверджанне, у якім я насмеліўся сумнявацца.
– Так, доктар, але ўсё ж вам давядзецца раздзяліць маё меркаванне, бо я магу падмацаваць яго такой колькасцю прыкладаў, што пад ціскам фактаў вам не застанецца нічога іншага, як прызнаць маю рацыю. Вось, напрыклад, містэр Явіс Ўілсан завітаў да мяне сёння раніцай. Мяркуючы па тым, што ён паспеў расказаць, яго выпадак можа стацца адным з самых адметных за апошні час. Вам вядома, што, на маю думку, самыя дзіўныя і выключныя абставіны часцей датычаць дробных злачынстваў, а гэтым разам наогул незразумела, ці ўчыніў тут хто нешта ліхое. Пакуль я не магу зрабіць з пачутага выснову, ёсць тут злы намер ці не, але падзеі, несумненна, з самых незвычайных, якія толькі могуць быць. Містэр Ўілсан, ці не зробіце ласку паўтарыць тое, што ўжо мне расказалі? Я прашу не толькі таму, што мой сябар доктар Ўотсан прапусціў пачатак гісторыі, але і таму, што асаблівы яе характар моцна мяне зацікавіў, і мне хочацца атрымаць як мага больш падрабязны аповед з вашых вуснаў. Зазвычай, калі я ў агульных рысах валодаю карцінай, гэтага даволі, каб я мог параўнаць выпадак з тысячамі падобных здарэнняў, што прыходзяць мне ў галаву. Але пакуль вымушаны прызнаць, што з такімі акалічнасцямі сутыкаюся ўпершыню.