Наступным разам пасля чарговага надзвычай смешнага жарту я са смехам паднесла насоўку да вачэй і, трошкі пастараўшыся, змагла ўбачыць, што адбываецца за маёй спінай. Шчыра кажучы, я расчаравалася: там нічога не было. Прынамсі, так мне падалося на першы погляд. Прыгледзеўшыся, я, аднак, заўважыла чалавека, які стаяў на саўтхэмптанскай дарозе. Гэта быў нізенькі барадач у шэрым касцюме, які, здавалася, глядзеў у мой бок. Дарога гэтая вельмі шумная, там заўсёды шмат людзей, але гэты чалавек стаяў, абапёршыся на агароджу, што аддзяляла гасцінец ад нашага поля, і ўважліва нешта разглядаў. Я апусціла насоўку, зірнула на місіс Рукасл і зразумела, што тая ўважліва за мной сочыць. Яна нічога не сказала, але я ўпэўненая, што яна заўважыла і люстэрка, і мае спробы разгледзець чалавека за акном. Яна тут жа паднялася.
– Джэфра, – сказала яна, – нейкі нахабнік стаіць на дарозе і не зводзіць вачэй з міс Хантэр.
– Міс Хантэр, можа, гэта ваш сябар? – пацікавіўся яе муж.
– Не, знаёмых у мяне тут няма.
– Што за нахабства! Не маглі б вы павярнуцца і памахаць яму, каб сышоў?
– Думаю, лепш проста не звяртаць на яго ўвагі.
– Не-не, а то інакш ён увесь час будзе тут бадзяцца. Павярніцеся, калі ласка, і памахайце – вось так.
Я так і зрабіла, і ў той самы момант місіс Рукасл апусціла штору. Усё гэта адбылося тыдзень таму, і з таго часу ля акна я не сядзела, сіняй сукенкі не надзявала і таго чалавека на дарозе не бачыла.
– Прашу вас, працягвайце, – прамовіў Холмс. – Вашая гісторыя надзвычай цікавая.
– Баюся, яна падасца вам даволі бязладнай. Магчыма, паміж здарэннямі, пра якія я расказваю, няма ніякай асаблівай сувязі. У першы дзень пасля прыезду ў Лясныя Букі містэр Рукасл паказаў мне маленькі флігель ля кухонных дзвярэй. Калі мы падышлі да яго, адтуль пачуўся бразгат ланцуга: унутры нібыта знаходзілася вялікая жывёліна.
– Зірніце сюды! – прамовіў містэр Рукасл, паказваючы на шчылінку паміж дзвюма дошкамі. – Ну хіба ён не прыгажун?
Я зазірнула ўсярэдзіну і ўбачыла цьмяны сілуэт і вочы, што гарэлі ў цемры.
– Не пужайцеся, – сказаў гаспадар, смеючыся з майго спалоху. – Гэта ўсяго толькі Карла, мой мастыф. Я называю яго сваім, але насамрэч ён падпускае да сябе толькі старога Толера, які раз на дзень яго корміць, прычым не вельмі сытна, а таму сабачка з вялікім энтузіязмам ставіцца да ўсяго, што рухаецца. Кожнага вечару Толер яго выпускае, і барані Божа таго, хто ўломіцца на нашую тэрыторыю і трапіцца яму. Вельмі вас прашу ні пры якіх умовах не выходзіць ноччу з дому, бо тады вас нішто не ўратуе.
Папярэджанне было не лішнім, бо на трэцюю ноч я гадзіны ў дзве выпадкова вызірнула з акна сваёй спальні. Была прыўкрасная месяцавая ноч, і лужок перад домам серабрыўся – было светла амаль як удзень. Я стаяла, захопленая мірнай прыгажосцю гэтай карціны, як раптам заўважыла ў цені букаў няўлоўны рух. Потым на лужок выйшла нейкая істота, і я зразумела, што гэта вялізны рудавата-карычневы дог, памерам не меншы за цяля, з адвіслым падгрудкам, чорнай мордай і масіўнымі сківіцамі. Ён марудна прайшоў праз лужок і неўзабаве знік у цені з іншага боку. З’яўленне гэтага вартаўніка напалохала мяне так, як не напалохаў бы, відаць, ніякі рабаўнік.
Зараз я яшчэ пра адзін дзіўны выпадак раскажу. Як вы ведаеце, я ў Лондане падстрыгла валасы і схавала касу на дне дарожнага куфра. Аднаго вечару, паклаўшы хлопчыка спаць, я пачала вывучаць у сваім пакоі мэблю і раскладаць уласныя рэчы. У пакоі стаіць старая камода, дзве верхнія шуфляды якой аказаліся пустымі, а ніжняя – замкнёнай. Я пачала складваць у пустыя шуфляды бялізну, аднак месца не хапіла, і я, зразумела, раззлавалася, што трэцяя шуфляда зачыненая. Тут мне прыйшло ў галаву, што зачыненая яна выпадкова, і тады я паспрабавала адамкнуць яе сваёй звязкай ключоў. Першы ж ключ цудоўна падышоў, і я выцягнула шуфляду. У ёй ляжала толькі адна рэч, і я ўпэўненая, што вы ніколі не здагадаецеся, якая. Там была мая каса.
Я дастала яе і разгледзела. Той самы колер, тая самая густата. І ўсё ж гэта было немагчыма. Як мае валасы маглі апынуцца ў замкнёнай шуфлядзе? Дрыготкімі рукамі я адчыніла свой куфар, выцягнула з яго ўсе рэчы і знайшла на дне свае валасы. Я паклала дзве касы побач – і можаце мне паверыць, яны аказаліся абсалютна аднолькавымі. Хіба гэта не дзіўна? Зусім збянтэжаная, я не ведала, што і думаць, а таму проста паклала касу назад у камоду і Рукаслам пра сваю знаходку нічога не сказала, бо адчувала, што зрабіла нядобра, адамкнуўшы зачыненую шуфляду.