З таго часу як містэр Рукасл ажаніўся другі раз, міс Эліс была ў гэтым доме вельмі няшчасная. На яе не зважалі і з яе меркаваннем не лічыліся, але ўсё было даволі цярпіма, пакуль яна не пазнаёмілася ў сяброў з містэрам Фаўлерам. Як я зразумела, ёй паводле тэстаменту належала нейкая маёмасць, але яна была такой ціхмянай і пакорлівай, што ніколі пра гэта не згадвала, а проста перадала ўсё містэру Рукаслу. Той ведаў, што назад яна нічога патрабаваць не будзе, але калі наперадзе залунаў прывід вяселля, а разам з ім і мужа, які можа запатрабаваць усё, што належыць ім паводле закону, татка прызадумаўся і вырашыў, што самы час дзейнічаць. Спачатку ён прымушаў яе падпісаць паперу, што распараджацца яе грашыма будзе ён – незалежна ад таго, замужам яна ці не. Яна адмовілася, але ён не адставаў, пакуль яна не злегла з запаленнем мозгу і шэсць тыдняў балансавала паміж жыццём і смерцю. Калі яна ачуняла, то стала падобнай да ценю. Да таго ж яе цудоўныя валасы давялося падстрыгчы, але яе жаніх застаўся ёй верны, як і мусіў бы любы прыстойны чалавек на яго месцы.
– Думаю, – перапыніў яе Холмс, – вы дастаткова праяснілі нам абставіны гэтай справы – усё астатняе я магу дадумаць і сам. Містэр Рукасл, значыць, вырашыў пазбавіць яе свабоды?
– Так, сэр.
– І прывёз з Лондана міс Хантэр, каб вызваліцца ад непажаданай настойлівасці містэра Фаўлера?
– Менавіта так, сэр.
– Аднак містэр Фаўлер аказаўся вельмі настойлівым, як і варта чакаць ад добрага марака. Ён асадзіў дом, выйшаў на вас і з дапамогай звонкіх ці яшчэ якіх аргументаў упэўніў, што ў вас з ім агульныя інтарэсы.
– Містэр Фаўлер – чалавек шчодры і пераконваць умее, – абыякава адказала місіс Толер.
– Такім чынам ён пастараўся, каб вашаму добраму мужу хапіла спіртнога і каб на той момант, калі ваш гаспадар з’едзе, лесвіца была гатовая.
– Менавіта так усё і было, сэр.
– Мы мусім выбачыцца перад вамі, місіс Толер, – сказаў Холмс, – бо вы цудоўна нам усё патлумачылі. А вось і мясцовы хірург разам з місіс Рукасл – думаю, Ўотсан, самы час праводзіць міс Хантэр у Ўінчэстэр: цяперашні наш locus standi[8] падаецца мне даволі сумнеўным.
Так загадка злавеснага дома з ляснымі букамі ля ўвахода была разгаданая. Містэр Рукасл выжыў, але назаўсёды застаўся інвалідам, цалкам залежачы ад клопату сваёй адданай жонкі. Яны дагэтуль жывуць са сваімі старымі слугамі, якія, відаць, ведаюць пра мінулае сваіх гаспадароў столькі, што ў тых няма сілаў даць ім разлік. Містэр Фаўлер і міс Рукасл атрымалі спецыяльны дазвол на жаніцьбу* і павянчаліся ў Саўтхэмптане на наступны ж дзень пасля ўцёкаў, і цяпер ён – дзяржаўны чыноўнік на востраве Маўрыкій. Што да міс Ваялет Хантэр, то, на мой вялікі жаль, Шэрлак Холмс ёй больш не цікавіўся, бо яна перастала быць цэнтрам загадкі. Цяпер яна кіруе прыватнай школай у Ўолсале, без сумневу, паспяхова спраўляючыся з усімі сваімі абавязкамі.
Каментар
Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў ліпені 1891 году ў Strand Magazine.
«…пра паездку ў Адэсу з нагоды забойства Трэпава, расследаванне загадкавай смерці братоў Аткінсанаў у Трынкамалі…» – на жаль, пра ўсе гэтыя справы доктар Ўотсан не пакінуў больш ніякіх звестак. Трынкамалі – горад на востраве Шры-Ланка.
Газаген – позневіктарыянскае прыстасаванне для газавання вады. Складаўся з дзвюх шарападобных ёмістасцяў: у ніжнюю налівалася вада ці іншая вадкасць, у верхняй змяшчалася сумесь віннай кіслаты і бікарбанату натрыю, якія і ўтваралі аксід вугляроду.
Ляпісны аловак – нітрат срэбра, што пачынаючы з XVII стагоддзя выкарыстоўваецца ў медыцыне для прыпякання дробных ран і выдалення бародавак. Пакідае на скуры чорныя плямы, а пры доўгім кантакце – глыбокія апёкі.
Элгаў, Элганіц – выдуманыя аўтарам геаграфічныя аб’екты.
Эгер – у арыгінале аўтар памылкова называе гэты горад Эгрыяй. Маецца на ўвазе чэшскі горад Хеб (Эгер – яго ранейшая нямецкая назва), які знаходзіцца прыкладна за 50 кіламетраў ад Карлавых Вараў.
Альбрэхт фон Валенштайн (1583–1634) – багемскі генералісімус, выбітны палкаводзец Трыццацігадовай вайны. Забіты ў Хебе 25 лютага 1634 году.
Джэймс Босуэл (1740–1795) – шатландскі пісьменнік і мемуарыст, чыя праца «Жыццё Сэмюэла Джонсана» (1791) доўгі час лічылася найлепшай біяграфіяй, напісанай па-ангельску.