– Я па дурасці забрыла ў нежылое крыло, – адказала я. – Але там так пуста і злавесна і такое цьмянае асвятленне, што я спалохалася і збегла. Ох, якая ж там вусцішная цішыня!
– І гэта ўсё? – спытаў ён, пранізліва гледзячы на мяне.
– А што яшчэ? – удакладніла я.
– Як вы думаеце, чаму я замкнуў гэтыя дзверы на ключ?
– Нават не ўяўляю.
– А для таго, каб там не сноўдаліся тыя, каму там няма чаго рабіць. Зразумела? – ён усё яшчэ вельмі прыязна ўсміхаўся.
– Паверце, калі б я толькі ведала…
– Што ж, цяпер вы ведаеце. І калі вы яшчэ хоць раз ступіце на парог, – тут яго ўсмешка на адно імгненне ператварылася ў шалёны ашчэр, нібыта на мяне зірнуў д’ябал, – я кіну вас свайму мастыфу.
Я так спалохалася, што не помню нават, як на гэта адрэагавала. Хутчэй за ўсё кінулася ад яго ў свой пакой. Помню толькі, як ляжала на ложку, дрыжучы ўсім целам. Тады я і падумала пра вас, містэр Холмс. Жыць тут далей без нейкай парады я не магу. Мяне палохае гэты дом, яго гаспадар і гаспадыня, слугі і нават дзіця. Я баюся іх усіх! Мне здавалася, што варта толькі вас выклікаць – і ўсё будзе ў парадку. Я, канечне, магла збегчы, але мая цікаўнасць была не слабейшай за страх.
Урэшце я вырашыла паслаць вам тэлеграму. Надзеўшы паліто і капялюш, я паспяшалася на пошту, да якой каля паловы мілі, і вярнулася адтуль з нашмат спакайнейшым сэрцам. Падыходзячы да дзвярэй, я з жахам падумала, ці не спусцілі яны сабаку, але пасля ўспомніла, што Толер сёння напіўся да непрытомнасці, а без яго справіцца з пачварай ніхто не можа. Я паспяхова праслізнула ў дом і паўночы не магла заснуць, радуючыся, што хутка вас убачу. Ранкам я без праблемаў атрымала дазвол з’ездзіць у Ўінчэстэр, але ў тры гадзіны мне трэба вярнуцца дадому, бо містэр і місіс Рукасл едуць у госці і ўвесь вечар будуць адсутнічаць, таму мне трэба прыгледзець за дзіцем. Вось такія прыгоды са мной здарыліся, містэр Холмс, і я буду радая, калі вы патлумачыце, што ўсё гэта значыць, і перш за ўсё параіце, што мне рабіць.
Мы з Холмсам слухалі гэтую надзвычайную гісторыю як зачараваныя. Мой сябар падняўся і, паклаўшы рукі ў кішэні, пачаў мераць крокамі пакой з выразам глыбокай засяроджанасці на твары.
– Толер усё яшчэ п’яны? – спытаў ён.
– Так, я чула, як яго жонка сказала місіс Рукасл, што нічога не можа з ім зрабіць.
– Гэта добра. Рукаслаў, значыць, сёння вечарам не будзе?
– Не будзе.
– У доме ёсць склеп на добрым моцным замку?
– Так, вінны склеп.
– У гэтай гісторыі, міс Хантэр, вы паказалі сябе вельмі смелым і разумным чалавекам. Ці здольныя вы на яшчэ адзін мужны ўчынак? Я б не пытаў, калі б не лічыў вас выключнай жанчынай.
– Я паспрабую. Што мне трэба зрабіць?
– У сем гадзінаў мы з сябрам прыедзем у Лясныя Букі. Да гэтага часу Рукаслы ўжо з’едуць, а Толер, спадзяюся, будзе ўсё яшчэ непрытомны. Застаецца місіс Толер, якая зможа падняць трывогу. Калі ў вас атрымаецца адправіць яе з якім-небудзь даручэннем у склеп і потым яе там зачыніць, вы моцна нам дапаможаце.
– З гэтым я спраўлюся.
– Цудоўна! Тады мы прыгледзімся да гэтай справы ўважлівей. Зразумела, тут ёсць толькі адно прымальнае тлумачэнне: вас прывезлі сюды сыграць ролю чалавека, які насамрэч увязнены ў тым пакоі. Гэта відавочна. Што да асобы вязня, дык я не сумняюся, што гэта дачка гаспадара, міс Эліс Рукасл, якая, калі я правільна помню, нібыта з’ехала ў Амерыку. Няма сумневаў, што вас выбралі, бо вы падобная да яе ростам, фігурай і колерам валасоў. Магчыма, праз хваробу ёй падстрыглі валасы – таму давялося ахвяраваць і вашымі. На яе касу вы, відаць, натрапілі выпадкова. На дарозе вы бачылі кагосьці з яе сяброў, можа, нават жаніха. Убачыўшы падобную да Эліс Рукасл дзяўчыну, якая носіць яе сукенку, весела смяецца і нават махае яму, каб ён сышоў, ён упэўніўся, што міс Рукасл шчаслівая і што ён ёй непатрэбны. Сабаку на ноч выпускаюць, каб перашкодзіць яму з вамі сустрэцца. Да гэтага моманту ўсё зразумела. Самая вялікая праблема ў гэтай справе – кепскія паводзіны дзіцяці.
– Але пры чым тут яно? – усклікнуў я.
– Дарагі мой Ўотсан, вы як медык мусілі сутыкацца з тым, што па паводзінах бацькоў няцяжка прадказаць паводзіны іх дзяцей. Няма сумневу, што гэтае правіла дзейнічае і ў адваротным кірунку. Мне не раз даводзілася даследаваць нораў бацькоў, назіраючы за іх дзецьмі. У нашым выпадку хлопчык падаецца ненатуральна жорсткім, жорсткасць вабіць яго сама па сабе, і ад каго б ён ні атрымаў яе ў спадчыну – ад жыццярадаснага бацькі, як я падазраю, ці ад маці, – яна ў любым разе тоіць небяспеку для бядачкі, якая аказалася ў іх уладзе.
– Вы маеце рацыю, містэр Холмс! – усклікнула нашая кліентка. – Цяпер мне прыгадваюцца тысячы драбніцаў, якія пацвярджаюць вашую думку! Нельга губляць ні хвіліны, трэба ратаваць гэтае няшчаснае стварэнне!