Вы, мабыць, заўважылі, містэр Холмс, што я ад прыроды вельмі ўважлівая. Хутка я добра ўяўляла планіроўку ўсяго дома. Адно яго крыло выглядала як нежылое. Дзверы, што вялі туды, знаходзіліся насупраць дзвярэй у пакоі Толераў і былі на замку. Аднак аднойчы, падымаючыся па лесвіцы, я ўбачыла містэра Рукасла, які выходзіў з тых дзвярэй з ключом у руках і выглядаў зусім не так, як заўсёды. Гэта быў не той бадзёры джэнтльмен, да якога я прызвычаілася: шчокі яго пачырванелі, бровы былі гнеўна нахмураныя, а на скронях ад ярасці набухлі вены. Ён зачыніў дзверы і праляцеў міма мяне, не сказаўшы ні слова і нават на мяне не зірнуўшы.
Усё гэта абудзіла маю цікаўнасць, а таму калі я выправілася ў сад на шпацыр са сваім выхаванцам, то пайшла ў той бок, адкуль добра бачныя вокны гэтай часткі дома. Іх было чатыры ў адным шэрагу, тры – проста брудныя, а чацвертае застаўленае аканіцамі. Там, відаць, ніхто не жыў. Пакуль я прагульвалася туды-сюды, час ад часу пазіраючы ў бок закінутага крыла, да мяне выйшаў містэр Рукасл, такі ж вясёлы і жыццярадасны, як заўсёды.
– Спадзяюся, вы не палічылі мяне занадта грубым, мая дарагая лэдзі, – звярнуўся ён да мяне, – калі я праскочыў міма, нічога вам не сказаўшы. Я быў так заняты сваімі справамі!
Я запэўніла яго, што зусім не пакрыўдзілася.
– Дарэчы, – прамовіла я, – у вас там, здаецца, некалькі пустых пакояў: адно з вокнаў нават застаўленае аканіцамі.
Было заўважна, што мая заўвага яго здзівіла і нават трошкі напалохала.
– Я цікаўлюся фатаграфіяй, – адказаў ён, – а таму абсталяваў зверху цёмны пакой. Але ж якая вы назіральная! Хто б мог падумаць. Ну праўда, хто б мог падумаць!
Адказ прагучаў у жартаўлівым тоне, але ў вачах містэра Рукасла не было і ценю жартаўлівасці. Там былі падазронасць і трывога, але жартаўлівасці не было.
Што ж, містэр Холмс, з таго моманту, як я даведалася, што ў гэтых пакоях нешта ад мяне хаваецца, я загарэлася жаданнем туды трапіць. Гэта не была чыстая цікаўнасць, хаця, зразумела, без яе не абышлося. Гэта было хутчэй пачуццё абавязку – мне здавалася, што, трапіўшы туды, я зраблю нешта добрае. Часам кажуць, што ў жанчын абвостраная інтуіцыя – мажліва, менавіта яна мяне туды і цягнула. Але як бы там ні было, я мусіла туды трапіць і старанна шукала магчымасці зазірнуць за забароненыя дзверы.
Магчымасць з’явілася толькі ўчора. Мушу сказаць вам, што ў пустыя пакоі апроч містэра Рукасла заходзілі таксама Толеры, а аднойчы я ўбачыла, як слуга цягне праз дзверы вялізны чорны мяшок. Апошнімі днямі ён моцна п’е, а ўчора вечарам дык увогуле быў зусім п’яны, і калі я паднялася наверх, то ўбачыла, што ў дзвярах тырчыць ключ. Не было сумневу, што слуга яго проста забыў. Містэр і місіс Рукасл з сынам былі ўнізе – цудоўны шанец! Я асцярожна павярнула ў замку ключ, адамкнула дзверы і праслізнула ўсярэдзіну.
Перада мной быў невялікі калідор з голымі сценамі і падлогай, які ў канцы паварочваў направа. За рогам я ўбачыла шэраг з трох дзвярэй, першая і трэцяя былі адчыненыя і вялі ў пустыя пакоі, пыльныя і бязрадасныя. У першым было два вокны, у другім – адно, такое бруднае, што вечаровае святло ў пакой амаль не трапляла. Сярэднія дзверы былі зачыненыя і закладзеныя шырокай папярэчынай ад жалезнага ложка, адзін канец якой быў прымацаваны вісячым замком да кальца ў сцяне, а другі надзейна прывязаны вяроўкай. Выглядала, што дзверы зачыненыя як мае быць, а ключа побач не было. Забарыкадаваны ўваход добра стасаваўся з аканіцамі, аднак я заўважыла святло, што прабівалася праз шчылінку ўнізе, – значыць, унутры не цёмна. Відаць, святло трапляе туды з люка, які вядзе наверх. Пакуль я стаяла ў калідоры, разглядаючы злавесныя дзверы і думаючы пра таямніцу, якая за імі хаваецца, у пакоі раптам пачуліся крокі, а па тонкай палосцы святла, што прабівалася з-пад дзвярэй, прабег цень. Тут мяне ахапіў невытлумачальны шалёны жах, містэр Холмс. Напружаныя нервы не вытрымалі, я павярнулася і пабегла – так, нібыта нейкая вусцішная рука спрабавала схапіць мяне ззаду за прыпол. Я пранеслася па калідоры, праскочыла ў дзверы – і аказалася ў абдоймах містэра Рукасла, які чакаў мяне вонкі.
– Значыць, гэта былі вы, – з усмешкай сказаў ён. – Я так і падумаў, калі ўбачыў, што дзверы адчыненыя.
– Як жа я спужалася! – ледзь магла аддыхацца я.
– Мая дарагая лэдзі! – вы не ўяўляеце, як гэты голас супакойваў і суцяшаў. – Мая дарагая юная лэдзі, што вас так напалохала?
Аднак голас яго падаўся мне ажно занадта добрым. Ён перастараўся. Я была напагатове.